Сола пад стрэхамі

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Іван КІРЧУК, лідар этна-трыа "Троіца", выкладчык Інстытута культуры Беларусі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка
Апошнім часам мяне асабіста і праз Інтэрнэт часта сталі пытацца, а што, уласна, адбываецца з гуртом “Троіца”, ці праўда, што мы збіраемся сыходзіць з музыкі?

/i/content/pi/cult/549/11972/4-2.jpgНапэўна, падставай для такіх пытанняў служыць тое, што некалькі нашых крайніх “жывых” праектаў у Мінску не змаглі сабраць поўныя залы, што няма інфармацыі аб тым, як рыхтуецца новы альбом калектыву. Спяшаюся ўсіх супакоіць: мы жывыя і здаровыя, поўныя сіл і ідэй. А творчасць, як сказаў бы таварыш Сухаў, справала тонкая: сёння ў артыста — аншлаг, заўтра — прададзена з дзясятак білетаў. Галоўнае — рухацца далей, калі ёсць з чым, не звяртаючы ўвагу на непазбежныя цяжкасці. Так што і канцэрты будуць, і альбом. А пакуль...

Пакуль на маім гарызонце — сольнік у рамках фестывалю “Камянiца”, які пройдзе 5 верасня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам. Гэта будзе прэм’ерная эксклюзіўная праграма “Споведзь пад стрэхамi”. Арганізатары прасілі, каб я выступіў са сваім лялечным тэатрам “Батлейка”, але праз шэраг прычын гэтага мне зрабіць не ўдалося б. Таму быў падрыхтаваны 30-хвілінны монаспекталь, складнікам якога і стане фрагмент тэатральнага прадстаўлення. Я вырашыў не “грузіць” гледача сваёй філасофіяй, абысціся без насычаных аранжыровак “Троіцы”, хоць інструментаў будзе дастаткова: і знаёмых публіцы — жалейкі, гуслі, акарыны, ліра; і тых, што выконваюць іх ролi, — чыгункі, камяні, падковы. Не сказаў бы, што гэтая, як я яе называю, этна-містэрыя арыентавана на нейкага пэўнага гледача, але, думаю, у першую чаргу ёй прасякнуцца дзеці. Можа, хтосьці расцэніць такое “падарожжа на машыне часу” як спрошчаны варыянт уваходжання ў каранёвую беларускую культуру, своеасаблівае знаёмства з нашымі традыцыямі, родным фальклорам. Але спрошчаны не значыць лёгкі, легкаважны, папсовы, гэта — падмурак, аснова, на якой стаіць і сам будынак дзяржавы.

Я паспрабую як бы рэканструяваць фрагмент побыту нашых продкаў, калі яны жылі вось у такіх хатах, з сечанымі сталамі і крэсламі, з печамі, са свечкамі, з простай ежай, з працай ад світання да захаду. І з верай, і са святамі ды абрадамі. Пачынаецца ўсё з калыханкi, потым настае абуджэнне, калі дзіця нібы ўступае ў вялікі свет. Я паказваю, расказваю і спяваю яму гэты свет. Змяняюцца поры года, надвор’е, настроi, абставіны, прадметы. І маскі — з казак, распаведзеных бабуляй, з кірмашоў. Падзеі ідуць адна за адной — паўсядзённыя і чаканыя: ураджай і вяселле, сонца і снег, Купалле і Каляды...

Мне самому цікава, наколькі ў мяне атрымаецца менавіта такім чынам удыхнуць тое жыццё, але ўсё ж у сучаснасць, няхай яна і “апранаецца” ў музейныя адзежы. Добра, што ёсць музеі такой скіраванасці, выдатна, што некаторыя з іх размяшчаюцца ў прыродным асяроддзі, у іх праходзяць экскурсіі, але, як мне здаецца, такія акцыі, як “Споведзь...”, маглі б стаць арганічным складнікам дзейнасці такіх устаноў: забаўляльным і, у той жа час, абавязкова адукацыйным.

Праект будзе паказаны ў адным з памяшканняў музея на працягу дня тры разы. Што з ім адбудзецца далей?.. Калі мне прапануюць паўтарыць яго тут яшчэ, то, вядома, пагаджуся. З задавальненнем пракаціў бы спектакль і па краіне. Спадзяюся, я аб’ектыўны ў ацэнцы таго, што робіць “Троіца”, што раблю я сам. Прынамсі, нічога дрэннага і шкоднага мы людзям не нясём. Аднак часам рукі апускаюцца, калі бачыш, што ў шырокіх масах запатрабаваная псеўдаэтнiка, што з экранаў прапагандуецца псеўдаархаiка, артысты спекулююць на тэме фольку. Тады, магчыма, і з’яўляюцца чуткі, што гурт распаўся, што з музыкай мы завязалі. Крый божа, такiя псеўдамастацтва i псеўдагiсторыя ўкараняцца ў людской свядомасці, як нешта сапраўднае. Мы і працуем для таго, каб даносіць да людзей рэальнае, якое б яно ні было: горкае і салодкае, страшнае і прыгожае. Уся наша творчая дзейнасць — гэта споведзь.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"