Як ствараўся музей кнігі

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Вера АШУЕВА, старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання
Падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны 8 верасня 1990 года ў Полацку быў адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання. Ён змясціўся ў адрэстаўраваным помніку архітэктуры канца XVIII стагоддзя — былым жылым корпусе Богаяўленскага манастыра, пабудаваным паводле праекта італьянскага архітэктара Джакома Кварэнгі. А сёння можна сказаць: за год праз музей праходзіць да 45 тысяч чалавек.

/i/content/pi/cult/550/11994/5-1.jpgПраўда, на момант прыняцця рашэння аб яго стварэнні (1987 год) горад ужо не меў тых кніжных багаццяў, якімі мог пахваліцца ў мінулым. Шматлікія пажары, войны, гістарычныя катаклізмы сталі прычынай гібелі або вывазу кніжных скарбаў. У фондах Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, філіялам якога стаў наш музей, мелася невялікая кніжная калекцыя, якая складалася, у асноўным, з лаціна- і польскамоўных выданняў ХVІІ — ХІХ стагоддзяў і даследаванняў краязнаўчага характару. Пачалося мэтанакіраванае камплектаванне калекцыі. У музейны фонд перадаваліся кнігі з абменна-рэзервовых фондаў бібліятэк, штосьці набывалася ў букіністычных крамах, дарылі кнігі і прыватныя асобы…

Існуюць музеі розных тыпаў: гістарычныя, мастацкія, прыродазнаўчыя, тэхнічныя… Музей беларускага кнігадрукавання — гэта музей комплекснага тыпу, які мае рысы і гістарычнага, і мастацкага, і тэхнічнага. Ён паказвае кнігу як складаную з’яву, якая належыць адначасова і матэрыяльнай, і духоўнай сферам дзейнасці чалавека. Прайшоўшы па 15-ці залах, наведвальнік здзяйсняе захапляльнае падарожжа ў кніжны свет.

Першыя залы знаёмяць з помнікамі дакніжнага пісьменства, з гісторыяй алфавітаў, з рознымі матэрыяламі для пісьма і з тэхналогіяй вырабу паперы. Значнае месца належыць паказу рукапіснай кнігі на беларускіх землях, яе рэпертуару, стылям мастацкага аздаблення.

Але галоўная частка экспазіцыі — адлюстраванне жыццёвага шляху і дзейнасці першадрукара Францыска Скарыны. Асвятляецца таксама даробак Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца, Мялеція Сматрыцкага, братоў Стэфана ды Лаўрэнція Зізаніяў.

Зала “Мастак і кніга” дэманструе развіццё беларускай кніжнай графікі. Прадстаўлена таксама кнігадрукаванне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, у тым ліку дзейнасць першых выдавецкіх суполак (“Загляне сонца і ў наша ваконца”, Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні і іншых) ды кнігадрук савецкага часу. Паказаны розныя тыпы і віды прадукцыі: газеты, часопісы, календары, альбомы. Завяршае экспазіцыю паказ сучаснага паліграфічнага абсталявання і найноўшых кніг.

Пры гэтым наведвальнік, праходзячы па музеі, не толькі бачыць кнігі рознага часу, але і мае магчымасць даведацца, як стваралася кніга ў скрыпторыі (майстэрні перапісчыка) і ў друкарні ХVІ — ХVІІ стагоддзяў, пазнаёміцца з кабінетам вучонага ХVІІІ стагоддзя і майстэрняй сучаснага мастака-графіка.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў музея — рукапісныя кнігі на пергаменце (“Тора”) і на паперы (“Гадавы рымскі цырыманіял”), беларускія і заходнееўрапейскія выданні ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў. У тым ліку такія рарытэты, як “12 прамоў” Іераніма Фалецкага (Венецыя, 1558) і “Евангелле вучыцельнае” (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1595).

Значную калекцыю складаюць выданні краязнаўчага характару ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Вялікую цікавасць выклікаюць выданні твораў беларускіх пісьменнікаў, падручнікі Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, слоўнікі Вацлава Ластоўскага, Яна Станкевіча, календары пачатку ХХ стагоддзя, газеты “Наша ніва”, “Чырвоны сейбіт”, часопісы “Студэнцкая думка”, “Наш край”, “Маладняк”, “Полымя”, “Узвышша” 1920 — 1930-х.

Многія з выданняў, прадстаўленыя ў экспазіцыі, захаваліся і трапілі ў музей дзякуючы збіральніцкай працы старэйшага беларускага журналіста і бібліяфіла Алеся Матусевіча, які змог зберагчы ў сваёй асабістай бібліятэцы кнігі рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў. І праца па збіранні працягваецца. Часта ў музей перадаюцца кнігі сучасных аўтараў з дарчымі надпісамі. Але здараецца і так, што атрымліваем у падарунак каштоўныя старыя выданні. Напрыклад, Андрэй Макагон (палачанін, што жыве зараз у Маскве) перадаў у музей “Рымскі імшал”, выдадзены ў 1826 годзе ў Полацку колішняй езуіцкай друкарняй каталіцкага ордэна піяраў. Зараз гэтае выданне можна ўбачыць у экспазіцыі.

У гэтым годзе Музей беларускага кнігадрукавання адзначае 25-годдзе. З гэтай нагоды 10 верасня плануецца правесці круглы стол “Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні”. А яшчэ на верасень запланавана некалькі выставак. Адну прывязуць з Вялікага Ноўгарада. Будуць прадстаўлены каштоўныя выданні XVI — XІХ стагоддзяў, звязаныя з беларускімі землямі. Другая дасць магчымасць убачыць сапраўдныя выданні Францыска Скарыны — “Кнігу царстваў” і “Эклезіяст”, — якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. А яшчэ адзін праект, “Лепшыя кнігі Беларусі”, пазнаёміць з сучаснымі шэдэўрамі паліграфічнага мастацтва.