Музей літаратуры — гэта...

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Вядома, што ў будынку Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры завяршаюцца маштабныя рамонтныя работы. Паколькі яны пакрысе заканчваюцца, з’явілася шчаслівая магчымасць паразважаць наконт таго, якой установа стане пасля абнаўлення. Тым больш, як улетку зазначала "К" дырэктар установы Лідзія Макарэвіч, запланавана абвяшчаць тэндар на мастацкі праект новай экспазіцыі. Ды і музей адкрыты для ідэй! Журналісты газеты выказалі ў гэтай публікацыі ўласнае бачанне гісторыка-літаратурнага музея ў сучаснасці з нагоды Дня беларускага пісьменства.

/i/content/pi/cult/550/11990/4-1.jpg

Музей гісторыі беларускай літаратуры на сталічнай вуліцы Максіма Багдановіча. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Пра слова “ад і да”

/i/content/pi/cult/550/11990/4-28.jpgДля практыкі дызайна лічыцца звычайнай сітуацыя, калі выканаўца, атрымаўшы заказ і зрабіўшы перадпраектны аналіз, прыходзіць да высновы: замоўцу замоўленая рэч увогуле непатрэбная! Бо не адпавядае ні ягонаму характару, ні звычкам, ні ладу жыцця. Скажам, замаўляе сабе чалавек шыкоўную мэблю, між тым як ўсё жыццё абыходзіўся мінімальным камфортам. І будзе тая мэбля ў ягонай хаце стаяць — толькі месца займаць. Так, бывае, атрымліваецца і ў музеі…

Узяўшыся за нататкі па тэме “Якой мне ўяўляецца новая экспазіцыя Музея гісторыі беларускай літаратуры”, я прыгадаў Максіма Багдановіча, які пісаў, што ў нашай літаратуры няма чытачоў, а ёсць толькі аматары беларускага слова. За сто гадоў у гэтай сферы адбыліся змены, у тым ліку і станоўчыя, але Максімавы словы актуальныя і сёння. Дык якім быць такому музею ў краіне, чыя літаратура сёння не надта вядомая за яе межамі і, шчыра кажучы, не асабліва шануецца намі самімі?

Няма ж, дарэчы, музеяў французскай ці англійскай літаратур. А між тым Самерсэт Моэм сцвярджаў, што толькі Англія і Францыя маюць вялікія літаратуры, а ўсе астатнія краіны — толькі вялікіх пісьменнікаў. Меркаванне гэтае больш чым спрэчнае, і трэба яно мне толькі для таго, каб нагадаць, што пры наяўнасці вялікіх літаратур у Англіі і Францыі музеямі ўшанаваная не сама з’ява, а якраз яе носьбіты — вялікія пісьменнікі.

Музеі Міцкевіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, Караткевіча, Быкава... А вось, што мусіць уяўляць з сябе музейная экспазіцыя, якая распавядае пра наша Слова ад вусных паданняў дахрысціянскай пары да постмадэрнісцкіх практыкаванняў постсавецкага часу, я не ведаю. Музей гісторыі беларускай літаратуры, якім я яго памятаю, мяне не ўражваў. Як на маю думку, там не было за што зачапіцца воку і што потым утрымаць у памяці. Не бачыў я там стрыжня, канцэпцыі. І наконт канцэпцыі самы час вызначацца. На маю думку, гэта павінна быць гісторыя фарміравання беларускай нацыі, адлюстраваная праз стрыжнявыя творы нашай літаратуры — ад летапісных крыніц да “Палескай хронікі” Мележа. Артэфактаў у экспазіцыі мусіць быць няшмат. Зусім неабавязкава даваць дзялянку ў экспазіцыі ўсім членам Саюза пісьменнікаў і нават кожнаму з народных пісьменнікаў. Дзесяць творцаў з дзесяці стагоддзяў — цалкам дастаткова. Каб, нагадаю, не біяграфічны зборнік, а гісторыя нацыі — з уздымамі і заняпадамі, з роспачнымі хістаннямі, блуканнямі па пакутах і пошукамі выйсця ў гістарычную прастору. Магчыма, атрымаецца крыху пафасна, але — зразумела пра што і для чаго.

Дзесяць творцаў з дзесяці стагоддзяў — цалкам дастаткова. Патлумачу гэту тэзу на прыкладзе са свайго досведу. Па маладых гадах мне давялося наведаць Музей Маякоўскага ў Маскве. Зараз я ўжо не згадаю артэфакты экспазіцыі. Хутчэй за ўсё гэта былі ў асноўным дакументальныя фотаздымкі і прыжыццёвыя выданні, як ва ўсіх музеях такога профілю за савецкім часам. Інсталяцыі ды інтэрактыў з’явіліся ў нашай музейнай практыцы значна пазней. Памятаю, аднак, што экспазіцыя складалася з трох раздзелаў, адпаведным розным перыядам творчасці паэта, а кожны раздзел адкрываўся велізарным фотапартрэтам Маякоўскога. Прычым знешнасць паэта на здымках дакладна адпавядала вобразнаму ладу ягонай творчасці ў дадзены перыяд. На адным фотаздымку ён — эпатажны рамантык, на другім — рэспектабельны “dandy” у наймаднейшым “прыкідзе”, на трэцім — брутальны, стрыжаны “пад нуль” пралетарскі паэт. У дадзеным выпадку эвалюцыя іміджу дакладна адлюстроўвае эвалюцыю творчасці паэта.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Жывы і сучасны…

/i/content/pi/cult/550/11990/4-2.jpgТак, на сённяшні дзень яшчэ няма праекта будучай экспазіцыйнай прасторы. Я, канешне, не спецыяліст у гэтай сферы, але як мастацтвазнаўца, якому не абыякавая гуманітарная сфера нашай краіны наогул, паспрабую азначыць свой, можа, у нечым і наіўны, пункт погляду.

Які павінен быць у светлым заўтра літаратурны музей як навуковы, культурны, інфармацыйны, адукацыйны цэнтр? Магчыма, патрэбны формы працы ў розных кірунках: ад удасканалення экспазіцыйнай прасторы, яе дызайну і мастацкага афармлення да ўмацавання (у рамках новага часу) нармальнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, прыцягнення пазабюджэтных крыніц і развіцця музейнага турызму.

Музеяў у свеце шмат. Асабліва датычных выяўленчага мастацтва. Літаратурных — значна менш. Праўда, у розных краінах ёсць сотні мемарыяльных, “манаграфічных”, прысвечанных асобным знакавым літаратурным персонам, як, напрыклад, у нас унікальныя музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, музей-сядзіба Адама Міцкевіча і Францішка Багушэвіча ці Кузьмы Чорнага. У постсавецкай прасторы магу назваць Дзяржаўны літаратурны музей у Маскве, Літаратурны музей Інстытута рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук (Пушкінскі дом) у Пецярбургу (у свой час студэнтам я праводзіў там цэлыя дні), канешне, унікальны па экспазіцыі і дызайну Адэскі літаратурны музей…

Але асабліва прыцягваюць маю ўвагу “комплексныя” музеі літаратуры і мастацтва, дзе важнае месца займае выяўленчае мастацтва, арганічна і гарманічна звязанае з жыццём і творчасцю нацыянальных пісьменнікаў і паэтаў. Такія музеі існуюць у Ерэване, Баку і, здаецца, у Тбілісі. А чаму б не зрабіць гэткі “фінт” і ў нас, пад адным дахам, скажам, у нейкім прасторным памяшканні, дзе маглі б праходзіць і перасоўныя невялічкія профільныя выстаўкі мастакоў, прысвечанныя нашым літаратарам, а на фоне жывапісных партрэтаў і карцін (з пастаяннай калекцыі) — презентацыі кніг, канцэрты беларускай музыкі, прэс-канферэнціі, вечарыны паэзіі, сустрэчы з цікавымі літаратарамі? Гэта значыць, акрамя асноўных накірункаў работы музея — дакументацыі літаратурных працэсаў у шырокім гістарычным кантэксце: ад часоў узнікнення беларускага пісьменства да пачатку ХХI стагоддзя, — наведвальнік мог бы пазнаёміцца з мастацкімі вобразамі тых, хто засейваў і расціў поле нашай нацыянальнай славеснасці на працягу тысячагоддзя. А такіх твораў у нашых жывапісцаў, графікаў, акварэлістаў, скульптараў — шмат. А калі яшчэ арганізаваць сваеасаблівую гукавую сістэму, каб можна было б пачуць “жывыя” галасы, напрыклад, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Анатоля Астрэйкі, Івана Мележа і ўсіх іншых, хто “застаўся” на плёнцы, а таксама паслухаць фрагменты песень беларускіх кампазітараў на вершы паэтаў, то наогул было б цудоўна.

Карацей, я хацеў бы бачыць наш Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры дынамічным, жывым і сучасным, свабодным ад клішыраваных канонаў, трафарэтаў, прапісных ісцін кшталту — "наша ўсё” ды іншых трывіяльных формул…

Барыс КРЭПАК

Акрыліць інтэрактывам

/i/content/pi/cult/550/11990/4-3.jpgЗ літаратурнымі музеямі заўжды цяжка. Тое, што у паэзіі і прозе акрыляе і дае імпульс для росквіту фантазіі, у чатырох сценах часцяком ператвараецца у застылыя экспазіцыі. Магчыма, адпаведным установам патрэбна як мага хутчэй пазбаўляцца канстанты аб “цішыні і сур’ёзнасці” ў выставачнай зале (і гэтаму ёсць удалыя прыклады сярод айчынных музейшчыкаў). Асабліва мне не стае інтэрактыву і адчування, што наведвальнік тут чаканы госць, а не замінаючая недарэчнасць…

Першае, што заўсёды кідаецца ў вочы беларускаму падарожніку: у музеі ў Еўропе прынята хадзіць сям’ёй. Адпаведна, каб наглядчыкі не хапаліся за сэрца ад некантраляванага бегу малечы, патрэбна арганізаваць месцы прыкладання дзіцячай энергіі. У былой экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры быў куточак, прысвечаны телевізійнай перадачы “Калыханка”, але ж да экспанатаў, зразумела, дакрануцца было нельга. Чаму б не стварыць “кабінет пісьменніка”, дзе можна — і проста неабходна! — мацаць рукамі, сядець, адчыняць, заглядваць? Дарэчы, ён стане цудоўным месцам для сэлфі, без якіх не ўявіць сабе моладзь. Дзякуючы фотаздымкам, кантэкстная рэклама ў Сеціве будзе забяспечана.

Неабходна ўнесці ў гульню і элемент адукацыі. Прынамсі, у Эрмітажы мой пяцігадовы сын, змарыўшыся ад разгляду антычных скульптур і рыцарскіх даспехаў, з задавальненнем пачаў размалёўваць у спецыяльна зробленым для маленькіх наведвальнікаў куточку “рыцарскую” маляванку (можна было выбіраць тэматыку розных эпох). Тут жа ляжалі альбомы з наклейкамі-выявамі карцін знакамітых мастакоў, кнігі, якія вучаць, напрыклад, назвам колераў па… шэдэўрах знакамітага музея. Я ж за гэты час змагла бесперашкодна разгледзець сувеніры і выбраць альбом па жывапісе.

Было б шыкоўна ўзяць гэту ідэю за аснову і зрабіць, дапусцім, магнітную азбуку, дзе на кожную літару будзе выява айчыннага класіка, ключавыя прадметы з папулярных твораў (скрыпка Сымона-Музыкі, Ладдзя Роспачы, да прыкладу), назвы гарадоў, у якіх дзейнічалі літаратурныя персанажы... Больш складаны і фінансава затратны, але модны еўрапейскі варыянт на гэтую тэму: макет краіны. Адпаведна тэматыцы ўстановы, на інтэрактыўнай карце Беларусі можна адзначыць, дзе нарадзіліся культавыя айчынныя творцы, ці паказаць умоўныя месцы, у якіх разгортваюцца падзеі кніг.

Можна ў якасці маляванкі прапанаваць, дапусцім, раздрукаваныя на асобных лістах манахромныя замалёўкі Уладзіміра Караткевіча, якімі ўсеяны палі яго рукапісаў. Ці згуляць у тое, хто зможа дакладна скласці пергамент з шыфраваным пасланнем пра захаваны скарб, аб якім пісаў Уладзімір Сямёнавіч у культавым рамане “Чорны замак Альшанскі” (існуе рукапіс самога Караткевіча, з якога можна “зняць” мерку). Інтэрактыўных варыянтаў, якія спалучылі б гульнявы і асветніцкі складнікі, — процьма! Дарэчы, пасля не трэба будзе ламаць галаву над сувенірнай прадукцыяй…

Настасся ПАНКРАТАВА

Два кірункі з задзелам на будучыню

/i/content/pi/cult/550/11990/4-18.jpgЯкасны рамонт для любога музея — сапраўднае свята, але ідэальна, каб своечасовыя змены закраналі і канцэпцыю ўстановы. Акурат пра канцэпцыю, адразу пасля завяршэння рамонтных работ, і задумваецца Музей гісторыі беларускай літаратуры.

Дзейнасць музея такога кшталту я строга дзяліла б на два кірункі. Першы з іх — навукова-асветніцкі. Я бачу літаратурны музей класічнай, нават кансерватыўнай сумай таго, што было назапашана супрацоўнікамі ўстановы ў фондах, даследчыкамі слова, а таксама самімі літаратарамі ды іншымі неабыякавымі ўдзельнікамі літпрацэсу. Музей у першую чаргу павінен ім і заставацца: так, гэта паліцы і вітрыны, экспазіцыі, аб’екты і дакументы, якія абараняюцца шклом. Гэта цішыня, удумлівая атмасфера, дотык да мастацтва, мінуўшчыны. А сапраўды ацаніць пабачанае чарговы наведвальнік зможа з дапамогай экскурсавода і свайго ўласнага досведу. Таму “адрамантаваць” трэба, у першую чаргу, экскурсійныя праграмы. Думаецца, так яно і станецца разам з абнаўленнем экспазіцыі, бо літаратурны музей — музей менавіта Слова і яго магутнасці. Дык чаму ж гэты інструмент і не скарыстаць на поўную моц? Бліскучыя і вычарпальныя аповеды ў любым выпадку зацямняць псеўдаарыгінальныя “заманухі”, інсталяцыі і перформансы.

