Аўдыя & Відэа-18

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Жнівеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявачка Вольга ПЛОТНІКАВА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/551/12026/8-3.jpg

Аўдыя

Гурт “NABR”, альбом “Наша аўтаномная баявая ракета”

A.: Наколькі добрым і шматабяцальным было ўражанне ад уступу першага трэка "Аліса", настолькі моцным аказалася расчараванне з надыходам куплета. І зноў — моцны прыпеў... Дваістае меркаванне. І ўсё ж надзея на лепшае ў наступных кампазіцыях. Але — не, і далей не моцна ўразіла. Мітусліва, “нясмачна”, а яшчэ і наяўнасць у тэкстах непадцэнзурных словаў. Для мяне такое недапушчальна. Можа, для кагосьці гэта цікава і жыццёва, але я не стала б слухаць падобную музыку. Манатонная псіхадэліка, якая асабіста ў мяне пакінула вельмі цяжкі асадак і адчуванне безнадзейнасці. А я хачу атрымліваць ад музыкі задавальненне і жаданне жыць!

B.: Фразу “Аліса, міелафон у мяне!” з серыяла “Госця з будучыні” ў свой час выдатна абыграла каманда “ТТ-34”. Выйшла гэта ў трэшкоравых гамяльчан, натуральна, драйвова-брутальна. У калектыву “NABR” з Брэста з драйвам у кампазіцыі “Аліса”, якая адкрывае рэлiз, таксама ўсё ў парадку — у меру, столькі, колькі і было неабходна танцавальнаму лірычнаму нумару з рэчытатывам у куплетах. У далейшым структура дарожак застаецца практычна нязменнай: з абавязковым рэчытатыў-куплетам; гукавы напор у нейкіх трэках больш акцэнтаваны, у іншых — менш. Тэксты — пра тое, што напаўняе і перапаўняе жыццё сучаснага чалавека дапенсiйнага ўзросту. З безумоўных плюсаў — адвязныя аранжыроўкі, смачныя, разумныя (як у песні “Саня”, напрыклад). Годны ўвагі альтэрнатыўны рок.

Гурт “2morrow2late”, міні-альбом “Alive”

А.: Вельмі добрае ўражанне засталося ад праслухоўвання гэтага сінгла. Добры шчыльны саўнд, добра выгучаныя гітары, і чуваць, што музыканты вельмі сыграныя. Усё на годным узроўні, але, калі ўжо зусім прыдзірацца, то я звярнула б увагу на вакальныя партыі і лідар-вакал. Галасавыя пачкі не заўсёды ідэальна “будуюць”, хоць шматгалоссе гучыць цікава, месцамі нагадваючы “Queen”. Менавіта шматгалоссе дадае музычным творам пэўны шарм і вылучае гурт з шэрагу многіх. Меладычная музыка з прыгожай гармоніяй робіць гэты, даволі “цяжкі”, калектыў, прывабным для мяне.

В.: Два нумары ад аднаго з самых цікавых англамоўных гуртоў Мiнска. Загалоўны трэк — нібы саўндчэкавая рэч, самаразагрэў перад стадыённым сэтам ансамбля, хард-рокавая, лянівая, але з нацягнутым гумовым жгутом нервам. Другая — “Gravity” — не гэтак адносна меладычная, у адрозненне ад папярэдняй кампазіцыi, менш агрэсіўная, але пад радыёфармат не патрапляе. Каманда з ліку тых, хто рэальна можа разгойдваць тысячную пляцоўку: ёсць рэпертуар, уменне спяваць і граць, харызма. Толькі слухачоў няма ў такой колькасці, тых, хто падабаў бы, як беларусы спяваюць на замежных мовах. І няма прадзюсара з грашыма, гатовага рызыкнуць. А таму — згіне калектыў у клубах у бліжэйшую пяцігодку, як піць даць.

Гурт “Teleport”, альбом “Maukliva”

A.: Вельмі цікавае, новае для мяне гучанне. Незвычайная падача матэрыялу, беларуская мова (шкада, што не ва ўсіх песнях) — відавочныя плюсы альбома. З задавальненнем занурылася ў музычную атмасферу “Teleport”. Нешта касмічнае прысутнічае ў гэтай музыцы. Вельмі камфортна і лёгка кладзецца на вуха, хай і мае нестандартную форму ды нязвыклае аб’ёмнае гучанне. Адчуваецца зладжанасць каманды, дзе і інструменты, і вакал гучаць гарманічна, хоць, дапускаю, гэта стала магчымым дзякуючы працы прафесійнага гукарэжысёра, які стварыў канчатковы саўнд праекта. Неадназначнае меркаванне пакінула пара трэкаў: “Teleport” і “Svietlavy Hod” — какафонiя. Хоць і такое можа мець месца. Напэўна. Магчыма, яны змаглі б стаць, да прыкладу, трэкамі да некаторых сцэн баевікоў або фантастычных фільмаў. Мабыць, гэтыя кампазіцыі я слухаць не буду, а вось астатнія з задавальненнем вазьму сабе ў плэйліст.

B.: Што адразу прыцягвае ўвагу ў гэтай англа- і беларускамоўнай рабоце — аб’ёмнае гучанне, якое айчынныя музыканты выкарыстоўваюць вельмі рэдка: быццам песні нізка плывуць у недалёкім небе над зямлёй. Дасягаецца гэты эфект вельмі "празрыстым" інструментарыем, “пастэльнымі” вакаламi і шматгалоссем, марудлівай мелодыкай. Прыгожа! Кранае душу, сэрца, галаву і слых! Здаецца, што вось-вось усё павінна ператварыцца ў нейкі спектакль (да канцэптуальных музычных палотнаў гурт слабасць мае), але чагосьці не стае. Можа, паўзы паміж трэкамі таму віной, і іх варта было б запоўніць кампазіцыямі без слоў? І — у дадатак — абмежавацца толькі адной мовай? Адзначу песню “Bely Sum”, першая частка якой просіцца стаць хітовай, але “спекулянтамі” ад рок-н-ролу музыканты праславіцца не хочуць, а таму ўскладнілі дарожку максімальна гарманічна і ператварылі яе ў шматхвiлiннае музычнае кiно, якое складаецца з некалькіх “серый”.

Відэа

Гурт “Trubetskoy”, кліп на песню “Завяршаецца гульня”

А.: Кліп пакінуў дзіўны і даволі непрыемны паслясмак. Ці то ад частай змены малюнкаў, якія чаргуюцца з кадрамі-напамінкамі пра лепшыя часы любімага многімі гурта “Ляпіс Трубяцкі”, ці то ад агульнага настрою песні і прадстаўленага відэашэрагу. Прагледзела работу некалькі разоў, але так і не зразумела, што хацелі сказаць ды паказаць аўтары, а некаторыя кадры выклікалі нават унутраны пратэст і абурэнне. Хоць, можа, гэтага і дамагаліся стваральнікі відэа, каб не пакінуць гледача абыякавым. Здалося, што хлопцы хочуць правесці паралель з творчасцю “Ляпіса Трубяцкога” (кадры ў кліпе, тэкст песні), але асабіста для мяне іх творчасць (гурта “Trubetskoy”) ужо зусім іншага фармату. Чакала большага і ад песні і ад роліка.

В.: "Гэтым крэслам майстар Гамбс пачынае новую партыю мэблі”, — напісалі класікі ў рамане “Дванаццаць крэслаў”. А гэтым кліпам гурт “Trubetskoy” развітаўся са сваім мінулым, у якім вялікая частка яго ўдзельнікаў выступала пад назвай “Ляпіс Трубяцкі”. “Наша п’еса — драма, наш фінал — ганьба”, — спявае лідар-вакаліст Павел Булатнікаў. Я не быў бы гэткім катэгарычным, як аўтар гэтай кампазіцыі Аляксандр Ролаў, якi ў сярэдзіне 1990-х граў у тады яшчэ не культавым калектыве. Менавіта Ролаў канстатуе, што “так крыўдна, так недарэчна завяршаецца гульня”. На мой погляд, гледзячы з цяперашняй званіцы, у цэлым гістарыяграфія каманды адносiцца, хутчэй, да жанру “трагікамедыя”, якая скончылася, як мне бачыцца, чакана і заканамерна менавіта так, а не інакш. А наогул, “прывітанні” Сяргею Міхалку рассыпаныя ў тэксце шчодра, як і фрагменты творчай жыццядзейнасці “ляпісаў” у роліку. Сумная песня, настальгічна рванае відэа. “Захапіўся барацьбой і бегам”, — пяе Булатнікаў пра былога сябра. Што ж, чакаем адказу ад Міхалка. За ім не заржавее: батл працягнецца, перакананы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"