Абанемент — гэта класна!

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Яўген БУШКОЎ, заслужаны артыст Расіі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі
Сёлета наш калектыў пашырыў колькасць абанементаў, іх стала чатыры — палова з усіх, якія прапаноўвае філармонія. Раней былі толькі дзённыя, прызначаныя для дзяцей і сямейных наведванняў. У гэтым сезоне далучаюцца яшчэ два вячэрнія, разлічаныя на публіку рознай ступені падрыхтоўкі.

/i/content/pi/cult/552/12058/5-3.jpgЛічу, гэта правільна, калі аркестр звяртаецца да самых розных катэгорый слухачоў, пашырае іх кола. Нельга проста прывесці ў філармонію тых, хто ніколі тут не быў, і вымусіць пакутаваць ад незразумелай ім музычнай мовы. Таму адзін з вячэрніх абанементаў так і называецца — “Для ўсіх”. Пэўна, больш правільна яго называць “Для ўсіх і кожнага”, бо ў той музыцы, якую мы ў яго ўключылі, кожны знойдзе штосьці для сябе асабіста. У першым канцэрце прагучыць кінамузыка і інструментальныя творы Мікаэла Тарывярдзіева. Другі будзе прысвечаны творчасці Яўгена Крылатава, музыка якога папраўдзе разабрана на “крылатыя выразы” і ўжо пачала цытавацца, бы народная. Я знаёмы з ім асабіста і ведаю, як многа ён зрабіў для сістэматызацыі архіва і папулярызацыі творчасці свайго калегі — найталенавітага расійскага кампазітара, народнага артыста Украіны Алямдара Караманава, сярод музыкі якога шмат прысвечанай духоўнай тэматыцы. У трэці вечар мы сыграем творы Астара П’яцолы і Фрыца Крэйслера.

Яшчэ адзін абанемент названы вельмі проста — “Тры вечары з камерным аркестрам”. Але сваю тэматыку і, адпаведна, назву там мае кожны канцэрт цыкла. Першы адбудзецца ўжо 17 верасня і прысвечаны музычнай Італіі, уключаючы творы не самых вядомых у нас кампазітараў: “Незвычайныя прыгоды італьянцаў… па ўсім свеце”. Другі — “Пінья Калада. Лацінаамерыканская ноч”, дзе дырыжор Херарда Эстрада з Венесуэлы адкрые для публікі амаль не вядомы ў нас музычны кантынент. Нарэшце, “Паўночнае ззянне. Балтыйская ноч” з’яднае музыку кампазітараў краін Балтыі і Скандынавіі. Дадатковай разыначкай кожнага канцэрта стане запрашэнне выбітных салістаў: знакамітага расійскага гітарыста Дзмітрыя Іларыёнава, саліста нашай філармоніі, лаўрэата безлічы конкурсаў і ўжо сусветна прызнанага баяніста Уладзіслава Плігаўкі, а таксама майго сына Марка — скрыпача, які апошнім часам жыве ў Бельгіі, і расійскага альтыста Аляксандра Акімава. Увогуле, гэты абанемент амаль цалкам пабудаваны на творах-адкрыццях, бо многія з іх можна суправаджаць рэмаркамі: “упершыню ў Беларусі”.

Працягне наш калектыў выступаць з таленавітымі дзецьмі і падлеткамі (абанемент “Дэбют юных талентаў”), новыя абароты набярэ цыкл “Класіка — гэта класна!”. Там вас чакае “Паядынак двух Ш”, заснаваны на музыцы такіх, здавалася б, стылёвых антаганістаў, як Ёган Штраус і Дзмітрый Шастаковіч. Другі з вечароў будзе прысвечаны санатнасці — і я паспрабую вельмі дэмакратычна растлумачыць тое, што ведаюць хіба спецыялісты. Нарэшце, трэцяя сустрэча пройдзе пад знакам не столькі песні, колькі песеннасці, што намнога шырэй.

Вядома, на кожны з канцэртаў, уключаных у абанемент, можна набываць білеты і непасрэдна перад пачаткам імпрэзы. Але абанемент дае і добрыя перавагі: кошт білетаў застаецца нязменным, ніяк не рэагуючы на хістанні рынку. Дый псіхалагічна вы пачынаеце рыхтавацца да ўсяго цыклу разам, прадчуваючы асалоду ад музыкі. Іншымі словамі, абанемент — гэта класна для ўсіх!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"