Другі кірунак — гэта, інакш кажучы, задзел на будучыню. На базе музея трэба арганізаваць месца “паломніцтва” нашых сучаснікаў, таленавітых паэтаў і пісьменнікаў Беларусі (а такіх шмат), каб летапіс нашай літаратуры не заканчваўся кропкай “сёння”, а ўпэўнена імкнуўся наперад. У рэшце рэшт, беларускія літаратары таксама маюць права на свайго “Бадзяжнага сабаку” (выкрэслім з гэтага паняцца сумніўмныя і нават шкодныя для здароўя эксперыменты, пакінем толькі творчыя: магчымасці дэкламаваць, дэманстраваць, крытыкаваць, занатоўваць). І ў рэжыме анлайн рабіць сябе часткай гісторыі. Гісторыі беларускай літаратуры.

Аліна САЎЧАНКА

Галерэя герояў

/i/content/pi/cult/550/11990/4-7.JPGПры мінімальнай колькасці школьных гадзін на вывучэнне роднай мовы і літаратуры, пры адсутнасці мэтанакіраванай палітыкі ў гэтым кірунку пра аншлагі ў літаратурныя музеі застаецца толькі марыць. Рускамоўныя падлеткі вырастаюць у рускамоўных дарослых, немалая частка якіх не надта хоча ведаць, пра што марыў Янка Купала.

Тым не менш. Музейную справу па прапагандзе нацыянальнай літаратуры ніхто не адмяняў. Музей як хатняя бібліятэка: калі дзеці не чытаюць, дык унукі пачнуць. Музей як банк: там на дэпазіце “да запатрабавання” захоўваецца гісторыя…

Цяпер пра рэчы канкрэтныя. Што мяне зацікавіла б у новым Музеі гісторыі беларускай літаратуры? Зала ці галерэя літаратурных герояў. Уявіце, галаграмы ці васковыя фігуры (не ведаю, што танней ды эфектыўней), якія ўвасабляюць галоўных дзеючых асоб класічнай і новай беларускай літаратуры: прозы, паэзіі. Тут, напэўна, павінны быць Бандароўна, Сымон-музыка, Аліндарка, Міколка-паравоз, Алесь Загорскі і Майка Раўбіч, Сотнікаў, Люцыян Таполя...

Галаграмы, напэўна, — больш змястоўныя ды пераканаўчыя, бо іх можна прымусіць загаварыць. Натуральна, трэба вельмі пастарацца, каб вочы і постаці выяў не хлусілі, каб у лірычным героі гучала і аўтарскае стаўленне да чалавека, жыцця, 
літаратуры…

Побач з такой “праўдзівай” фігурай можна затрымацца надоўга. Задумацца да прыкладу, кім бы стаў у нашы дні вось гэты спакутаваны сугней Васіль Дзятлік, што ў свой час сам сабе жыццё зламаў, бо прамяняў каханне да Ганны Чарнушкі на любоў да кавалка зямлі…

Яўген РАГІН


Убачымся ў музеі!

/i/content/pi/cult/550/11990/4-17.jpgУ некаторых рэчах я чалавек дастаткова артадаксальны, патрыярхальны і кансерватыўны. (Узрост, відаць, даецца ў знакі.) У музейнай справе — дык дакладна. Пры наведванні такіх устаноў мне зусім не патрэбныя інтэрактыўныя празмернасці, флэшмобы ад іх супрацоўнікаў і новыя формы, якія я “патрабую” з работнікаў устаноў культуры, сустракаючыся з імі падчас сваіх камандзіровак. Такі вось парадокс з двудушнасцю. І Музей гісторыі беларускай літаратуры — не выключэнне.

Што я хацеў бы ўбачыць у ім, абноўленым, калі аднойчы завітаў бы гадзінкі на дзве? Ды ўсё тое ж самае, ну, і, можа, тое, што дагэтуль тут практыкавалася зрэдку ці не ладзілася, не выстаўлялася зусім, але да “архаічных” экспанатаў цалкам стасуецца! Стэнды з летапісам беларускай літаратуры, нейкія старадаўнія і рэдкія выданні і, наадварот, сучасныя фаліянты, часткі асабістых архіваў, аўтографы, фатаграфіі мэтраў і знакавых фігур айчыннай прозы, паэзіі і драматургіі, фанаграмы іх галасоў, відэадакументы, якія адносяцца да іх, што-небудзь з прадметаў побыту, рэчаў “уладароў паперы” і да таго падобнага.

Зазірнуў бы і на мерапрыемствы, што мяне зацікавілі, якія тут праходзяць і якія маглі б праводзіцца: прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі, музычныя, кіна- і іншыя праекты, звязаныя з літаратурай. З нагоды ўрачыстых дзён можна было б памяшканне задзейнічаць пад скразныя акцыі, прымеркаваныя да юбілею таго ці іншага майстра мастацкага слова. Запрошаныя акцёры разыгрывалі б невялікія сцэнкі з іх твораў, праводзіліся б конкурсы сярод публікі, а, калі аўтар і сёння працуе, то і перформанс з яго удзелам увагу, безумоўна, прыцягнуў бы. Маю — дакладна.

Алег КЛІМАЎ

Не імёны, але літаратурны працэс

/i/content/pi/cult/550/11990/4-33.jpgСтварэнне музея (у дадзеным выпадку пастаяннай экспазіцыі), прысвечанага адразу некалькім сотням выдатных асветнікаў, — задача, шчыра кажучы, вельмі няпростая, калі не сказаць больш: практычна невыканальная. Кожны з пісьменнікаў аказаў, хай сабе і ў рознай ступені, але неацэнны ўнёсак у айчынную культуру. Адпаведна, усіх іх трэба і ўшанаваць.

Але будзем рэалістамі: для такога маштабнага нацыянальнага праекта патрэбны адпаведныя выставачныя плошчы і немалое фінансаванне. Не маючы ў сучасных умовах у дастатковай колькасці ні першага, ні другога, трэба ісці на пэўны кампраміс. Найперш, маю на ўвазе падзел экспазіцыі на асобныя перыяды, якія будуць адлюстраваны праз лёсавызначальныя з’явы ў беларускай літаратуры. Словам, неабходна годна паказаць калі не ўсе імёны, дык увесь літаратурны працэс.

Адразу ўяўляецца зала, прысвечаная выдатным прыкладам духоўнай літаратуры, звязаная з асобамі Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Наступнай магла б быць зала, якая пакажа беларускае кнігадрукаванне не толькі як перадавую тэхналагічную з’яву таго часу, але і як літаратурны ды філасофскі феномен. Натуральна, тут на дапамогу прыйдуць арыгінальныя прадмовы да кніг Францыска Скарыны, Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Было б цікава ўбачыць інтэрактыўную частку экспазіцыі, прысвечаную “Песні пра зубра”. Але ў гэтай справе на авансцэну выходзіць выкарыстанне найноўшых музейных тэхналогій. Пагадзіцеся, адным інфакіёскам тут не абысціся. А як не прысвяціць асобныя экспазіцыйныя залы шматграннаму і шматмоўнаму літаратурнаму працэсу ХІХ стагоддзя, тым самым вярнуўшы сваіх творцаў (не толькі Адама Міцкевіча, але і, да прыкладу, Генрыка Ржавускага) на Радзіму? А газета “Наша Ніва” пачатку ХХ стагоддзя? Гэты феномен яшчэ не да канца вывучаны, але мае велізарнае значэнне і таксама ў поўнай меры мусіць быць адлюстраваны. А сучасная літаратура? Толькі магу ўяўляць, з якімі цяжкасцямі сутыкнуцца стваральнікі новай экспазіцыі пры адлюстраванні літаратурнага працэсу другой паловы ХХ стагоддзя і пачатку стагоддзя ХХІ-га.

Хочацца спадзявацца, што абноўлены музей будзе максімальна інтэрактыўны, цікавы не толькі кожнаму беларусу, але і любому госцю нашай краіны. А таму ў ім павінны быць не толькі змястоўныя экспазіцыйныя залы, але і адметныя сувеніры, створаныя на базе матэрыялаў з фондаў нашых славутых літаратараў, шматмоўныя аўдыягіды, аўдыякнігі перакладаў твораў нашых класікаў на розныя мовы свету.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Ці пацягнем?

/i/content/pi/cult/550/11990/4-4.jpgПамятаю, як на ўкраінскім фестывалі візуальнай культуры “Візіі” пазнаёмілася з Аляксандрам Міхедам, маладым пісьменнікам з Кіева. Ён у межах форуму, падкрэслю, візуальнай культуры, прэзентаваў сваю кнігу “Амнезія”. Чаму ж так? А таму што яго твор не вычэрпваўся ўласна выданнем, а падаваўся як мультымедыйна-літаратурны праект, які ўтрымлівае прыклады інтэрпрэтацыі тэксту: праз музыку, візуальнае мастацтва і відэа-арт. Ды гэтаксама запрашаў кожнага да асэсавання канцэпту памяці.

Па-першае, Міхед звярнуўся да мастакоў са сваёй і суседніх краін: абраць упадабаны фрагмент у яго кнізе і даць яму ўласную мастацкую інтэрпрэтацыю. У выніку тэкст атрымаў дадатковае мастацкае вымярэнне, плюс — уласна факт знаёмства з мастакамі, магчымасць якога чытачы атрымалі праз адмысловыя паштоўкі, што дапаўнялі асобнік. Па-другое: Аляксандр задзейнічаў і музыкантаў, папрасіўшы іх стварыць музычны шэраг — дзесяць трэкаў на абраныя фрагменты твора. І па-трэцяе, пісьменнік запрасіў да ўдзелу публіку. “Якую падзею свайго жыцця вы хацелі б забыць, але ведаеце, што ніколі не забудзеце?” — на гэта пытанне прапанавалася адказаць усім ахвотным, выбудаваўшы ланцужок паміж творам і сабой. Адказы людзей запісваліся на камеру, і потым былі размешчаны на старонцы праекта ў Інтэрнэце, раскрываючы калектыўнае і прыватнае аблічча амнезіі. Бачна, што “Амнезія” такім чынам ператварылася ў комплексны мастацкі праект, прысвечаны памяці, яе канцэпту, сэрцам якога заставалася менавіта кніга, чые форма і змест правакавалі на розныя сэнсавыя і асацыятыўныя шэрагі. Адзначу, што структура літаратурнага твора спрыяла падобнай працы: ён складаецца са 106 раздзелаў. Кнігу можна чытаць “у розных кірунках”, але толькі знаёмства з усімі фрагментамі дае цэласнае ўяўленне пра твор. Аляксандр дзейнічаў тут не толькі як пісьменнік, але і як куратар, надбудоўваючы на “падмурку” тэксту вежы дадатковых светаў.

