За высокія дасягненні

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікую групу грамадзян дзяржаўнымі ўзнагародамі за высокія дасягненні ў вытворчай і сацыяльна-культурнай сферах, значны асабісты ўклад у вырашэнне задач эканамічнага развіцця, заслугі ва ўмацаванні абароназдольнасці краіны. Адпаведны Указ падпісаны 18 сакавіка.

Высокім прызнаннем дзяржавы была адзначана і праца шэрагу дзеячаў культуры.

Дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока і пісьменнік Анатоль Сульянаў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Медалём “За працоўныя заслугі” адзначаны работнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, сфер адукацыі і культуры, медыцыны, дзяржслужачыя.

Медаля Францыска Скарыны ўдастоены супрацоўнікі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — вядучы рэдактар Маргарыта Касымава і намеснік дырэктара Тэатра-студыі кінаакцёра Ніна Шукан.

Гэтай жа ўзнагародай адзначаны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, рэжысёр-пастаноўшчык канцэртных праграм ТАА “Гольд мьюзик.ру” (Масква) Сяргей Пятроў.

Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” прысвоена кіраўніку народнага хору Морацкага сельскага дома культуры Клецкага раёна Яўгеніі Піліпеня.

 

Паводле паведамлення Прэс-службы
Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь