Рэкламны агент... Андрэй Лабановіч

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Сёлета Навагрудская раённая бібліятэка праводзіць акцыю “Моладзь ЗА кнігу і чытанне”, якая стартавала 1 сакавіка і будзе доўжыцца да 31 кастрычніка. Дэвіз акцыі: “Чытаць — гэта модна, прэстыжна, актуальна”. Яе асаблівасць і патрабаванне — рэклама кніг і чытання павінна ісці ад маладога пакалення. Гэтак на справе і адбываецца. Моладзь чытае сама, рэкламуе і раіць.

/i/content/pi/cult/550/12003/6-2.jpgЛетам у рамках акцыі бібліятэка рэалізавала фотапраект “Літаратурны персанаж”. Мясцовыя жыхары, чытачы бібліятэкі, а гэта, у асноўным, моладзь, пераўвасабляліся ў герояў беларускай літаратуры. Створаны каларытныя вобразы пана Быкоўскага, Альжбеты і Бандароўны (“Паўлінка” і “Бандароўна” Янкі Купалы), Ядвісі і Андрэя Лабановіча (“На ростанях” Якуба Коласа), Ганны Чарнушкі (“Людзі на балоце” Івана Мележа), Надзеі Яноўскай (“Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча), Соф’і Гальшанскай (“Каралева не здраджвала каралю” Анатоля Бутэвіча), княгіні Мянжынскай (“Княгіня Мянжынская” Юрыя Татарынава), Якава Палачаніна (“Меч княза Вячкі” Леаніда Дайнекі), Гражыны (“Гражына” Адама Міцкевіча).

Нават сам Адам Міцкевіч з Марыляй Верашчака вярнуўся з мінулага, каб апынуцца на возеры Літоўка, тэрыторыя якога сёлета была старанна добраўпарадкавана. Увогуле, усе названыя і іншыя літаратурныя персанажы фотапраекта наведалі сённяшні Навагрудак. Чым не рэклама беларускіх кніг?

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі