Сустрэчы на сядзібе Рэпіна

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Выдатную імпрэзу, а дакладней — дзве ў адзін дзень, зладзілі ў музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна ў Здраўнёве культработнікі і ўдзельнікі мастацкай творчасці Полацкага раёна.

 /i/content/pi/cult/154/1205/Repin.jpg
Музей-сядзіба, які славіцца цікавымі мерапрыемствамі, апошнім часам стаў запрашаць для ўдзелу ў выстаўках у былым дамку аканома таленавітых творцаў з розных мясцін Віцебшчыны. Гэтым жа разам госці з Полаччыны зладзілі ў знакамітай сядзібе не толькі мастацкую выстаўку, але і пастаноўку міні-спектакля, у аснову якога пакладзены факты з ліставання Іллі Рэпіна.
Па дарозе да Здраўнёва палачане — майстры і мастакі раённага Дома рамёстваў, народнага клуба “Майстар” і ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Сустрэча з цудоўным” Зялёнкаўскага СДК — хваляваліся. Але нават надвор’е абяцала ім поспех: калі скончыўся дождж, дык на небе з’явілася, аркай перакінуўшыся цераз дарогу, першая сёлета вясёлка.

З прыездам гасцей ціхая сядзіба ажывілася. Мастакі рабілі экспазіцыю выстаўкі Віктара Жукава, самадзейныя артысты праводзілі рэпетыцыю, руплівыя гаспадыні рыхтавалі стол з полацкімі прысмакамі.

Само мерапрыемства дырэктар музея-сядзібы Аляксей Сухарукаў пачаў з экскурсіі па доме Рэпіна. У маленькай гасцёўні са старым нямецкім піяніна, ля якога больш за стагоддзе таму праходзілі сямейныя канцэрты і спектаклі ў Рэпіных, госці і наведвальнікі селі на лаўкі для гледачоў. Удзельнікі ж літаратурна-музычнага міні-спектакля ажывілі старонкі рамантычнага сяброўства маладой Лізаветы Званцавай і гаспадара Здраўнёва — Іллі Яфімавіча Рэпіна. У якасці рэжысёра і сцэнарыста выступіла кіраўніца аб’яднання “Сустрэча з цудоўным” Наталля Забэла, рэжысёрам і актрысай стала Алена Фёдарава, акцёрамі— Аляксей Зуеў і Павел Стасюкевіч. Музычнае афармленне стварыў сямейны дуэт Зінаіды і Генадзя Лёціных. Пры гэтым жонка выконвала лірычныя песні і рамансы, а муж акампанаваў ёй на гітары. Дарэчы, Лёціны добра вядомы на Віцебшчыне не толькі як аўтары і выканаўцы музычных твораў, але і як народныя майстры: Зінаіда Мікалаеўна займаецца выцінанкай, а Генадзь Віктаравіч — разьбой па дрэве. Прадстаўлены сінтэз літаратурнай, музычнай, сцэнічнай творчасці зрабіў вялікае ўражанне на ўсіх прысутных.

А потым адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі жывапісу Віктара Жукава — аднаго з лепшых мастакоў Полацкага раёна, удзельніка раённых і абласных выставак і фестываляў народнага мастацтва. Жыве Віктар у вёсцы Новыя Гараны, працуе ў мясцовым лясніцтве. Прэзентацыя персанальнай выстаўкі ў сядзібе славутага мастака Іллі Рэпіна— справа не толькі пачэсная, але і адказная для любога творцы. Тым больш прыемна было бачыць, што выстаўка Віктара Жукава натуральна ўпісалася ў інтэр’ер тутэйшай невялікай экспазіцыйнай залы, а краявіды на яго карцінах аказаліся сугучнымі прыродзе гістарычнай мясціны.

Палачане праз смугу стагоддзяў абудзілі творчы дух сядзібы; імпрэзы, якія тут адбыліся, нечым нагадвалі тыя, што ладзіліся пры жыцці Іллі Рэпіна.

А персанальная выстаўка Віктара Жукава ў Здраўнёве працягваецца і чакае наведвальнікаў.

Ніна ФЕДАРЫСТАВА,
галоўны мастак Віцебскага абласнога
метадычнага цэнтра народнай творчасці

Фота Вольгі ГАВЯЙНОВІЧ