Час аддаваць караням…

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Уладзімір ПУГАЧ, лідар гурта “J:морс”
Наш гурт толькі што запісаў новы альбом. Калі ён выйдзе, вырашае менеджмент каманды, але абавязкова — да канца года. Здзіўляць і ашаломліваць ім мы не збіраемся: атрымаўся нармальны працоўны рэліз, у якім адлюстроўваюцца тыя нашы музычныя і вербальныя ідэі, якімі “J:Морс” жыў некалькі апошніх гадоў, сталеючы, напэўна, змяняючыся творча, гукава, калi змяняўся і склад каманды.

/i/content/pi/cult/550/11995/13-22.jpgЯ не вельмі люблю зазіраць далёка наперад, загадваць і планаваць, жывучы сённяшнім, ну, можа, заўтрашнім днямі, таму пра тое, што мне марыцца зрэалізаваць у творчых адносінах у бліжэйшыя, скажам, гады чатыры, гаварыць не хочацца. І зусім не праз забабоны! Думкі ж ёсць, але пакуль няма абсалютна выразнай карцінкі, а проста так “трындзець” я не люблю. Ёсць жаданне, скажам, паспрабаваць зрабіць тое, што сядзела ўнутры ледзь не з самага ранняга дзяцінства, калі бабуля спявала мне палескія народныя песні (я ж сам родам якраз з Палесся). І праз шмат-шмат гадоў ўзнікла ідэя папрацаваць з нейкай часткай гэтага фольк-пласта.

Гадоў пяць я перыядычна вяртаўся да яе, прыкідваў, што і як можна ажыццявіць, але часу на нешта канкрэтнае не хапала: быў заняты запісамі, канцэртамі, удзелам у сацыяльных праектах, яшчэ чымсьці. Хоць зыходны матэрыял гады тры таму ўжо сабраўся, у чым мне дапамаглі людзі, якія займаюцца этнаграфічнымі экспедыцыямі. Я адслухоўваў прадастаўленыя імі запісы, ацэньваў, што можа выйсці, арыентуючыся выключна на свой густ, на “падабаецца / не падабаецца”, на сваё эстэтычнае прадстаўленне аб прыгожым.

Задачы, зноў-такі, здзівіць кагосьці, ашаламіць ў мяне няма. Цалкам верагодна, што нехта з нашых выканаўцаў ўжо пераспяваў пэўныя з гэтых песень, але я не збіраюся з той прычыны адкідваць адабранае.

Палескія песні займаюць асобнае месца ў традыцыйнай беларускай песеннай культуры: тут свой дыялект, свае галасы, нават у чымсьці свае ноты. Свой свет, нарэшце, які адрозніваецца ад астатняга каранёвага музычнага свету краіны. Такую асаблівасць, мелодыку, выяўленую ў музыцы і словах, я і хацеў бы перадаць натуральна, так, як я іх чую, адчуваю, разумею. Калі казаць пафасна, то, можа, нават у тым і заключаецца мой абавязак перад бабуляй, перад малой радзімай — праспяваць гэтыя песні, “выцягнуць” іх з сябе.

Хто і як будзе працаваць з імі з інструменталістаў, бэк-вакалістаў, якія інструменты будуць выкарыстаны, пакуль казаць рана: ёсць намёткі, прыкідкі — больш рэальныя і, наадварот, вельмі прыблізныя. Прыйдзе час, калі дакладна зразумею, што пара садзіцца за працу менавіта з гэтым матэрыялам з пэўнымі людзьмі. Атрымаецца ці не атрымаецца — для мяне не важна. Проста дзіця гэтае ўва мне жыве і перыядычна просіцца з’явіцца на свет. Калі яно народзіцца — праз два гады ці праз пяць — не ведаю. Але не выключана, што палескім стане і мой наступны альбом.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"