Крокі “Глебаўкі”

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

У мастацкім асяродку “Глебаўку” (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава) прынята лічыць своеасаблівымі “падрыхтоўчымі курсамі” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з той прычыны, што значная колькасць выпускнікоў каледжа імкнецца працягваць адукацыю менавіта ў гэтай ВНУ. Адпаведна навучальны працэс ў “Глебаўцы” ладзіцца з улікам такой перспектывы. Акадэмія для каледжа і ўзор, і маяк. Адпаведна, калі Акадэмія робіць нейкія карэктывы ў методыцы навучання, гэта рэхам аддаецца ў “Глебаўцы”. Калі пэўную разняволенасць сваім студэнтам на стадыі работы над дыпломам дазваляе Акадэмія, дык тое ж робіць і Мастацкі каледж. Гэта добра відаць па выстаўцы дыпломных работ “Глебаўкі”, што зараз праходзіць у галерэі “Універсітэт культуры”.

/i/content/pi/cult/551/12027/8-4.jpgЯна называецца “Чатыры крокі”, бо навучанне ў каледжы чатырохгадовае. І вучаць тут па чатырох спецыяльнасцях — жывапісе, скульптуры, дызайне і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Акрамя таго, у экспазіцыі і работы прадстаўлены апошніх чатырох гадоў.

Са згаданых спецыяльнасцей, па якіх у каледжы рыхтуюць творчыя кадры, я вылучыў бы жывапіс як найбольш праўдзівы паказчык прафесійнага ўзроўню. Калі мастак сам-насам з палатном, адразу відаць, чаго ён варты як рамеснік, і на што ён реальна здольны як майстар. Тут не прыкрыешся арыгінальнасцю канцэпцыі, як гэта магчыма ў дызайне; не спашлешся на спецыфіку стылістыкі, як у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве; не схаваешся за размытасцю мяжы паміж “скульптурай” і “пластыкай”. У рэалістычным жывапісе (а менавіта такому вучаць ў каледжы) адразу відаць, умее мастак маляваць і працаваць з колерам ці не. Да гонару “Глебаўкі”: жывапіс ў экспазіцыі насамрэч прыстойны. Сярод прадстаўленых работ запомнілася добрым малюнкам, упэўненым мазком і дынамічным спалучэннем колераў шматфігурная кампазіцыя “Паляванне князёў” (аўтар Д.Пунтус). Гэтая і іншыя карціны, сярод якіх і звыклыя рэалістычныя краявіды, і сюжэтныя палотны этнаграфічнай і сацыяльнай накіраванасці, і псіхалагічныя практыкаванні, даюць ўяленне пра ступень творчай свабоды ў межах навучальнага працэсу. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў добра відаць на якія ўзоры, на якія постаці ў мастацтве арыентуецца вучань. Для адукацыйнага працэсу гэта рэч звычайная. Тым больш, ад пачаткоўца ў мастацтве, беручы да ўвагі ягоны невялікі сацыяльны і творчы досвед, чагосьці надзвычайнага і не чакаюць.

Дыпломныя работы дызайнераў — выхаванцаў каледжа, на маю думку, па ўзроўні не горшыя за аналагічныя работы дыпломнікаў недзяржаўных ВНУ. У якасці прыклада згадаю прадстаўленую ў экспазіцыі распрацоўку рэкламна-сувенірнай прадукцыі да 90-годдзя Бярэзінскага запаведніка (М. Зазулінская). Аўтар ідзе пратораным у гэтай тэматыцы шляхам: спалучае этнаграфічныя матывы з расліннымі. Гэта прымальны варыянт, хіба што гэтая распрацоўка не будзе асабліва вылучацца з шэрагу падобных.

Увогуле, у дызайнерскіх распрацоўках вучняў каледжа адчуваецца ці то брак праектнай методыкі, ці то свядома абранае следванне ўсталяваным стэрэатыпам. Дапускаю, што сярод навучэнцаў “Глебаўкі” ёсць асобы з іншай ментальнасцю — схільныя да эксперыменту рызыканты. Але ў дадзенай экспазіцыі іх не заўважыў.

Па экспазіцыі я не зразумеў, дзе заканчваецца скульптура, а дзе пачынаецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Кампазіцыя з аргшкла і каменю “Разам назаўсёды” (В.Ламака) і аб’ект з дрэва “Пецярбург Дастаеўскага” (І.Сілакова) — гэта новае слова ў скульптуры альбо спроба выйсці за звыклыя межы дэкаратыўна-прыкладной сферы? Таксама не ведаю, да якой сферы аднесці модульную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю “Дзюны” (Т.Есьман). У любым выпадку, гэта цікава. Традыцыйная пластыка прадстаўлена збольшага ў пластыліне. На выстаўцы такі матэрыял успрымаецца не надта сур’ёзна.

Зрэшты, выстаўка, што ілюструе: у якасці “падрыхтоўчых курсаў” Акадэміі мастацтваў “Глебаўка” планку трымае. І яшчэ. Імёны аўтараў работ варта ўсё ж пазначаць. Бо часам нельга нават сказаць, хлопец ці дзяўчына прапаноўваюць пэўны твор. А гендэрны складнік аналізу, мяркую, сям-там мог бы аказацца цікавым...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"