“Славянская надзея”

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Кіраўнік дзяржавы заснаваў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі “Славянская надзея”. Адпаведны ўказ №382 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 8 верасня бягучага года.

Як паведамляецца, спецыяльны прыз будзе ўручацца ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Узнагароду атрымае адзін з удзельнікаў конкурснай праграмы за лепшае ўвасабленне ў творах вакальнага мастацтва славянскай тэмы.

Што да прапаноў па прысуджэнні “Славянскай надзеі”, дык яны павінны ўносіцца на разгляд Прэзідэнта Беларусі Міністэрствам культуры нашай краіны на падставе хадайніцтва дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск”. А сам спецыяльны прыз, згодна з Палажэннем, будзе ўручацца Кіраўніком дзяржавы або ўпаўнаважанай ім асобай на цырымоніі ўрачыстага закрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Выглядае спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Славянская надзея” наступным чынам. Як вынікае з ягонага апісання, гэта вертыкальная дэкаратыўная скульптурная кампазіцыя вышынёй у 450 міліметраў, выкананая з металу і ўсталяваная на гранітным падмурку. У аснове названай скульптурнай кампазіцыі — стылізаваны букет з паліраванай бронзы, які апаясаны стужкай з выбітым надпісам залацістага колеру “Славянская надзея”. На самім букеце замацаваны шар, пакрыты плоскімі сілуэтамі квітнеючых васількоў, зробленыя з паліраванай і таніраванай ліставой латуні, а таксама сілуэт жаўрука — таксама з паліраванай латуні — які лунае над ім.

Скульптура “Славянскай надзеі” замацавана на чорнай гранітнай падстаўцы вышынёй у 30 міліметраў прамавугольнай формы памерам 120 на 120 міліметраў. Менавіта на гэтай падстаўцы і будзе змяшчаецца таблічка, дзе на рускай мове напішуць прозвішча, імя і імя па бацьку лаўрэата, слова “Віцебск”, а таксама год уручэння прыза.

Згодна з палажэннем, у дадатак да спецыяльнага прыза Прэзідэнта Беларусі лаўрэату будзе выдавацца яшчэ і дыплом адпаведнага ўзору, з указаннем поўнага наймення прыза, года яго прысуджэння, а таксама звестак пра ўзнагароджанага. Дыплом гэты будзе падпісаны Прэзідэнтам краіны. Выраб спецыяльнага прыза і дыплома да яго будзе здзяйсняцца за кошт сродкаў, прадугледжаных Міністэрству культуры Беларусі ў рэспубліканскім бюджэце.

Таксама гэтым жа Указам Кіраўніка дзяржавы №382 зацверджаны новыя ўзоры ўзнагародных дакументаў, якія ўручаюцца пры прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Акрамя таго, дакументам прадугледжана пашырэнне пераліку асобаў, якія могуць вылучацца на атрыманне прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” і спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.