У кемпінгу са смокінгам

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Уладзімір АВАДОК — кіраўнік оперна-сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік тэатра “Галерэя”. У ліпені гэтага года ён стаў асістэнтам італьянскага дырыжора, кіраўніка тэатра “La Scala” у 1986 — 2005 гадах, кіраўніка Чыкагскага сімфанічнага аркестра, ганаровага дырэктара Рымскай оперы Рэкарда Муці.

/i/content/pi/cult/550/12011/13-3.jpg

Уладзімір Авадок.

— Раней мне даводзілася стажыравацца ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі ў прафесара Аляксандра Аляксеева, удзельнічаць у майстар-класах Коліна Мэтэрса ў Вільнюсе і Юрыя Сіманава ў Маскве, — кажа Уладзімір Авадок. — Гэта добры вопыт, і без яго, упэўнены, я не прыйшоў бы да асістэнтуры ў сусветна вядомага музыканта. Таму імкнуся знаходзіць магчымасці, і Інтэрнэт, на шчасце, дапамагае. Гэтым разам на заяўку са звычайным пакетам дакументаў (рэзюмэ, відэа ды сёе-тое іншае) прыйшоў водгук: мяне адабралі ў лік удзельнікаў майстар-класа ў рамках Італьянскай опернай акадэміі, дзе будзе ставіцца опера Джузэпэ Вэрдзі “Фальстаф”.

Ці стану я актыўна ўдзельнічаць у пастаноўцы альбо змагу толькі назіраць за працай іншых дырыжораў, я меў даведацца пасля праслухоўвання і гутаркі з маэстра ў Італіі. Пасіўны ўдзел пацягнуў бы і дадатковыя выдаткі, паколькі ён каштуе 800 еўра. Таму я рыхтаваўся да ўсяго: шукаў, дзе б размясціцца на 20 дзён, як штодня дабірацца да горада Равэна і Тэатра Аліг’еры, у якім рыхтавалі оперу. І лепшым варыянтам аказаўся пераезд 10-кіламетровай адлегласці на аўтобусе, а начлег — ва ўласным намёце ў кемпінгу на Адрыятычным узбярэжжы. У мэтах эканоміі я спрабаваў і на ролікі ўстаць, і пешшу больш хадзіць. Але трэба было берагчы сілы на шматгадзінную працу ў тэатры. Маэстра надаваў даволі шмат часу кожнаму з актыўных удзельнікаў. Мы мелі магчымасць праводзіць рэпетыцыі пад яго наглядам, а таксама сачыць за працай самога Муці.

Маэстра вонкава выглядае сурова, аскетычна і пакідае ўражанне патрабавальнага, дзелавога чалавека. Ён легендарная асоба, таму шмат функцый перакладае на сваіх памочнікаў. Балазе вакол яго стварылася моцная каманда. Пры бліжэйшым жа знаёмстве ён адкрываецца як добразычлівы, усмешлівы, вясёлы, той, хто любіць гумар. Гэта не перашкаджае яму дасягаць патрэбнага выніку і арганізоўваць працу. А самы галоўны ўрок ад Муці — яго прыклад. Тое, што ён паказаў, як існуе, чым жыве, як ставяцца да справы дырыжоры найвышэйшага пілатажу. Гэта немалаважна: трэба ведаць, да чаго імкнуцца. А па тэхніку туды ніхто не ехаў: па майстар-класах займаюцца найперш мысленнем і музыкай.

Вядома, калі ведаеш мову, можна больш поўна выказаць сваю думку, параўнаць з чымсьці, правесці аналогіі. Інакш даводзіцца спадзявацца на сваю музычнасць, жэст — на агульназрузумелую музыкантам мову. Дзесьці мы можам наспяваць. Ведаеце, якая прафесійная падрыхтоўка папярэднічала паездцы? Акрамя вывучэння оперы, чытання шэкспіраўскіх п’ес, даслоўнага перакладу лібрэта, слухання розных запісаў, я браў урокі італьянскай мовы: майстар-клас вёўся на ёй. Але, на шчасце, амаль усе сёння размаўляюць па-англійску. Гэта ратуе.

Мяне здзівіла выказванне дырэктара аркестра пра тое, што як толькі я даў ауфтакт на першым выпрабаванні, аркестр загучаў “з уласцівым рускай музыцы гукам”. Гэта шырокі, напоўнены, запамінальны гук, можа, не такі філігранна-лёгкі, як звычайна тое бывае ў еўрапейцаў. І сам я чуў, як адрознівалася гучанне пад палачкай тайваньцаў, немцаў, італьянцаў. У азіятаў адчуваецца некаторая арыентальнасць, інтанацыйная пластычнасць, жанчыну-дырыжора можна распазнаць па гуку. Усяго ж у актыўнай групе нас было чацвёра (заявак жа прыйшло больш за 200).

Напрыканцы майстар-класа маэстра некалькі разоў сказаў, што адносіны стажораў з ім на гэтым не заканчваюцца. Ён хацеў бы мець кантакты ў далейшым, і мы можам разлічваць на яго падтрымку.

Занатавала Алена БАРЭХАВА