Каралева з князёў Друцкіх

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Гісторыя палаца ў Шчучыне з'яднана са знакамітай Соф’яй Гальшанскай- Друцкай і яе родам
Зямля, на якой нарадзілася, доўгі час жыла і адкуль пайшла ў вялікі свет княжна Соф’я Гальшанская-Друцкая — будучая польская каралева, жонка князя і караля Ягайлы, дала шмат выдатных асоб, якія праславілі не толькі беларускі народ. Гаворка пра старажытны Друцк.

Запіс у Друцкім Евангеллі XIV стагоддзя пра тое, што “в лето 6509 (1001) створена бысть церкви сия святая Богородица вь граде во Дрютьсце...”, а таксама сведчанні археалагічных даследаванняў дазваляюць сцвярджаць: старажытны Друцк існаваў у X стагоддзі. Заўважым: вынікі апошніх раскопак пацвердзілі высновы расійскага гісторыка, акадэміка Міхаіла Ціхамірава адносна даты заснавання Друцка, зробленыя ім на падставе вывучэння тэксту Друцкага Евангелля. Вучоны падкрэсліваў, што, у адрозненне ад суседняга Смаленскага княства, Полацкая зямля мела шэраг буйных гарадоў. Да ліку найбольшых, поруч з Полацкам, ён адносіў Друцк, Віцебск, Мінск. Да ўсяго, Друцк, які праз выгаднае геаграфічнае становішча (размешчаны амаль на 200 км бліжэй да Кіева, чым Полацк) мог стаць піянерам у хрысціянізацыі дняпроўска-дзвінскага краю.

Спецыялісты сцвярджаюць, што першая царква ў Друцку была драўлянай. Магчыма, яна мела адзін купал, а падлога яе была выслана керамічнай пліткай. Першыя вядомыя мураваныя храмы ў Паўночна-Заходняй Русі пабудаваны ў сярэдзіне XI стагоддзя. У многіх гарадах, у тым ліку і ў Смаленску (мураваны храм Багародзіцы пабудаваны ў 1101 г.), яны ўзніклі значна пазней. Шэраг фактараў дазваляе сцвярджаць, што ў XI стагоддзі ў Друцку ўжо магло існаваць некалькі драўляных цэркваў (гэта ўскосна пацвярджаюць даследаванні сучасных археолагаў) і склаліся даволі моцныя хрысціянскія традыцыі, асабліва ў асяродку знаці. Многія выхадцы з Друцкай зямлі сталі руплівымі зберагальнікамі хрысціянскіх каштоўнасцей. У першую чаргу, гэта Звеніслава — дачка князя Барыса, траюрадная сястра і бліжэйшая памочніца Ефрасінні Полацкай, а таксама малодшая дачка Рагвалода Барысавіча — Ефрасіння, якая ў часы Аляксандра Неўскага стала захавальніцай праваслаўя Заходняй і Паўночна-Заходняй Русі.

Што да каталіцызму, то найбольш аўтарытэтнай асобай сярод выхадцаў з гэтага краю, без сумнення, быў унук Соф’і Гальшанскай-Друцкай Казімір, кананізаваны ў 1522 годе. У наш час святога Казіміра шануюць як апекуна беларускіх зямель у многіх рэгіёнах Беларусі. Асаблівай павагай ён карыстаецца на Гродзеншчыне, дзе кожны год 4 сакавіка ў каталіцкіх храмах ладзяць адмысловую імшу ды святы яго памяці.

Палітычная ж гісторыя старажытнага Друцка і Друцкага княства пачынаецца з XI — XII стагоддзяў. У значнай ступені гэта гісторыя звязана з барацьбой, якую вялі Полацк і Кіеў, а потым Смаленск, Друцк і Мінск за палітычнае першынство на землях, дзе ўжо да таго часу жылі славяне-крывічы. Як лічыў Леанід Аляксееў, у XI — XII стагоддзях Друцк “быў роўнавялікі Мінску і пераўзыходзіў Віцебск” і да 1508 года юрыдычна заставаўся сталіцай удзельнага княства (фактычна — да сярэдзіны XVI стагоддзя).

У войнах загінулі многія мужчыны друцкага і іншых княжацкіх радаў. Разам са смаленцамі і палачанамі, дручане мужна змагаліся пад Грунвальдам і ў іншых бітвах. Летапісы сведчаць, што тамтэйшая дружына на чале з князем Глебам адважна змагалася супраць Мамаевай арды на Куліковым полі ў складзе перадавога палка рускіх войск. Напэўна, на родныя берагі Друці адтуль вярнуліся нямногія з воінаў. А гісторык Кастусь Тарасаў мяркуе, што, дручане, адбіваючы самы цяжкі першы ўдар, палеглі на полі бою ўсе. Вялікіх страт каштавала дручанам і бітва з татарамі на Ворскле (прыток Дняпра) на рубяжы XIV — XV стагоддзяў. У бітве загінулі трое з чатырох сыноў князя Дзмітрыя Сямёнавіча і большая частка дружыны. Адзіны сын гэтага князя Сямён Дзмітрыевіч і яго сястра Аляксандра сталі заснавальнікамі вядомых у Еўропе дваранскіх родаў, а іх сваячка Соф’я — каралеўскай дынастыі.

