(Заканчэнне. Пачатак у №№ 32, 34, 36.)
Сёння здаецца дзіўным, але тады, калі партрэт упершыню з’явіўся на выстаўцы, ён зрабіў настолькі ашаламляльнае ўражанне, што нават буйныя майстры разца засумняваліся: а ці можна так ламаць класічныя традыцыі партрэта? А Мацвей Манізер, той самы ленінградскі настаўнік Бембеля, “жывы класік”, на той час ужо двойчы лаўрэат Сталінскай прэміі, прашаптаў пры сустрэчы аўтару на вуха: “Фармаліст, але малайчына!”.
Праз кароткі час скульптура набыла шырокую вядомасць за мяжой. Англійскія кінарэжысёры, якія здымалі дакументальны фільм пра Вялікую Айчынную вайну, як сімвал непераможнасці савецкага народа ўвялі ў фінал менавіта бембелеўскі партрэт Гастэлы. Яго здымалі проста на выстаўцы: з розных кропак, у розных ракурсах. У гэты ж час артыкул пра скульптуру быў упершыню надрукаваны ў “Вечерней Москве”. Пра яе загаварылі, на яе “хадзілі”. Пазней яна ўвайшла ў праграму ВНУ па гісторыі савецкага выяўленчага мастацтва.
Пасля вайны з аўтарскага гіпсавага асобніка былі зроблены тры бронзавыя адлівы. Адзін з іх па просьбе Алены Аладавай аўтар падараваў Дзяржаўнаму мастацкаму музею БССР, другі ўпрыгожыў Румынскую нацыянальную галерэю ў Бухарэсце, трэці бюст быў усталяваны на мармуровым пастаменце з абеліскам з нержавеючай сталі на Прывакзальнай плошчы горада Мурама Уладзімірскай вобласці Расіі, дзе прайшло юнацтва лётчыка. А потым былі зроблены яшчэ некалькі бронзавых адліваў для музеяў. Павінен заўважыць, што гэтым партрэтам аўтар абагнаў час. І амаль ніхто са скульптараў, якія звярталіся пазней да вобраза Гастэлы і іншых падобных герояў вайны, не пазбегнуў гіпнатычнага ўплыву бембелеўскага твора, у якім гранічна дакладна выказана яго, Бембеля, канцэпцыя вобраза, якую можна вызначыць як героіка-драматычную. Яна прасочваецца не толькі і не столькі ў выбары тэм або мадэляў, а ў іх вобразна-пластычным вырашэнні. У творах яскрава бачны эстэтычныя пазіцыі аўтара, які катэгарычна адмаўляе пасіўнае ўспрыманне рэчаіснасці і перадачу “літаральнай праўды” натуры, будзённага падабенства.
Акрамя партрэта Гастэлы, Бембель у Маскве зрабіў натурныя эцюды беларускіх партызан Фёдара Паўлоўскага, Пятра Калініна, Дзмітрыя Гуляева; эскізныя накіды да будучых кампазіцый “За нашу савецкую Радзіму”, “Клятва”, “Беларускія партызаны”, “Супраціўленне”. А крыху пазней нарадзілася і задума партрэта Аляксандра Матросава.
З гэтай работай адбыўся цікавы выпадак. Скульптуру адлівалі на ленінградскім заводзе “Манументскульптура” ў 1949 годзе. У той час адзін з былых таварышаў Матросава па Іванаўскім дзіцячым доме, інжынер-тэхнолаг завода Уладзімір Кікуль, праходзячы па ліцейным цэху, раптам убачыў гэты партрэт. Здзіўлены вялікім падабенствам, ён усхвалявана ўсклікнуў: “Дык гэта ж Сашка!..”
Бембель далей распавядаў: “Потым я выслаў фотарэпрадукцыю сваёй работы Карыпанавай, былой выхавацельцы дзяцячага дома, дзе рос Аляксандр. Хутка атрымаў у адказ ліст, дзе яна выказвала сваё захапленне не толькі падабенствам, але і глыбокай псіхалагічнай праўдай партрэта. Справа ў тым, што першыя эцюды я ляпіў з сына мастака Івана Ахрэмчыка — Гарыка. У ім я ўбачыў аснову будучага вобраза Матросава. Бо ў мяне, акрамя адной маленькай фотакарткі героя з камсамольскага білета, не было іншага іканаграфічнага матэрыялу.
Калі гаварыць шчыра, то мяне мала хваляваў дакументальны фотаматэрыял пры рабоце над вобразамі таго ж Гастэлы, Матросава, Гуляева. Дарэчы, партрэтны эцюд партызанскага камбрыга Дзмітрыя Гуляева пазней стаў асновай майго помніка яму ў гарпасёлку Старобін Салігорскага раёна. Словам, я натхняўся подзвігамі такіх людзей і імкнуўся адлюстраваць сутнасць таго бясконцага патрыятызму, які ўздымаў на святы і бязлітасны бой. І яшчэ я думаю вось пра што. У кожным сапраўдным творы мастацтва павінна быць свая мелодыя, свая музыка. Гэта не проста прыём пластыкі. Гэта асаблівасць творчага мыслення. Тут і рытм, і лінія, і рух, і прастора, і тонкае пачуццё перспектывы, асабліва важнае ў манументальным мастацтве, і непаўторнасць часу…”
Так, у гэтым увесь Бембель. У яго працах гэтая мелодыя пэўная, яе заўсёды пазнаеш. Мелодыя мужнай праўды часу. Мелодыя, непадуладная капрызлівай хуткацечнай модзе. Менавіта такая мелодыя гучыць у мемарыяле “Брэсцкая крэпасць — герой”, у якім Бембелю належыць ідэя аднаго з найбольш хвалюючых фрагментаў помніка — Галоўнага ўвахода. Яе мы чуем у рэльефе “9 мая 1945 года” на помніку-абеліску на плошчы Перамогі ў Мінску і, канешне, у Кургане Славы.
Бембель, зразумела, належыць свайму часу, і ў яго ёсць творы, якія, як кажуць, “адышлі ў гісторыю” і сучаснага гледача ўжо не хвалююць. Гэта доля, лёс амаль усіх вялікіх творцаў, якія жылі і працавалі ў час эпохі “сацыялістычнага рэалізму”. Ды ўсе гэтыя помнікі, станковыя кампазіцыі і бюсты, прысвечаныя вобразу Леніна і яго паплечнікам, давалі магчымасць мастакам не думаць пра тое, што будзе заўтра з дабрабытам сям’і і блізкіх. Урэшце, нават у сваёй “ленініяне” Бембель ніколі не халтурыў і працаваў са шчырай верай у ідэі марксізма-ленінізма, у камуністычныя ідэалы. Што казаць, камуністам ён быў да мозгу касцей. Не выпадкова ён некалькі гадоў з’яўляўся членам ЦК КП Беларусі. Я вось усё думаю: а ці “ўпісаўся” б Андрэй Ануфрыевіч у наш сённяшні час як мастак і чалавек? Адказу ў мяне на гэты конт няма… Урэшце, тое тычыцца і іншых значных мастакоў, творчасць якіх цалкам выпала на савецкі час.
А што да твораў Бембеля, у тым ліку і “напаўзабытых”, дык скажу так. Навошта ж меркаваць аб мастаку ў цэлым па яго тых творах, якія аб’ектыўна не ўвайшлі ў новую сучасную прастору; меркаваць па яго хібах і слабасцях, а не па характэрных рэчах і лепшых дасягненнях? А такіх дасягненняў, якія застануцца ў нашай культуры назаўсёды, у Андрэя Ануфрыевіча шмат. Жыццё сваё ён пражыў прыгожа, бурна, натхнёна, быў уганараваны высокімі ўзнагародамі і званнямі, выхаваў слаўную плеяду мастакоў.
За што б ні браўся Бембель, ён рабіў гэта з энтузіязмам, з запалам, энергічна. І ў творчасці таксама. Мне ніколі не даводзілася бачыць Бембеля абыякавым да таго, што ён робіць у той ці іншы момант. Вось ён заняты таніроўкай, і, здаецца, менавіта гэты працэс — самы галоўны, самы любімы ім, хаця тое — апошнія штрыхі да скульптуры. І так ва ўсім, што б ні рабіў. Ён ляпіў заўсёды не проста натхнёна — з замілаваннем. Яго псіхалагічныя партрэты Янкі Купалы, Паўла Малчанава, Івана Шамякіна, Сяргея Ліаранцэвіча, Івана Пісарчыка, Рыгора Пукста, Эдуарда Шапко, Марыі Мякінікавай увайшлі ў залаты фонд беларускай нацыянальнай скульптуры. На маіх вачах, напрыклад, ён ляпіў партрэты філосафа Канстанціна Буслава і жывапісца Леаніда Шчамялёва, эскізныя кампазіцыі “Смага” і “Сцяг Брэсцкай крэпасці”, і я ведаю, што гэта такое — “рабіць” сапраўднае мастацтва…
Усё гэта засталося ў маёй памяці, і я вельмі рады, што лёс звёў мяне з такім цудоўным чалавекам…