ЛІНЕЙныя паралелі: у пялёстках убачыць чалавека

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

У 1999 годзе шведскі фатограф Эдвард КОІНБЕРГ натрапіў на творы Карла Лінея. Кнігі вядомага батаніка гэтак захапілі фотамастака, што ён вырашыў стварыць выстаўку ў гонар свайго суайчынніка. “Мяне ўразіла, наколькі паэтычна апісаў Ліней расліны ды іх узаемастасункі, — прызнаўся фатограф, — і я вырашыў зрабіць нешта падобнае”. У выніку ягоны праект “Гербарый кахання” з поспехам аб’ехаў ужо паўсвету — Кітай, Аўстралія, ЗША, Паўднёвая Афрыка, краіны Еўропы — і, нарэшце, завітаў у Беларусь. У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі пры падтрымцы Шведскага інстытута на мінулым тыдні адкрылася выстаўка шведскага фотамастака, непасрэдным імпульсам да стварэння якой стала тэорыя Карла Лінея аб любоўным жыцці раслін.

 /i/content/pi/cult/154/1200/Linejnyja-par1.jpg
— Спадар Коінберг, кветкі на вашых фатаграфіях поўныя не толькі пяшчоты, але і асаблівай пачуццёвасці. Якім чынам вы дамагліся такога выяўлення?

— Каб ажыццявіць сваю задуму, я шукаў крыніцу натхнення ў ХVIII стагоддзі, якраз тады, калі жыў Ліней. Вы маеце рацыю, у мяне была ідэя: сфатаграфаваць кветкі своеасабліва, нібы людзей, перадаць пяшчоту, кволасць, пачуццёвасць раслін. У гэтым мне вельмі дапамог галандскі і шведскі жывапіс ХVII — XVIII стагоддзяў. Я перагледзеў мноства карцін і зразумеў, якой мовай магу перадаць сваю ідэю. Прызнаюся, што тое было для мяне незвычайна, бо дагэтуль ніколі не глядзеў так на кветкі. І ў выніку на маіх фотаздымках — партрэты. Сапраўдныя партрэты кветак з майго ўласнага саду!

— Вы вырошчвалі кветкі спецыяльна для праекта?

— Не. Я ўвогуле захапляюся раслінамі і люблю іх разводзіць. Маёй мэтай было ўзяць самыя звычайныя кветкі, не экзатычныя, і раскрыць іх хараство. У студыі я зрабіў невялікую сцэну з чорным фонам, пэўны час назіраў за выбранай кветкай, а потым прыносіў яе ў студыю і здымаў. Сёй-той можа падумаць, што фатаграфаваў я кветкі ноччу, але гэта не так. У прынцыпе, тут прысутнічае і камп’ютэрная апрацоўка фатаграфіі, але галоўны сакрэт фотаздымкаў — у святле: яго амаль не было падчас здымак, таму кветкі нібы выступаюць з цемры.

Па сутнасці, у праекце ўсё адштурхоўваецца ад слоў Лінея, радкі з сачыненняў якога я спецыяльна ўключыў у афармленне фотавыстаўкі. Вельмі вобразна і прыгожа ў яго ўсё апісана. У свой час вучонага папракалі ў антыхрысціянстве. Тады ж нават прынцып падзелу на жаночы і мужчынскі пол у раслін не ўсімі быў прыняты, а ён пісаў такое. Але Ліней у размнажэнні і росце і бачыў самую важную — Боскую — задачу прыроды. Данесці гэтую падобнасць усяго жывога мне і хацелася.

— Эдвард, мне вядома, што вы не толькі захапляецеся Карлам Лінеем, але неабыякавы і да гендэрных праблем.

— Гэта праўда. Да цыкла фатаграфій, прысвечанага Карлу Лінею, я рабіў праект, які закранаў пытанні гендэрных стэрэатыпаў. Выстаўка называлася “Мужчына можа” і ўяўляла сабою мужчынскі погляд на тое, як можа змяніцца стаўленне да ўзаемастасункаў паміж поламі, калі моцная палова чалавецтва таксама пачне прымаць удзел у іх, скажам так, будаўніцтве. Экспазіцыя была зроблена спецыяльна для падлеткаў 13 — 16 гадоў і вандравала па школах Швецыі каля трох гадоў. У ёй разглядалася, скажам, пытанне: ці павінен мужчына прымаць удзел у хатніх справах — прыбіраць дом, глядзець за дзецьмі, гатаваць ежу? Школьнікі глядзелі фотаздымкі і абмяркоўвалі іх. Дзяўчынкі і хлопчыкі выказвалі свой досвед, між імі адбываліся спрэчкі, дыспуты, і ў выніку нараджаліся новыя пазіцыі, меркаванні, адбываўся перагляд звычак, забабонаў.

— Значыць, вам цікавыя і сацыяльныя стасункі?
 /i/content/pi/cult/154/1200/Linejnyja-par2.jpg

— Усё ўзаемазвязана. Пэўны час я працаваў журналістам і пісаў пра надзённыя праблемы грамадства: расізм, палітыку найму на працу, гендэрныя пытанні. Наша выданне доўга не праіснавала — збанкруцілася праз два гады, але гэта быў і застаецца для мяне вельмі значны досвед, які дазволіў гаварыць ад свайго імя і ўплываць на сітуацыю.

Людзі, з якімі я супрацоўнічаў, паранейшаму разам са мной, і мы працягваем нашу працу, толькі ўжо ў іншым фармаце.

— Для вас было важна мець такую магчымасць уплыву на грамадскую свядомасць?

— Было і застаецца дасюль. Фатаграфаваць — гэта як ставіць дыягназ грамадству. Я пачынаў сваю працоўную дзейнасць у сістэме догляду за пажылымі людзьмі. Фатаграфаваў старых, іх побыт, пісаў тэксты, публікаваў здымкі — для мяне было вельмі важна змяніць існуючую сітуацыю. Канешне, я стаўлюся да сваёй асобы вельмі сціпла, але мяркую, што і мая праца таксама ў нечым паўплывала, зрабіла свой маленькі ўнёсак у агульную справу: у Швецыі адбыліся пэўныя зрухі да лепшага ў плане догляду за пажылымі. Цяпер я думаю зрабіць новы праект на гэтую ж тэму і прасачыць развіццё сітуацыі. Для мяне вельмі важна выказвацца на тэмы, якія хвалююць, не даюць спакою, як, мяркую, і для кожнага фатографа.

 /i/content/pi/cult/154/1200/Linejnyja-par3.jpg
  Карл фон Ліней (1707 — 1778 гг.) — шведскі вучоны, сусветнае прызнанне якому прынесла вынаходніцтва бінарнай наменклатуры — сістэмы навуковых назваў, згодна з якой любая расліна ці жывёла атрымала назву, што складаецца з двух лацінскіх імён — родавага і відавага. За сваё жыццё Ліней даў назвы прыкладна 7700 раслінам і 4400 жывёлам.
— І ўсё ж мы з вамі знаходзімся на выстаўцы, якая прысвечана кветкам...

— Разумею вашу іронію, але, на мой погляд, фотаздымкі раслін таксама могуць паказваць і расказваць пра тое, што значыць — “быць чалавекам”. Акрамя таго, мне заўжды падабаліся кветкі.

— І якая ваша любімая?

— Півоня.

— Прызнаюся: і мая таксама.

— Вось бачыце: усе мы людзі.


Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