Бітвы 1380 і 1399 гадоў мелі для дручан агульную трагічную асаблівасць: у іх загінулі практычна два пакаленні мужчын (бацькі і сыны). Праз тыя акалічнасці пра сябе заявілі жанчыны з друцкай зямлі. Лёс наканаваў стаць найбольш вядомай з іх Соф’і Гальшанскай-Друцкай, якая нарадзілася на мяжы XIV — XV стагоддзяў. 24 сакавіка 1422 года ў фарным касцёле Навагрудка адбыўся шлюб Соф’і з каралём Польшчы Ягайлам, а праз два гады — яе каранацыя ў Кракаве. Пазіцыі каралевы значна ўзмацніліся пасля каранацыі старэйшага сына Уладзіслава ў 1434 годзе і выбрання малодшага сына Казіміра вялікім князем літоўскім у 1440 годзе. У гэты час значэнне князёў Друцкіх, як сведчаць крыніцы, было сапраўды істотным.

Князі Друцкія і іх нашчадкі (па жаночай лініі) Сапегі з’яўляліся ўдзельнікамі ўрадавых і іншых значных мерапрыемстваў у ВКЛ і Польшчы. Больш за два дзесяцігоддзі ў 1470 — 1480-я пісарамі гаспадарскімі (вялікакняжацкімі) у сына Соф’і Казіміра былі князі Багдан Сямёнавіч і Іван Сямёнавіч Сапегі — пачынальнікі дзвюх галоўных галін роду Сапегаў. Паводле ўказання Соф’і Гальшанскай-Друцкай у Вільні з’яўляецца ў 1441 годзе Евангелле з Друцку, а дарадцамі ў 14-гадовага вялікага князя становіцца Аляксей і іншыя людзі, якія мелі падтрымку з боку каралевы-маці або былі яе сваякамі. У 1475-м яшчэ адна друцкая князёўна, Фядора Друцкая-Саколінская, з’явілася ў стольнай Вільні. Яе мужам стаў пісар вялікага князя Казіміра Багдан Сямёнавіч Сапега. Унук Фядоры і Багдана Іван Іванавіч Сапега і князёўна з Друцка Багдана Друцкая-Саколінская далі жыццё знакамітаму Льву Сапегу, які ад бацькоў атрымаў у спадчыну не толькі населеныя пункты колішняга Друцкага княства, але і герб, традыцыі князёў.

Родны брат Багдана Сямёнавіча Сапегі (прадзед Льва Сапегі) Іван пасля пасады пісара ў вялікага князя Казіміра тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. Іван Сямёнавіч Сапега, які быў паслом ВКЛ у Маскве, меў сына Паўла Іванавіча, які ажаніўся з Аленай Гальшанскай. Такім чынам, Павел Сапега і яго нашчадкі сталі спадкаемцамі і князёў Друцкіх, і князёў Гальшанскіх. Унук жа Паўла Іванавіча князь Павел Стэфан Сапега (1565 — 1635), які быў падканцлерам ВКЛ, вядомы яшчэ і тым, што пабудаваў у Гальшанах новы замак і касцёл (частка саркафага, зробленага на загад Паўла Стэфана, у наш час захоўваецца ў Музеі старажытнай беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).

У 1508 годзе адразу некалькі прадстаўнікоў Друцкіх-Азярэцкіх, якія ўдзельнічалі ў паўстанні Міхаіла Глінскага, прынялі маскоўскае падданства. Неўзабаве іх багаты ваенны вопыт спатрэбіўся. Адным з першых перайшоў на службу да Івана Каліты друцкі князь Іван (1340 год). У XV стагоддзі працэс узмацніўся. Напрыклад, у 1454 годзе князь Сямён Друцкі кіраваў маскоўскім войскам (быў на пасадзе ваяводы) у бітве з татарамі на рацэ Ака. На мяжы XV — XVI стагоддзяў, калі друцкія князі “крест целовали, что им служити великому князю московскому”, наступіў канец іх вольніцы, а разам з тым заканчвалася гісторыя ўдзельнага Друцкага княства. Ужо ў 1531 — 1543 гадах Дзмітрый Юр’евіч Друцкі кіраваў абаронай супраць татар на рацэ Угра. А найбольш вядомым з дзеячаў новага часу з’яўляўся князь Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі, які вызначыўся ў час паходаў Аляксандра Суворава ў Італію і Швейцарыю. Дарэчы, пазней Францішак Ксаверы прадэманстраваў яшчэ і дзяржаўны розум, стаўшы часовым гродзенскім губернатарам (1816), а потым польскім міністрам фінансаў. Князь увайшоў у гісторыю не толькі як улюбёнец расійскіх імператараў і праціўнік іх найбольш рэакцыйных падначаленых, але і як стваральнік Нацыянальнага банка Польшчы (1828), смелы рэфарматар, хаця быў рашучым праціўнікам рэвалюцый у развіцці грамадства.

Ды пра Францішка Ксаверыя, як і пра многіх з друцкіх князёў, якія здзейснілі ратныя і іншыя подзвігі і былі ўнесены ў імянныя кнігі дваранства, несправядліва забылі. Але тое, што ягоны шчучынскі палац адкрываецца пасля рэстаўрацыі акурат у Дзень беларускага пісьменства, дае спадзяванне і на большую ўвагу як да гэтай гістарычнай асобы, так і да ягонай зямлячкі — каралевы Соф’і Гальшанскай-Друцкай.

Рыгор ЛЯНЬКЕВІЧ, Вольга СТАШКЕВІЧ, навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі