Вяртанне Лалівуду

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Першы Фестываль пакістанскага кіно адбыўся ў сталіцы
Першы Фестываль пакістанскага кіно прайшоў у Мінску на пачатку жніўня ў кінатэатры “Цэнтральны”. Так, танцы, спевы, каханне… Так, стрэлы і бойкі… Але новы кінематограф гэтай краіны дэманструе глядацкі патэнцыял. Як вам сусветныя зборы ў 3,9 мільёна долараў? Менавіта столькі сабраў блакбастар “Удар” Білала Лашары, што быў прэзентаваны беларускай публіцы ў рамках форуму. Зборы іншай карціны — “Бін Рой” Маміны Дзюрэйд — 2,4 мільёна долараў, але гэта пакуль: сусветная прэм’ера стужкі адбылася толькі ў ліпені.

/i/content/pi/cult/549/11976/6-4.jpgНасамрэч, перад намі — фільмы “новай хвалі” пакістанскага кіно, якое пачынае набіраць абароты пасля больш як трыццацігоддзя стагнацыі. Прыстойныя бюджэты, тэхнічныя дасведчанасць, спрактыкаванасць, зладжанасць, пошукі самаідэнтыфікацыі з прыцэлам, шырэйшым за лакальную аўдыторыю, — бадай, галоўныя рысы, якія вылучаюць новы кінематограф Пакістана. Перад намі — топавыя стужкі апошніх гадоў і публіка, якая заспела захапленне індыйскім кіно ў савецкія часы, знойдзе тут глебу для паралелей. Але спяшацца не трэба! Лалівуд — такую народную назву мае індустрыя кіно ў Пакістане — сёння выпускае не толькі яскравыя меладрамы і тэхнічныя баявікі. Сучасныя кінематаграфісты спрабуюць размаўляць аб праблемах, уласцівых менавіта пакістанскаму грамадству.

Важны бэкграўнд

Амаль два стагоддзі ў якасці калоніі Вялікабрытаніі, што ўключала ў сябе сучасныя тэрыторыі Індыі, Бангладэша, Бірмы і Пакістана, — час, які, вядома, аказаў уплыў на культуру краіны, прэзентаванай у Мінску праз кіно. Мяркую, невыпадкова сёння Ісламская Рэспубліка Пакістан мае дзве афіцыйныя мовы — урду і англійскую. Да таго ж, многія зоркі "Pakistani Cinema" ў часы Брытанскай Індыі працавалі ў індыйскім кіно, і толькі пасля атрымання незалежнасці краю ў 1947-м перабраліся ў новую дзяржаву ды спрычыніліся да славы менавіта пакістанскага кінематографа. Магчыма, дзіву кіно Індыі і Пакістана, аднаго з першых рэжысёраў пакістанскага кіно наогул, Нор Джахал ведаюць толькі знаўцы, але імя вядомага спевака і акцёра Ахмеда Рушдзі, мяркую, знаёмае не толькі прыхільнікам Лалівуду. Росквіт яго кар’еры прыпаў на “залаты век” пакістанскага кіно, 1960-я, калі пасля канфліктаў паміж суседнімі дзяржавамі індыйскія фільмы не дэманстраваліся ў Пакістане. І гэты “бан”, як ні дзіўна, дазволіў важка прагучаць талентам пакістанскай кінаіндустрыі: Вахеду Мураду, Надзіму, залатому голасу Ахмеда Рушдзі. А сама вытворчасць Лалівуду выйшла на паказчыкі больш за 80 карцін у год.

Але многае змянілася пасля адлучэння ад Пакістану яго ўсходняй часткі — Бангладэшу — у 1971 годзе. Пакістан згубіў важны кінематаграфічны цэнтр — Даку. Кінаіндустрыя моцна пацярпела ў часы жорсткай ісламізацыі краю ды ўвядзення новых законаў, падаткаў. Дайшло да таго, што пачалі закрываць кінатэатры. У гэтыя часы распаўсюдванне атрымоўваюць так званыя “gandasa” — крывавыя баявікі, дзе галоўны герой помсціць мясцовым бандытам мясцовай сякерай — гандасай. Падобныя стужкі, у асноўным — на мове панджабі, выцяснілі больш стрыманыя і класічныя карціны на урду, стварыўшы нават адмысловую субкультуру — гандаса-культуру.