Урэшце, “АмнізіЯ project” увайшла ў сямёрку найпрыгажэйшых праектаў свету па версіі міжнароднага фестывалю “Soundout! Новыя шляхі рэпрэзентацыі літаратуры”. А прэтэндавалі на падобны статус 106 заявак з 33 краін свету.

Да чаго я ўсё гэта? Чаму столькі увагі надаю гэтаму прыкладу? Ды з той нагоды, каб разабрацца, а што сёння ёсць літаратура? І як яе трэба рэпрэзентаваць? І калі задумвацца пра экспазіцыю Музея гісторыі беларускай літаратуры, то што мусіць быць яе канцэптуальным складнікам? Праз літаратуру можна распавесці і пра стварэнне нацыі, пра лёс краіны, а можна — пра беларускую культуру, спалучыўшы вядомыя творы мастакоў, музыкантаў і пісьменнікаў. Улічваючы мой вышэйзгаданы прыклад, як уводзіны ў пэўны кантэкст, сучаснасць патрабуе яснай, але і комплекснай канцэпцыі.

Гэта задача — вельмі няпростая. Бо мне здаецца, што значна лягчэй праз малое распавесці пра большае, напрыклад, праз аднаго пісьменніка — пра цэлую эпоху, чым прэзентаваць усю беларускую літаратуру разам, улічваючы тое, што былі ў нас розныя перыяды. Якой станецца выбарка самых самых? Ці аддамо належнае тым, хто заставаўся ў ценю ўсе гэтыя гады? Альбо пойдзем “па класіках”, не раскрываючы пра іх нічога новага? Чым больш я разважаю, тым больш прыходжу да думкі, што музей гісторыі літаратуры патрэбны. У першую чаргу, каб распавесці пра тое, што было замоўчана ў тыя ж савецкія гады, каб паказаць, які насамрэч пакручасты шлях беларускай літаратуры і якія дасягненні яна мае сёння. І паказаць гэта сучасным чынам, з разуменнем таго, што зварот да візуальнай культуры ў прадстаўленні літаратуры — зусім не капрыз, а неабходны складнік. Ці пацягнем?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

 

Паліто, тэлефон і маўленне паэта

/i/content/pi/cult/550/11990/2-6.jpgУ сціслай форме паспрабую акрэсліць сваё бачанне некаторых ідэй, што варта было б ужыць пры фарміраванні экспазіцыі гісторыка-літаратурнага музея. Вядома, з улікам таго, што перад ім стаіць амбітная задача паказаць не толькі ўласна сферу пісьмовай культуры пэўнай краіны, але і варункі, у якіх яна зараджалася, сталела, відазмянялася.

Асабіста для мяне відавочна, што перад музейшчыкамі паўстане праблема экспазіцыйнага матэрыялу. Не, мяне не трэба пераконваць, што фонды маюць дастаткова адзінак захоўвання і далёка не ўсе іх выставіш у пастаяннай экспазіцыі. Я да таго, што ёсць пэўныя артэфакты, пра існаванне якіх мы ведаем, але ўвачавідкі іх бачыць, гартаць нікому з сучаснікаў не даводзілася. Скажам, нейкія летапісныя помнікі, што існуюць нават не ў больш позняга часу спісах, а проста ў выглядзе радка з пэўнай хронікі. Ці рассыпаны набор рамана Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да Зямлі”…

Каб іх паказаць, мяркую, варта скарыстаць прынцып, што прыняў за аснову кіеўскі Музей Міхаіла Булгакава на Андрэеўскім спуску. Паколькі рэчаў самога пісьменніка з часу яго жыцця ў Кіеве захавалася вельмі мала, адсутныя прадметы для экспазіцыі аднавілі і пафарбавалі ў белы колер. “На гэтым месцы мог быць…” — прыкладна так можна ахарактарызаваць гэты прынцып. І ён спрацоўвае! Не выклікаючы пры гэтым падазрэнняў дапытлівых наведвальнікаў у псеўдааўтэнтычнасці. Прычым я не за тое, каб усё адсутнае, але канцэптуальна важнае для нашай гісторыка-літаратурнай экспазіцыі выфарбаваць у пэўны колер. Але знайсці некалькі кропак у ёй, дзе такі прынцып замяшчэння пасуе, можна.

Яшчэ адзін прыклад — з музея “Фабрыка Аскара Шындлера” ў польскім Кракаве. Прыкладна пасярод экспазіцыі, прысвечанай Другой сусветнай вайне, фашысцкай акупацыі Польшчы і Кракава ды, уласна, дзейнасці ўладальніка фабрыкі, які ўратаваў сотні жыццяў мясцовых яўрэяў, знаходзіцца інсталяцыя. Выглядае яна так: шкляная канструкцыя, што па сваіх формах нагадвае табурэт у два чалавечыя росты. Унутры шклянога корабу — прадукцыя фабрыкі Шындлера: эмаліраваны посуд. Усё. І ведаеце: гэта ўражвае! Інсталяцыя выглядае як важкі кантрапункт, а для кагосьці менавіта яна акажацца кульмінацыяй музейнай прасторы.

Прыводзячы такі прыклад, дарэчы, нескладаны для выканання нават фінансава, хачу прапанаваць сваё бачанне падобнага месца ў экспазіцыі, скажам, Музея гісторыі беларускай літаратуры. Уявіце сабе пакой, на чатыры сцяны якога, пакрытыя аўтографамі пісьменнікаў, старонкамі з іх твораў, рэпрадукцыямі здымкаў, вядзецца няспынная праекцыя кіна- ці фотакадраў з іх удзелам. Перыядычна, раз у тры хвіліны, скажам, адна са сцен ажывае гукам і мы назіраем выступленне Якуба Коласа ці Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча ці Анатоля Сыса, Альгерда Бахарэвіча ці Людмілы Рублеўскай. А паміж гэтымі выступленнямі комната поўніцца поліфаніяй галасоў з аўдыязапісаў айчынных літаратараў. І раптам з агульнай поліфаніі вылучаецца спеў Уладзіміра Караткевіча “Ой, косю мой, косю…” альбо чытанне Янкам Купалам верша “Трэба нам песень…” Ох, як уразіла мяне гэтае чытанне ў свой час: дагэтуль гучыць у галаве непаўторная інтанацыя Купалавага маўлення.

У такім пакоі будуць затрымлівацца, там заўжды акажацца шматлюдна. Як, думаю, не пакіне абыякавым наведвальнікаў такі элемент экспазіцыйнай прасторы. Уявіце пасярод залы стэнд, што дадае яшчэ дзве паверхні. Мне запомнілася з ранейшай экспазіцыі музея паліто Івана Шамякіна. Мяркую, такія ўзоры вопраткі ёсць і ў фондах іншых нашых літаратараў. Я б прапанаваў выставіць іх уздоўж гэтага стэнда па дзесяцігоддзях. Гэта ж само па сабе цікава, як змянялася мода, стыль, дабрабыт літаратараў. І дадаць сціслыя звесткі пра тое, шапку з якога меха даставалі “па вялікім блаце”, а якое паліто можна было прыдбаць толькі на спецбазах для іншаземцаў ці наогул за мяжой.

З іншага ж боку прапаную паставіць… узоры хатніх тэлефонаў ці таксафонаў, таксама па дзесяцігоддзях. Здымаеш слухаўку — і чуеш голас пісьменніка. Як лічыце, ці затрымаюцца наведвальнікі ў такой зале? Мяркую, што абавязкова.

Таму спадзяюся на тое, што ў канцэпцыі экспазіцыі музея знойдзецца месца тым момантам, пра якія наведвальнік захавае памяць надоўга. А гэта значыць, “сарафаннае” радые пачне працаваць ці не шпарчэй за Інтэрнэт!

Сяргей ТРАФІЛАЎ

Давайце “хуліганіць"!

/i/content/pi/cult/550/11990/122-1.jpgПры ўмовах вялікага патока інфармацыі і панавання масавай культуры музей павінен найперш не столькі адукоўваць, колькі здзіўляць. Бо толькі прыцягнуўшы ўвагу наведвальнікаў (тых жа школьнікаў і моладзь, якія апошнім часам, на жаль, чытаюць усё менш), толькі зацікавіўшы іх чымсьці, можна надалей разлічваць, што прапанаваныя ім веды будуць успрыняты, а не выкінуты з памяці як смецце.

Улічваючы гэта, экскурсіі могуць весці не адно з удзелам экскурсавода, а разам з літаратурнымі героямі, рознымі для кожнага ўзросту. Для гэтага можна было б прыцягваць студэнтаў Акадэміі мастацтваў, Універсітэта культуры і мастацтваў, удзельнікаў тэатральных студый. Любы дыялог заўсёды больш цікавы, чымсьці маналог. А тым больш, калі ён пабудаваны не толькі на пытаннях-адказах, але і на прынцыпова розных пунктах гледжання. Да таго ж, у размову маглі б уступаць наведвальнікі, бо часта бывае цікава даведацца, чаму той ці іншы герой паступіў так, а не гэтак.

Што тычыцца самога музейнага начыння, дык там, да ўсяго, маглі б “круціцца”, нават без гуку, фрагменты з фільмаў ці спектакляў паводле літаратурных твораў. Змясціла б я і такія “экспанаты”, як карта Беларусі з партрэтамі пісьменнікаў, хто адкуль родам, а таксама “лента часу”, на якой іх імёны былі б змешчаны ў храналагічным парадку па даце нараджэння і з адпаведнымі ім знакамі задыяка. Такая “наглядная агітацыя” вымушала б па-новаму зірнуць на іх творчасць замест таго, каб запамінаць біяграфію.

А чаму б не завесці сваю Кнігу рэкордаў Гінеса — літаратурную, беларускую? Людзі любяць топы — дык давайце задаволім гэты попыт, пазначыўшы, хто напісаў больш за ўсё кніг, старонак, паэтычных радкоў, хто часцей перавыдаваўся, перакладаўся на іншыя мовы, натхняў стваральнікаў фільмаў, спектакляў, анімацыйных стужак.

Колькасць наведвальнікаў, як вядома, заўсёды залежыць не толькі ад таго, які лік асоб прыйдзе ў музей (у кіно, на спектакль, да прыкладу) упершыню, а колькі з іх захоча прыйсці яшчэ. У музеях дзеля гэтага ладзяцца выстаўкі. Але ж можна прыдумаць шмат чаго іншага!

Можна было б ладзіць, да прыкладу, тыдні пісьменнікаў і паэтаў — у адпаведнасці з днямі народзінаў, а не толькі значных юбілеяў. Ці месяц пісьменнікаў Гомельшчыны, месяц дэтэктываў, любоўнай паэзіі... Не толькі дэманстраваць класікаў, але і часцей прыцягваць сучаснікаў.

У моду ўсё больш уваходзяць квэсты — своеасаблівыя гульні “ў дэтэктыў”, дзе трэба, выкарыстоўваючы падказкі, выбрацца з зачыненага пакоя, адшукаць злачынцу. Чаму б не скарыстаць гэты вопыт і прымусіць наведвальнікаў шукаць штосьці сярод экспанатаў — тую ж кнігу пэўнага года напісання ці выхаду ў друк?

А яшчэ — праводзіць тэсты (натуральна, без карыстання смартфонамі): назваць аўтара цытаты (у якасці падказкі — тры прозвішчы на выбар), нейкую дату, імёны літаратурных герояў. На выхадзе з музея — апытальнікі-галасаванні: які твор з пералічаных (спіс будзе рэгулярна абнаўляцца) падабаецца больш. Прагаласаваўшы, можна будзе даведацца агульныя вынікі на гэты час: калі нават попытам карыстаецца твор, які ты не ведаеш, дык яго захочацца прачытаць!

Ну, а на сайце музея можна разгарнуцца яшчэ шырэй. Была б толькі фантазія, якой супрацоўнікі ніяк не абдзелены! Проста, можа, часам баяцца крыху “пахуліганіць”?..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Алесь Загорскі ў 3D

/i/content/pi/cult/550/11990/4-22.jpgСучасны літаратурны музей — гэта, як на мой погляд, своеасаблівы культурны цэнтр, у якім не толькі можна, да прыкладу, пагартаць — хай сабе і “віртуальна” — дзённік Максіма Багдановіча ці “Новую зямлю”, пабачыць аўтографы паэтаў ды празаікаў, розныя фаліянты, папрысутнічаць на прэзентацыях кніг, але і сустрэцца з улюбёнымі героямі: тым жа Алесем Загорскім ці Ганнай Чарнушкай, скажам, у 3D-акулярах.

Што яшчэ? На мой погляд, літаратурна-гістарычны музей не можа абысціся без экспазіцыі, прысвечанай тым беларускім пісьменнікам, якія былі рэпрасаваныя і расстраляныя ў жахлівыя сталінскія гады. Забываць пра гэтую старонку нашай гісторыі папросту недаравальна. А яшчэ тут абавязкова павінны быць прадстаўлены паэты-эмігранты — своеасаблівыя літаратурныя дысідэнты, якія тварылі, не зважаючы на тое, што знаходзіліся далёка па-за межамі Беларусі…

Памятаю, гады два таму разам з сябрамі наведаў Музей шасцідзясятніцтва, што размешчаны ў Кіеве. Экспазіцыя, дзе былі прадстаўлены асабістыя рэчы ўкраінскіх пісьменнікаў-дысідэнтаў, іхнія лісты з-за кратаў, фотаздымкі з першых літаратурных непадцэнзурных вечарын, дзясяткі калекцый самвыдатаўскіх твораў, архіўныя дакументы сапраўды ўражвалі і краналі за жывое. Вось бы і ў Мінску стварыць падобную ўстанову ці хаця б экспазіцыю! А напоўніць яе і ў беларусаў ёсць чым! Глядзіш, наведвальнікі такога літаратурнага музея самі пачалі б расшукваць цікавыя беларускія творы ды цікавіцца матчыным словам не з-пад палкі, “бо гэта ў школе прачытаць загадалі”, а ў ахвоту, самастойна… Мары і надзеі, скажаце? Магчыма. Але ж, як слушна пісала Леся Украінка, варта нават “без надії таки сподіватись…”

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