Беларусы, mamma mia!

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Гэтым летам упершыню давялося пабачыць далёкае замежжа. Кампанія наша скалочвалася доўга, няхутка выбіраўся і маршрут. У выніку было вырашана: мы, пяць дзяўчат, едзем у Італію. На руках меліся сімвалічна-мінімальныя грошы, пашпарты з візамі, білеты на самалёт. Усе астатнія пытанні мы смела пакінулі “на пасля”. А тычыліся яны, між іншым, выбару гарадоў, турыстычных маршрутаў, пошуку жылля ды баўлення часу ўвогуле.

/i/content/pi/cult/550/11993/4-18.jpgМеханізм жаночага калектыву спрацоўвае заўсёды аднолькава: спрэчкі, канфлікты не паспявалі заканчвацца, як пачыналіся наноў. Мы праіснавалі, інакш і не скажаш, у Рыме чатыры дні (на шчасце, знайшлася кватэра ў нейкага настаўніка па ёзе Франчэска). Дый горад сваёй прыгажосцю і патаемнасцю выратоўваў сітуацыю: у моманты захаплення мы забываліся адна на адну і, часам, на рэальнасць.

Па нашым імправізаваным плане далей меркавалася рушыць у бок мора. Мы пракансультаваліся ў “нашага” Франчэска, а таксама ў яго цёзкі, які працуе на прапускной кропцы ў Ватыкан, куды нам лепш падацца, і яны абодва параілі невялікі гарадок у некалькіх дзясятках кіламетраў ад сталіцы — Санта-Марынэла. Мы лёгка выдыхнулі, кожная пра сябе папрасіла ў святога Пятра даць нам моцы і настрою, каб перацярпець прысутнасць адно адной яшчэ паўтара тыдні, і наступным днём мы “селі ў поезд і высадзіліся ля мора”.

Канешне, усе бывалыя падарожнікі нам скажуць: Еўропа не любіць непадрыхтаванасці. Я маю на ўвазе няведанне мовы, адсутнасць броні, мінімум грошай. Але мы гэтыя жыццёвыя ўрокі атрымалі трохі пазней, калі стапталі свае ногі ў пошуках хаця б аднаразовага начлегу ў забітым італьянцамі італьянскім курорце.

Увечары таго ж дня дваіх самых саслабелых мы пакінулі ў кавярні з доступам у Інтэрнэт, каб яны працягвалі “сёрфіць” жыллё там, а ўтрох пайшлі па горадзе, немаведама на што спадзеючыся. Клянуся, гэта быў апошні дом, апошні рalazzo, у які нам хапіла сілы пагрукаць. Увагу ж прыцягнула нейкая шыльда, якая, дарэчы, нічога, па-сутнасці, не значыла, як аказалася пазней. Тым часам сталая жанчына праз дубцы брамкі паглядзела мне ў вочы і запытала па-італьянску: вы беларуска? “Si! Так! Yes! Ага!” — сэрца маё загрукатала. “А яны?” — паказвае на сябровак. “Адкуль жа яна ведае?” — у меня адняло маўленне. (Стоп! Я ж не размаўляю на раманскіх мовах.) “Momento”, — яна пакідае нас, потым мы чуем, як замкі адмыкаюцца.

Так мы апынуліся на парозе ў Розы і Сэрджо, звычайнай італьянскай пары, сынам якіх з’яўляецца хлопец Андрэй. Ён тут жа падключыўся да размовы, патлумачыўшы сваёй маці, хто мы такія і што ўвогуле зараз адбываецца. Як гэтая жанчына ўбачыла ўва мне маю нацыянальную прыналежнасць, застаецца загадкай. Буду спадзявацца, праз багатую духоўнасць і бацькоўскі інстынкт. Аказалася, што Андрэй — ураджэнец Мінска, усыноўлены шмат гадоў таму, быў выхаваны, нават перавыхаваны ў любові і радасці. Ён адразу па-гаспадарску вырашыў, што сённяшнія пошукі жылля трэба згортваць, ветліва запрасіўшы быць гасцямі іх сям’і хаця б на дзень. Увечары мы пазнаёміліся з сябрамі Андрэя, шматлікімі беларусамі і беларускамі з падобнымі лёсамі, якім быў дадзены новы шанц у жыцці. І такіх выпадкаў у Італіі процьма. Але сутнасць не ў тым, колькі іх. Важна, як яны там жывуць, як трымаюцца адзін за аднаго, як шчыра сябруюць дзесяцігоддзямі, кантактуюць, дапамагаюць і сваім, і такім вось чужаземцам-землякам-небаракам, як мы.

Нашы новыя сябры ўзялі нас пад сваё крыло. Знайшлі добрае жыллё, дамовіліся з уласнікам пра зніжкі. Яны прыдумалі нам цэлыя праграмы па забаўкам: вазілі нас на цудоўныя пляжы, на тэрмальныя воды, у паркі адпачынку. Апякунства дайшло да таго, што нам нават прыносілі ежу. Мы ў сваю чаргу супакоіліся, сталі жыць мірна і ладна. Амаль кожны дзень збіралі “дыяспару” на вячэры, чаргуючы стравы беларускай і італьянскай кухні. Усё гэта са смехам, з музыкай, з людзьмі, якія блізкія табе па радзіме, якіх ты разумееш, якіх ты ўжо — mamma mia! — любіш як братоў і сясцёр, не менш.

Нашым суайчыннікам у Італіі добра, усе яны дагледжаныя, адукаваныя, заласканыя бацькамі. Але вельмі адчуваецца і тое, як цягне іх калі не да Беларусі, то хаця б да беларусаў. Маленькі гарадок успрыняў наш прыезд як рэальны цуд і вялікую падзею, мы ж прынялі тую выпадковасць як міласць звыш.

Яшчэ адзін момант. Кампанія, ядром якой былі беларусы, уключала ў сябе яшчэ і нашых суседзяў па Усходняй Еўропе, якія таксама па сваіх прычынах “зазямліліся” пад Рымам на сталай аснове. Магчыма, справа ў адлегласці ад геаграфічнай радзімы, магчыма, у выхаванні і чалавечых якасцях, але за ўвесь час мы ні разу не адчулі паміж усімі трыма суседнімі народамі ніякай напружанасці, нават дыскусій ды сварак.

Развітанне было цяжкім. У дарогу мы атрымалі падарункі і парады, запрашэнні і словы падзякі. Італію пакідалі з цяжкім сэрцам, але, у той жа час, са светлымі думкамі. Міжземнаморская краіна падалася нам раем, энцыклапедыяй і машынай часу адначасова. Багатая і літасцівая гісторыя, унікальная прырода, касмічна прыгожая архітэктура, бездакорнае адчуванне моды і густу… Ну хто ў стане канкураваць з Італіяй? Але зразумела адно: мы багатыя не менш. Бо галоўнай каштоўнасцю Беларусі з’яўляюцца беларусы, самыя лепшыя людзі ў свеце, шчырыя, сардэчныя, непаўторныя, надзейныя, нават калі і жывуць яны за тысячы кіламетраў ад роднай зямлі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст