Калі гуляць, дык разам!

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Сёння, 12 верасня, у Воранаве распачынаецца V Адкрыты абласны фестываль гульні “Карнавал весялосці”. У ім бяруць удзел 15 самадзейных калектываў Гродзеншчыны, якія займаюцца не толькі адраджэннем мясцовых культурных традыцый, але і з улікам часу ствараюць аўтарскія гульнёвыя праграмы. Воранаўшчыну на “Карнавале…” прадстаўляюць народная студыя гульні “Воранаўскія пацехі” і ўзорны тэатр-студыя “Гульнёвы кірмаш” з вёскі Пагародна.

Ірына Камінская, дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, распавядае:

— Фестываль, які ўпершыню прайшоў у 2003-м і ладзіцца цяпер раз на тры гады, — унікальны і, дарэчы, адзіны ў такім родзе па рэспубліцы. Ці ведаеце вы, што элемент гульні, конкурсу прысутнічаў калісьці ці не ў кожным беларускім абрадзе? Да прыкладу, “Воранаўскія пацехі”, якімі я кірую, за аснову адной з праграм узялі традыцыйную вясельную гульню, якую насыцілі сучаснымі гумарыстычнымі матывамі. Фанабэрысты малады, збіраючыся ў сваты, абвяшчае сярод кандыдатак у нявесты конкурс на вядзенне гаспадаркі, выкананне прыпевак і валоданне рамяством. Такім чынам выбіраецца самая клапатлівая, спеўная і творчая. Гульня — старадаўняя, але выконваем яе ў сучасным і, як падаецца, актуальным перастварэнні…

Сёння фестываль адкрываецца на гарадскім стадыёне. Гэта — галоўная сцэна свята. Не абыдзецца без пярэстага ды вясёлага карнавальнага шэсця. І адразу распачнецца конкурс гульнёвых праграм. Як і заўжды, пераможцаў чакаюць тры месцы. Конкурсных намінацый — вельмі шмат. Адсочваюцца артыстызм, рэжысура, узровень прапаганды беларускіх традыцый, уменне выкарыстаць мясцовы матэрыял, якасць тэатралізацый, іх аўтарская індывідуальнасць... Словам, за пятнаццаць хвілін трэба ўзняць настрой і журы, і гледачам. А для гэтага вельмі пастарацца неабходна.

— У мінулы раз трэцяе месца на фестывалі атрымаў наш “Гульнёвы кірмаш”, — працягвае Ірына Вітольдаўна. — Была паказана гульня з абрада “Уваходзіны”. Дзеці на хуткасць засцілалі ходнікі (дыванкі), складалі дровы ў касцёр. Вы пабачылі б, як гарэзліва і непасрэдна праходзіў гэты конкурс!..

Увечары Гродзенскі абласны цэнтр народнай творчасці прэзентуе на нашым фэсце музычны праект “Ведай нашых!”. Выступіць і мінскі тэатр “ІнЖэст”. Заўжды цікава параўнаць узровень гульні сталічнай і раённай.

А на летняй эстрадзе гарадскога парка цягам дня працуе дзіцячая гульнёвая пляцоўка, распачнецца дыскатэка для падлеткаў. Свой спектакль прапануе Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек з Дзятлава. У парку будзе працаваць выстаўка кветкавых пано “Карнавал весялосці — свята прыгажосці”. Увечары ўсіх чакае лазерная танцавальна-забаўляльная шоу-праграма…

— Вельмі хочацца, каб наш гульнёвы фэст набыў у перспектыве статус рэспубліканскага, — дадае суразмоўца. — Цудоўна ведаю, што самадзейныя калектывы беларускай гульні ёсць не толькі на Гродзеншчыне. У першыя гады правядзення “Карнавала весялосці” да нас прывозілі свае гульні калектывы з Брэстчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны. З цягам часу ўдзельнікаў паменела. Замінае, натуральна, не адсутнасць пераканаўчай рэкламы (з гэтым усё выдатна!), а хранічны недахоп фінансаў. Між тым, “Карнавал весялосці” для таго і прызначаны, каб яднаць суседзяў з дапамогай добрага гумару і сваяцкай прыязнасці. Дык няўжо праблема так і застанецца невырашальнай?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"