Бібліятэчны дэтэктыў

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Можна шмат разважаць пра тое, што ўваходзіць у абавязкі сучаснага бібліятэкара, а што — не. Радуе, што хтосьці не разважае, імкнучыся захаваць “недатыкальны гонар профіля” і рэнамэ “ціхага” работніка культуры, а рашуча дзейнічае. І што вельмі важна — не першы год. “Калі чытачы да нас не ідуць, трэба ісці да іх”, — упэўнена загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ імя Карла Маркса цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва Алена Астапава. Пра гэтыя паходы — і размова.

Пра крэатыў у бібліятэчнай справе Алена Мікалаеўна гатова казаць гадзінамі. Для гэтага яна чытае (увага!) прафесійную літаратуру і ладзіць онлайны з замежнымі калегамі. Прынцыповая пазіцыя спецыяліста. Хто замінае гэта рабіць іншым? Інакш кажучы, валоданне інфармацыяй — свайго роду мастацтва.

Галоўная вулічная бібліятэчная дзея прымяркоўваецца да Дня горада. Калі святочна і шматлюдна, лягчэй прыцягнуць грамаду да абмеркавання бібліятэчных праблем. Той, хто ў выніку яркага мерапрыемства даведаўся, дзе знаходзіцца бібліятэка, калі-небудзь ды наведаецца сюды ў якасці чытача. Прынамсі, будзем у гэта верыць.

Летась на адкрытай бібліятэчнай пляцоўцы дзейнічала рэтра-вечарынка. Ахвотныя вучыліся танцаваць факстрот, каштавалі махіта, зробленае па бібліятэчным рэцепце, у антуражы савецкага побыту знаёміліся з тагачаснай літаратурай. А па тым часе шмат цікавага адбывалася. Да прыкладу, Іван Шамякін, бадай, першым распавёў пра жыццё беларускай інтіэлігенцыі: архітэктараў і ўрачоў. Як згадвае мая маці, філолаг з саракагадовым стажам, з’ява ў нацыянальным літаратурным свеце была надзвычайная…

Сёлета, па словах Алены Астапавай, на Дзень горада ў Камсамольскім скверы адбыўся арт-фестываль “Моладзь у руху, або Жыві ў рытме свайго горада”. Ініцыятар — Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк абласнога цэнтра. На бібліятэчнай пляцоўцы ў Год моладзі сабраліся навучэнцы, студэнты, валанцёры, актывісты БРСМ. Ці цяжка было аб’яднаць адзінай ідэяй удзельнікаў студыі сучаснага танца, візажыстаў, спевакоў ды музыкантаў? Не, сцвярджае Алена Астапава. На бібліятэчнай арт-прасторы сабралася творчая моладзь, якая прагне самарэалізацыі і не губляе для гэтага ніводнага шанца. А арганізатарам дастаткова было ўзяць у рукі спіс таленавітай гарадской моладзі і абвесціць агульны збор праз сацыяльныя сеткі… Ці ва ўсіх ёсць такі спіс?

Любая бібліятэчная акцыя павінна мець на ўвазе не танцы ды спевы, а кнігу, скажа “ціхі” бібліятэкар. Не ціхі магілёўскі супакоіць апанента: усё так і было. Поста пра карысць чытання можна гаварыць нязмушана: мовай хіп-хопа, флэш-моба і дэфіле… Паказ мод, да прыкладу, быў навеяны літаратурнай класікай. А ў якасці дызайнераў і мадэлей выступілі самі бібліятэкаркі. Схіляю галаву перад такім смелым літаратурным рамантызмам.

Хапала і ўласна бібліятэчных мерапрыемстваў. Здаецца, сустрэча маладых паэтаў — даволі будзённая для бібліятэкі справа. Гэта гледзячы як яе ладзіць! У скверы вершы чыталіся так нязмушана і шчыра, што да вольнага мікрафона прыбегла прадаўшчыца з суседняй крамы і так прачытала з Твардоўскага, што ўразіла ўсіх. Як, зрэшты, і шасцігадовая чытальніца, што на сцэну прыкаціла на роліках.

Дзейнічаў імправізаваны кінатэатр, дзе ў рэжыме экспрэс-прагляду можна было пазнаёміцца з буктрэйлерамі класічнай літаратуры. Бібліятэка вандруючых кніг прапаноўвала выданні на вечар. Дарэчнай падавалася з гэтай нагоды лаўка “Сядай і чытай”. А пад час квэст-гульні “Загадкавае здарэнне ў бібліятэцы” члены пяці каманд маглі адчуць сябе Эркюлем Пуаро…

Няўжо ў іншых абласных цэнтрах не здараецца час ад часу штосьці падобнае?