Сто і адзін сілуэт

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Электронныя кнігі сталі рэальнасцю нашага часу. У некаторых сем’ях “чыталка” практычна выцесніла стосы хатняй бібліятэкі. Але, губляючы некаторыя пазіцыі, друкаваная кніга становіцца мацнейшая ў іншай нішы: яна шукае ўнікальныя формы, і гэта ўжо ніводзін лічбавы фармат паўтарыць не здольны. У тым упэўнены бібліяфіл, дацэнт кафедры аўтаматызацыі вытворчых працэсаў і электратэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Алег РАДКЕВІЧ, за аўтарствам якога пабачыў свет фаліянт “Тэхналагічны ўніверсітэт у сілуэтах і вобразах” — лепшы ў намінацыі “Арт-кніга” Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі-2015". І асаблівую ўвагу “К” выклікаў якраз такі цікавы жанр партрэта: сілуэт.

/i/content/pi/cult/550/12002/6-1.jpg"Памацаць" гісторыю

— Канкурэнцыя з боку электронных носьбітаў звужае сферу ўплыву кнігі, але роўна да тых межаў, у якіх друкаванае выданне ўжо можа сябе абараняць. Вазьміце бібліяфільскія кнігі. Напрыклад, выданне з гравюрамі: апошнія нумаруюцца, уклейваюцца абмежаванай колькасцю, бо больш за пэўны аб’ём не вытрымлівае форма. Ці будзе мець такое ж мастацкае значэнне алічбаваная копія? Альбо томікі з аўтографамі аўтараў, з дарчымі подпісамі знакамітых майстроў. Алічбаваны варыянт наўрад ці прывабіць знаўцаў і калекцыянераў.

Паглядзіце ў Сеціва: мора калейдаскапічнай інфармацыі. А чалавек, бы шклянка з вадой: ён не можа змясціць у сабе больш за вызначаны аб’ём, астатняе выльецца, згубіцца. Кнігу ж магчыма памацаць, прагартаць, разгледзець ілюстрацыі, пачаць чытаць і вярнуцца пазней, не марнуючы час у “пошукавіку”. Маю кнігу ўвогуле можна прымаць, так бы мовіць, парцыённа, пачынаючы з любой з амаль 400 старонак.

Ад пусцяковіны да “Залатога фаліянта”

— Ведаеце, якая адна з самых дарагіх кніг Расійскай імперыі? Двухтомнік гравюр “Двор Кацярыны Вялікай”. Ніхто ўжо не пазнае тых прыдворных статс-дам ды кавалераў, якія апісаны і выяўлены на паперы, але такія выданні прывабліваюць гісторыкаў, мастакоў, калекцыянераў. Яны застаюцца ў вечнасці.

Мая ж гісторыя пачалася з пусцяковіны. У якасці падарунка падрыхтаваў блізкім сябрам партрэты-сілуэты. Вопыт у мяне ўжо меўся: у 2011 — 2012 гадах я зрабіў серыю плакатаў і нумараваных памятак для бібліяфільскіх сустрэч “AD LIBRUM”. На іх патрапілі мастакі Арлен Кашкурэвіч, Генадзь Грак, Аксана Аракчэева, Валерый Славук, экслібрысісты Алег Судлянкоў і Аляксандр Шэліпаў, прадстаўнікі вядучых бібліятэчных устаноў краіны Таццяна Рошчына, Галіна Кірэева, Алесь Суша, Аляксандр Стэфановіч і іншыя персоны.

Спачатку рабіў фотаздымкі, пасля працаваў над іх вектарным пераўвасабленнем. На кожны малюнак — каля 8-9 гадзін. Трэба было бачыць, які эфект яны выклікалі! Мне стала шкада, што ўся гэта вялікая праца кане ў Лету. Тады і з’явілася задумка кнігі.

Дзесьці год я збіраў матэрыял, пасля столькі ж апрацоўваў яго. Для мяне шмат значыць не толькі змест, але і форма кнігі. Таму педантычна падышоў да структуравання.

Адразу зразумеў, што сярэднестатыстычнаму чытачу будзе не цікава разглядаць галерэю незнаёмых яму постацей. І тут на памяць прыйшла папулярная забава сярэдзіны ХІХ стагоддзя: запаўненне апытальніка. Новы імпульс колішняй салоннай гульні надаў Марсэль Пруст. Тыя 24 пытанні, на якія адказваў спачатку нікому невядомы чатырнаццацігадовы хлопчык, а праз некалькі гадоў — пісьменнік, займелі нават адмысловую назву “Апытальнік Пруста”. У 1970-х славутае анкетаванне “прайшоў” шэраг знакамітых французскіх пісьменнікаў. Вось яго я і ўзяў за аснову складання сваёй кнігі, аздобіўшы нацыянальнымі адценнямі (прынамсі, дапытваўся пра любімую беларускую кнігу, знакавае месца на радзіме).

На старонкі патрапіў 101 сілуэт ключавых постацей Тэхналагічнага універсітэта. Кожнага з герояў я прасіў прыдумаць сімвал, які характэрызуе яго, дадаць дэвіз і вывесці сваёй рукой (а то з-за камп’ютараў мы ўжо забыліся, як пісаць) важнае пажаданне, параду, разважанне. Побач з выявай змясціў апытальнік. Такім чынам, кніжны разварот сумясціў візуальны і апісальны складнікі.

Зрэз часу

— Я ствараў фаліянт для такіх жа кніжных гурманаў, як і я. Усе 175 асобнікаў пранумараваныя, надрукаваны на італьянскай паперы з трайным залатым абрэзам. Першыя трыццаць пяць выйшлі ў скураной вокладцы. Прыемна было пачуць ад рэктара Акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны, што кніга сапраўды арыгінальная, з вельмі насычаным візуальным шэрагам і ў ёй прачытваецца пэўны зрэз нашай эпохі.

У прэамбуле я змясціў сілуэты, з якіх усё пачыналася. Адну з прадмоў вельмі цёпла напісаў Адам Мальдзіс. Яго выява, канешне, не магла не з’явіцца побач са шчырымі словамі. Дарэчы, славуты гісторык, доктар філалогіі прысутнічаў і на прэзентацыі выдання.

Кніга зараз жыве сваім жыццём. Напрыклад, адна з чытачак распавяла, што томік стаіць у яе на пачэсным месцы ў якасці... кулінарнай кнігі. Бо адным з пытанняў значылася любімая страва, а некаторыя героі давалі не толькі назву, але і рэцэпт.

Пасля атрымання “Малога залатога фаліянта” на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” некаторыя сябры пачалі прапаноўваць мне ўступіць у саюз пісьменнікаў. Але ж я не пісьменнік, я раблю кнігі. У мяне нават ёсць план на бліжэйшыя гадоў пяць: задумаў яшчэ чатыры бібліяфільскія выданні рознага фармату, кожнае на 500-600 ілюстрацый. Кнігі у мяне ўжо ў галаве, я ўяўляю сабе тэхнічныя бакі іх афармлення. Прынамсі, хачу надрукаваць свае меморыі, зборнік няпісаных законаў бібліяфілаў.

Зараз жа ў распрацоўцы фаліянт “Багемны Мінск”. Я ўжо склаў спіс адметных постацей сталіцы, імёны якіх ва ўсіх на слыху: мастакі, спевакі, пісьменнікі… Задумана 700 ілюстрацый. Спадзяюся, ніхто не адмовіць. Ужо зроблена частка партрэтаў, напрыклад, літаратара і мастака Адама Глобуса, фотамастака Алены Адамчык, кінасцэнарыста Веры Савінай, мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель, шрыфтавіка Аляксандра Кулажанкі. Разлічваю, што кніга выйдзе да 950-годдзя 
Мінска.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"