Ва ўсю іванаўскую

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

— Ва ўсю іванаўскую праду, — жвавенька распавядае мне Яніна Васільеўна Зыль, жыхарка вёскі Востраў Смалявіцкага раёна. Яна незаменная памочніца супрацоўнікаў Дома рамёстваў агратурыстычнага комплексу “Выгода” сельгасвытворчага кааператыва “Першамайскі і Ко”.

 /i/content/pi/cult/154/1204/Majstryha.jpg
— У 15 гадоў я ўжо прала ва-ўсю. Сама малая, а лаўка высокая, сядаючы за калаўрот, да педалі не даставала, дык мусіла была стаяць. Залезу паміж лаўкай і калаўротам, неяк трымаюся і праду. Ва ўсю іванаўскую праду,— жвавенька распавядае мне Яніна Васільеўна Зыль, жыхарка вёскі Востраў Смалявіцкага раёна. Яна незаменная памочніца супрацоўнікаў Дома рамёстваў агратурыстычнага комплексу “Выгода” сельгасвытворчага кааператыва “Першамайскі і Ко”. Тут і стары ткацкі станок Яніны Васільеўны, і калаўрот, і часала, і лапці, і колішні прас.

— А ткала спярша мехавіну, — працягвае яна. — Гэта лёгка, і мне даручалі яе ткаць самастойна. А ўжо над посцілкай працаваць мама дапамагала. Яна ж і вышываць навучыла. Вышыванне ў мяне пайшло зусім лёгка. Мама ў мяне такая была. І тата многа чаго ўмеў рабіць. А я каля іх усяму навучылася. На ўсялякі выпадак. І колькі папрала! Прадзеш, уздумаеш што. Раней жа ўсё ручкамі, ручкамі рабілі...

— А які ўзор на посцілках даўней ткалі?

— Ё колерам чырвоным, ё колерам ружовым, ё колерам бэзавым... Поле светлае і ўсюды кветкі, кветкі. І з квадрацікаў розных малюнак рабілі.

Захавалася ў Яніны Васільеўны посцілка, што маці ткала. Беражліва вынесла, каб прадэманстраваць яе, жанчына. А сваю працу паказала не адразу. Сціплая ўсё ж гаспадыня. Захаваліся ў яе саматканы ручнік і ў чырвоныя квадрацікі посцілка. Потым паказала і сыравіну, з якой ткалі, — лён, яшчэ даўнейшы застаўся. Глядзіць на гэтыя шэрыя валокны сучасны гараджанін і толькі дзівіцца: як у руках вясковых майстрых з іх такія прыгожыя вырабы атрымліваюцца?! Вось і паспрачайся, што чалавек цуды рабіць не здатны.

Юлія ДАВЫДЗІК
Смалявіцкі раён
Фота аўтара