Цікава, што стужкі на пушту, яшчэ адной мове, на якой гаворыць каля пятнаццаці працэнтаў пакістанцаў, таксама здолелі заваяваць на рынку свою “лусту пірага”. Іх спецыфіка — іншая крайнасць — “заступ” на тэрыторыю эратычнага кіно. Усе гэтыя, скажам так, не першага шэрагу стужкі пэўны час трымалі аўдыторыю, але напрыканцы 1990-х індустрыя заняпала.

Сучаснасць

Па сутнасці, пакістанскі кінематограф, як і беларускі, апынуўся ў цяжкім становішчы на мяжы новага стагоддзя. Сітуацыя пераламілася з прыходам новага пакалення кінематаграфістаў, якія пачалі рабіць фільмы з прынцыпова іншым змястоўным складнікам, абапіраючыся на зусім невялікія бюджэты. У маніфестце, які яны абвесцілі, адным з пунктаў гучаў прынцыповы пратэст гандаса-культуры.

З боку ўлады была знята забарона на прадукцыю Балівуду ў Пакістане, і, адпаведна, “зялёнае святло” на распаўсюджванне фільмаў на экраны Індыі атрымалі пакістанцы. Адкрытасць да міжнароднага супрацоўніцтва садзейнічала росту інвестыцый, да ўсяго, значную ролю ў прасоўванні ўласнай прадукцыі адыгралі пакістанскія тэлеканалы, пэўныя з якіх сталіся прыватызаванымі.

Справа зрушылася з “мёртвай кропкі”, і сёння пэўныя імёны пакістанскага кіно ўжо пачалі фарміраваць яго “новую хвалю”.

Дык што ўяўяляе з сябе сучасны кінематограф Пакістана? Паказаныя ў Мінску стужкі выявілі дзве важныя тэндэнцыі. Першая — значная вестэрнізацыя азіяцкага кіно, яго зварот да заходняй культуры. А другая — усё ж такі апора і на ўласныя традыцыі, культурны ландшафт, лакальныя праблемы.

Спевы і танцы, якія прысутнічаюць у стужках, падаюцца дазіравана, прапануючы, скажам так, разнастайную візуальную падачу. А галоўныя героі выглядаюць цалкам ў рэчышчы глабальнага кіно: іх экзатычная для нашай часткі свету знешнасць атрымлівае адпаведную “раму” і еўрапейскую афарбоўку. Скажам, галоўны герой “Удару” — гэта літаральна пакістанскі Рэмба, які дзейнічае ў складаных абставінах тэрарыстычнай пагрозы. У цэлым, счытваць мусульманскую культуру ў кіно цікава, але, на жаль, сцэнарныя правалы і захапленне тэхнічным бокам, візуальнымі эфектамі робяць пэўныя зрухі ў кіно павярхоўнымі.

Тым не менш, пасля фестывалю ў Сеціве я напаткала яшчэ адну нашумелую пакістанскую стужку апошняга пяцігоддзя — “Апошняе слова” Шоаба Мансура, якая распачала “новую хвалю” і атрымала з тузін міжнародных узнагарод. Гэта кіно сапраўды прымушае пра сябе гаварыць, бо ў цэнтры яго — крытыка да артадаксальнасці мусульманскага грамадства. І тое — смелае выказванне. Да ўсяго, героі ў карціне жывыя, не кардонныя, і таму глядзець стужку цікава. Варта аддаць належнае рэжысёру, бо спалучаючы і музычныя элементы, і ўсходнюю эмацыйнасць у адлюстраванні персанажаў, яму ўдалося стварыць сапраўдную сацыяльную драму, якая будзе справядлівай для многіх грамадстваў.

Урок можна вынесці такі. Магчыма, пакістанскае кіно зараз і знаходзіцца “на раздарожжы” — заставацца яму ў “пэўнай традыцыі” ці шукаць новы ўласны шлях, — але зразумела: яго гісторыя сёння дакладна пішацца, а кінамова — змяняецца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"