Розгалас ля Эйфелевай

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Французскае бачанне беларускага тэатра
З медыя шмат чуваць пра суайчыннікаў, што ў пошуках больш заглыбленага культурнага досведу выправіліся за акіян. У параўнанні з такой інфармацыйнай плынню тонкай крынічкай падаюцца расповеды пра адваротную карціну, калі па вопыт да нас прастуюць замежнікі. Гэтыя прыклады не так на слыху, але ад таго — не менш уражваюць. Прынамсі, суразмоўца “К” Фабрыс КАРЭЙ — мастацкі кіраўнік франка-беларускага праекта тэатральнай асацыяцыі “Demain le printemps” (Францыя) — больш за 20 гадоў рэгулярна арганізуе ў Беларусі стажыроўкі для акцёраў з Францыі, Канады, Бельгіі, Швейцарыі і іншых краін, а таксама ладзіць у Парыжы майстар-классы айчынных дзеячаў сцэнічнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/549/11984/13-1.jpg— Фабрыс, як вядома, вы вучыліся ў нашай Акадэміі мастацтваў. Што прымусіла вас паехаць так далёка з краіны з векавымі тэатральнымі традыцыямі?

— У Францыі няма паняцця “дыпламаваны акцёр” у беларускім разуменні. У нас кіруюцца ідэяй, што ніхто не можа ведаць, як правільна навучыць быць мастаком. Таму няма ніякіх правілаў. Каб выйсці на сцэну, часам дастаткова скончыць якія-небудзь курсы. Але, на мой погляд, гэта небяспечна! Так кожны чалавек можа сказаць, што ён вялікі артыст... Адпаведна, у нас няма такога дасканалага падыходу да вывучэння прафесіі, як у вас, такога заглыблення ў тэорыю сцэнічнага мастацтва, тэатральную сістэму. З гэтай прычыны я вырашыў пасля заканчэння ў Парыжы акцёрскіх курсаў паехаць на творчыя іспыты ў Беларусь. І, нягледзячы на тое, што я не ведаў рускай мовы, Лідзія Манакова ўзяла мяне да сябе на курс.

— Мяркуючы па вашай далейшай біяграфіі, чаканні цалкам спраўдзіліся.

— Мне вельмі спадабалася беларуская тэатральная школа: гэта нешта ўнікальнае! Тое, дзеля чаго варта ехаць так далёка і убіраць у сябе, вывучаць, назіраць, разумець! Адразу ўзнікла ідэя, што яе здабыткі проста неабходна паказаць свету. Пра вашу нацыянальную тэатральную адукацыю патрэбна казаць у Еўропе, каб іншыя людзі, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, змаглі сюды прыехаць, паназіраць, пераняць вопыт. За два дзесяцігоддзі я пераканаўся, што беларусы, на жаль, вельмі часта недаацэньваюць тое добрае, што у іх ёсць, не заўважаюць шмат цудоўных рэчаў. Але, мяркую, гэта звычайная для многіх сітуацыя, бо па сваёй натуры чалавек схільны меркаваць, што, як кажуць у прыказцы, трава ў суседа заўсёды зелянейшая...

— У чым для вас галоўнае адрозненне паміж тэатральнымі плынямі дзвюх краін?

— У Беларусі захавалася спадчына, у аснову якой закладзена сістэма Станіслаўскага. У вас добра зладжаная тэатральная сістэма, бюджэтнае фінансаванне тэатраў. Такі фармат дае магчымасць аб’яднаць паслядоўнікаў Мельпамены, дапамагае працаваць і тварыць. Апрабаваная дзесяцігоддзямі класічная сістэма дазваляе назапашваць вопыт, становіцца прыступкай для таго, каб перапрацаваць лепшы досвед і стварыць штосьці арыгінальнае, новае. Для мяне яскравым прыкладам з’яўляецца Някрошус: не думаю, што ён змог бы стаць адным з лепшых сучасных рэжысёраў без класічнай школы.

Французы асабліва ўспрымаюць гэта, бо ў нас тэатральная сістэма фарміруецца на эканамічным падмурку. Спектакль у першую чаргу ацэньваецца як прадукт, на першы план выходзіць пытанне самаакупнасці. І для мяне вялікае пытанне, што лепш... Як вядома, у Францыі толькі адзін тэатр рэпертуарны — “Камедзі Франсэз”. Таму і азначэнне слова “тэатр” у пятай рэспубліцы атрымлівае іншую сэнсавую нагрузку: у нас гэта памяшканне, месца, якое здаецца ў арэнду пэўным сцэнічным праектам.

— Але прынята лічыць, што нерепертуарная сістэма дае куды большую свабоду для творчасці...

— Бяспрэчна, але паглядзіце на пытанне з іншага боку. Пасля заканчэння адукацыйных курсаў пачаткоўцы выпраўляюцца шукаць працу. І далёка не ўсе яе знаходзяць. Яны праходзяць кастынг за кастынгам, але без пэўных сувязей практычна немагчыма патрапіць у якасны праект. І вось пашчасціла — кандыдатуру зацвердзілі, пачатковец выйшаў на сцэну. Толькі грошы пад праект выдаткоўваюцца — дзяржавай ці ўласнікам — на строга вызначаны перыяд. Час заканчваецца, спектакль сыходзіць з падмосткаў — і ўсё. Акцёр зноў застаецца без працы. Паверце, французы былі б гатовы нават заплаціць, каб працаваць у такіх умовах, як у Беларусі. Яны ў вас — проста фантастычныя!

— Што асабліва ўражвае вашых суайчыннікаў?

— Што добра для акцёра ў Беларусі? Ён чатыры гады вучыцца, атрымлівае добрыя навыкі. Але, пагадзіцеся, былога студэнта складана назваць акцёрам, хутчэй — рамеснікам. Акадэмія мастацтваў працуе ў звязцы з тэатрамі. Маючы моцную базу, ён прыходзіць у трупу і менавіта там адбываецца этап станаўлення ад выканаўца ў прамым вызначэнні гэтага слова да сапраўднага творцы. Выпускнік грае ў масоўках, атрымлівае маленькія ролі. Ён стала задзейнічаны, таму прафесійна расце. Акцёр, як і музыкант, павінен безупынна быць у працэсе. Інакш ён губляе майстэрства і кваліфікацыю. У Беларусі тэатр — гэта лагічны працяг прафесійнага навучання. Калі б у вас была спрэс антрэпрыза, то хутка знік бы класічны тэатр, не было б каму перадаваць назапашаны досвед. Антрэпрыза корміць людзей, але, на маю думку, не дае творчага развіцця...

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, з якім “Demain le printemps” супрацоўнічае некалькі гадоў запар, у штаце 109 чалавек — і гэта маленькі тэатр! Акцёры заўсёды ў руху: репетыруюць, ствараюць новае. Каб у Францыі былі падыходы да тэатральнага мастацтва, як у Беларусі, уявіце, што пры такіх магчымасцях мы маглі б зрабіць! Так, у свеце ведаюць нашы мюзіклы накшталт “Сабора парыжскай Божай Маці” ці “Моцарта”. Але ў пятай рэспубліцы каля 70 мільёнаў чалавек! Доля акцёраў, што выступаюць у папулярных мюзіклах, несупастаўляльна з той колькасцю людзей, што заняты ў прафесіі, але не маюць працы...

— Але вернемся да вашага адукацыйнага праекта: вы неаднойчы провозілі стажораў на 9 месяцаў у Мінск. У жніўні на пляцоўцы РТБД прайшлі чатырохтыднёвыя заняткі “Тэатральнага ваяжу”...

— Так! Паўтаруся: у мяне ёсць вялікае жаданне паказаць краінам (у першую чаргу франкафонным) шыкоўную тэатральную школу вашага краю. З сярэдзіны 2000-х “Demain le printemps” супрацоўнічае з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Teatro”. Яны таксама імкнуцца даказаць на справе, што ў вас існуе цудоўная нацыянальная школа. Доўгі час мастацкім кіраўніком франка-беларускага праекта была Лідзія Манакова. Зараз яна перадала на пэўны час кіраўніцтва праектам у Мінску мне. Зрэшты, нашы выкладчыкі — выпускнікі Лідзіі Аляксееўны. Прынамсі, “Тэатральны ваяж” вядуць беларускія рэжысёры Ігар Блінкоў, Сяргей Тарасюк.

У ваколіцах Эйфелевай вежы ідзе добры розгалас пра нашы майстар-класы. Ахвотныя адсочваюць навіны “Demain le printemps” на адмысловым сайце, там жа пакідаюць сваю заяўку. Сёлета ў ваяж у свет беларускай тэатральнай школы выправіліся 17 прадстаўнікоў розных краін ва ўзросце ад 17 да 52 гадоў. У такім фармаце мы працуем другі год запар, летась у Мінску ўжо практыкавалася падобная група інтэнсіўнага навучання. Мы ўпэўніліся, што такая колькасць стажораў аптымальная, каб годна данесці вопыт і веды да людзей.

— У праграме стажыроўкі значацца толькі прафесійныя майстар-класы?

— Не зусім. Людзі вывучаюць не толькі майстэрства акцёра, але знаёмяцца з вашым фальклорам, ад першакрыніц пазнаюць мілагучнасць беларускай мовы, нават спрабуюць выконваць беларускія народныя песні. Яны назапашваюць непасрэдна неабходнае для іх будучых прафесійных праектаў, але і даведваюцца пра вашу культуру, якая далёка не ўсім вядомая. Паверце, гэтыя культурныя парасткі прыкметны ў творчасці былых удзельнікаў франка-беларускага праекта.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"