“Ярнбомбінг” пад піяніна

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Шукаем “ноу-хау” двух дзён горада
Сёння, 12 верасня, у Мінску і Гомелі адбудуцца галоўныя ўрачыстасці, звязаныя са святкаваннем Дня горада. Але ці не звядзецца агульнагарадское свята да вядомага “Горада майстроў” ці “выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі” з традыцыйнымі выступленнямі калектываў аматарскай самадзейнасці?

Што ж… Прааналізаваўшы праграмы святочных мерапрыемстваў абодвух гарадоў, адразу скажу, што, на першы погляд, многае сапраўды паўтараецца… Так, у гомельскіх ды мінскіх імпрэзах знайшлося месца і “Гораду майстроў”, і “Гораду рамеснікаў”. Таксама ў гарадах над Сожам і над Свіслаччу прагучаць спевы творчых калектываў ды знакамітых выканаўцаў. А завершыцца агульнагарадское свята што ў Гомелі, што ў Мінску традыцыйным святочным феерверкам…

Але ж казаць пра тое, што сёлетні Дзень горада ў абодвух гарадах нічым не адрозніваецца ад іншых значных мерапрыемстваў, было б не зусім слушным. Ці нават зусім не слушым. Бо разнастайных акцый, творчых знаходак і новых ідэй хапае ў арганізатараў святочных дзей…

Напрыклад, беларуская сталіца парадуе не толькі разнастайнымі канцэртамі ды фестывалямі, якія будуць ладзіцца ва ўсіх раёнах горада, але і, сярод іншага, Міжнародным фестывалем гістарычнай рэканструкцыі “Мінск старажытны” ды тэматычнымі кінапаказамі дакументальных фільмаў у многіх кінатэатрах. А ў раёне Камсамольскага возера, на праспекце Пераможцаў, арганізатары запланавалі ўсталяванне вулічнага піяніна, пайграць за якім зможа кожны ахвотны. Не сакрэт, што падобныя “піянінныя” акцыі ладзяцца ў многіх гарадах Еўропы, і тое, што беларуская сталіца не застаецца ўбаку ад агульнасусветнай тэндэнцыі, пагадзіцеся, не можа не радаваць.

Акрамя таго, заўтра, 13 верасня, у парку Чалюскінцаў запланавана правядзенне “Дранік-фэсту” — фестывалю беларускай кухні. Таксама адбудуцца шматлікія культурныя і спартыўныя мерапрыемствы ва ўсіх кутках Мінска, а яшчэ ў гэты ж дзень у горадзе будзе зладжана своеасаблівае сямейнае свята: на бульвары Уладзіміра Мулявіна запануе “ярнбомбінг” пад назвай “Вязаны бульвар”. Гэта, так бы мовіць, яшчэ адзін агульнасусветны культурны трэнд, які прыйшоў у Беларусь з ЗША.

Калі хто не ведае, дык “ярнбомбінг” ці “вязанае графіці” — гэта калі жыхары горада самастойна абвязваюць пражай гарадскія аб’екты: ліхтарныя слупы, агароджы, дрэвы і нават… масты. Так што ў нядзелю ўсе тыя, хто ўмее трымаць у руках спіцы, змогуць прадэманстраваць майстэрства жыхарам і гасцям сталіцы, узяўшы ўдзел у гэтай цікавай і пакуль што даволі новай для беларусаў акцыі. Дарэчы, падобнае ж мерапрыемства будзе зладжана і ў Гомелі, дзе 12 верасня, у цэнтры горада, таксама збяруцца людзі, неабыякавыя да “вязанага графіці”.

Свае культурныя праекты прадставяць жыхарам Гомеля 12 верасня, натуральна, музеі, бібліятэкі ды культурныя цэнтры. А яшчэ вельмі цікавым мне падалося тое, што падчас Дня горада гамяльчанам можна будзе не толькі пабываць на самых розных гарадскіх канцэртах ды фестывалях, але і паглядзець на цікавы гістарычны праект “Упершыню ў Гомелі”. Госці свята ўбачаць гістарычныя рэканструкцыі шэрагу аб’ектаў ўзору XIX — пачатку XX стагоддзяў, якія размяшчаліся раней у горадзе над Сожам.

Такім чынам сучаснікі змогуць па-новаму адкрыць для сябе старадаўнія факты і падзеі з гісторыі Гомеля. Усе гістарычныя аб’екты, сярод якіх першы банк, цырульня, карчма, бровар, а таксама першы ў горадзе палац культуры “Везувій”, дзе колісь выступаў з куплетамі Леанід Уцёсаў, размесцяцца на Кіеўскім спуску, непадалёк ад гарадской набярэжнай.

Натуральна, я згадаў толькі некалькі цікавых ды адметных акцый да Дня горада як у Мінску, так і ў Гомелі. Упэўнены, і ў іншых абласных ды раённых гарадах Беларусі таксама шукаюць і знаходзяць шляхі для рэалізацыі сваіх крэатыўных культурных ідэй ды праектаў, хай сабе нават і з улікам агульнасусветнага вопыту. А што? Гэта таксама трэба рабіць: жывём жа ў цэнтры Еўропы!

Але ж, мабыць, варта не толькі пераймаць чужое, але і ствараць сваё, асаблівае, адметнае і крэатыўнае. Каб пасля ўжо нашы, айчынныя, брэнды і культурныя “ноу-хау” бралі на ўзбраенне ў іншых краінах свету ды піярылі на сваіх святах ды фестывалях. Што ж, магчыма, з цягам часу так сапраўды і будзе... Прынамсі, я ў гэта веру.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"