"У цэнтры ўвагі — дзеці!"

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

З мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы траўматызму і гібелі ад пажараў пакінутых без нагляду дзяцей з 20 жніўня па 30 верасня ў рэспубліцы праходзіць прафілактычная акцыя "У цэнтры ўвагі — дзеці!", прымеркаваная да Дня ведаў. Акцыя будзе праходзіць у 3 этапы, у ёй бяруць удзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, работнікі раённых і гарадскіх аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.

Першы этап акцыі да 31 жніўня доўжыцца ў буйных гандлёвых цэнтрах ды іншых аб’ектах, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі тавараў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў, дзе разам з асноўнай прадукцыяй размяшчаюцца элементы для прыцягнення ўвагі насельніцтва. Так, у аддзелах дзіцячага адзення на манекенах або вешалках выстаўляюцца камплекты форменнага адзення выратавальніка, а ў аддзелах канцтавараў — вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Акрамя таго, пакупнікам актывісты раздаюць наглядную прадукцыю. Праз працу радыёвузлоў і плазменных экранаў на аб’ектах гандлю наведвальнікаў інфармуюць аб ходзе акцыі, асноўных прычынах узнікнення пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.

Другі этап акцыі будзе праходзіць з 2 да 15 верасня ў агульнаадукацыйных установах на лінейках або класных гадзінах, дзе работнікі МНС будуць праводзіць гутаркі аб папярэджанні надзвыйных сітуацый і асноўных прычынах узнікнення пажараў, а таксама пра алгарытм дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях. У ходзе мерапрыемства абавязкова будуць дэманстравацца навучальныя відэафільмы і распаўсюджвацца наглядная прадукцыя.

На трэцім этапе акцыі з 15 да 30 верасня работнікі МНС наведаюць дашкольныя ўстановы. Для дзяцей будуць арганізаваны тэатралізаваныя паказы і дэманстрацыя тэматычных навучальных мультфільмаў. З бацькамі правядуць прафілактычныя гутаркі, а з педагагічным складам — навучальныя інструктажы.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска