З надыходам эры лічбавага фота з’явілася яшчэ больш аматараў здымаць сваё асяроддзе, фіксаваць адметныя моманты жыцця. А інтэрнет-сайты даюць магчымасць прадэманстраваць аўтарскія творы шырокай публіцы, абменьвацца вопытам, завязваць новыя знаёмствы.
Аднак за безліччу фотаработ у Інтэрнеце цяжка адсочваць з’яўленне новых імёнаў у фотамастацтве, ды і энергетыку твора няпроста данесці да гледача “он-лайн”. Таму класічны фотаздымак не губляе сваёй актуальнасці і ў ХХІ стагоддзі.
Сярод разнастайнасці сайтаў вылучаецца сайт fotoblog.by, вядомы сярод аматараў лічбавага фота як адзін з самых зручных: тут карыстальнік можа зрабіць першыя крокі ў фотамастацтве, прачытаць водгукі гледачоў. Таму праект “Энергія колеру ад fotoblog.by” невыпадкова прадстаўлены ў прэстыжнай зале Нацыянальнай бібліятэкі.
Выстаўка — вынік стасункаў паміж фатографамі-пачаткоўцамі і знанымі прафесіяналамі. Асноўны злучальны элемент усіх работ — колер. Пры яго дапамозе аўтары перадаюць настрой твораў, робяць акцэнт на цікавым элеменце ў кампазіцыі здымка. Усе фота класіфікаваны паводле дамінавання аднаго з колераў (белы, чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, сіні, чорны) і падзелены на своеасаблівыя блокі, зыходзячы з колераэнергетычных характарыстык.
Наталля КІРПІЧЭНКАВА