Не на сценах, а ў сценах

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр
Пэўна, папярэднія раённыя святы фальклорнага мастацтва Ляхавіччыны “З крыніц спрадвечных” праходзілі па такой жа праграме, якая заяўлена ў сёлетнім запрашэнні: “Выступленне дзіцячых і дарослых фальклорных калектываў, прыпевачніц, гарманістаў, майстар-клас клуба фехтавання, выстаўка-продаж работ майстроў, выстаўка страў беларускай кухні…”.

/i/content/pi/cult/549/11971/14-6.jpgАле сёлетні фэст быў незвычайным: адметны ён стаў святкаванем 275-годдзя з дня нараджэння славутага земляка Тадэвуша Рэйтана. А незвычайна прадстаўлены вялікі шэраг мастацкіх прац, прысвечаных яго роду, даў нагоду абвясціць дэвіз свята: “Рэйтан” прыехаў да Рэйтана”.

Ураджэнец Баранавічаў, мастак з еўрапейскай вядомасцю Аляксандр Родзін пятнаццаць гадоў працаваў, у асноўным, у мастацкім доме “Тахелес”, што ў самым цэнтры Берліна. У апошнія гады, не парываючы сувязей з Нямеччынай, заняўся мэтанакіравана тэмай Тадэвуша Рэйтана. “Падсадзіў” яго на захапленне дзейнасцю гістарычнай персоны зямляк Зміцер Юркевіч.

У майстэрні Родзіна, што ў самым цэнтры Мінска, на Нямізе, штотыдзень нараджаўся новы вялікі холст — адна старонка гісторыі старадаўняга шляхетскага роду. А напрыканцы мінулага года першая, пробная, выстаўка прайшла ў канферэнц-зале Палаца мастацтваў — каля дваццаці твораў закрылі вокны і сцены невялікага памяшкання. У студзені 2015-га ўрачыста адкрылася выстаўка, ужо значна папоўненая, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Супрацоўнікі ўстановы дадалі да яе шматлікія дакументы, выданні па гісторыі, што мелі дачыненне да роду Рэйтанаў.

Потым былі, так бы мовіць, выязныя праекты: паменшаныя палотны выстаўляліся ў краязнаўчых музеях гарадоў Беларусі — з удзелам мастакоў, вядома ж. А на сталічным Палацы мастацтва ўжо з сакавіка вісеў вялікі шчыт з паведамленнем, што 15 чэрвеня 2015-га адкрыецца выстаўка “Рэйтан”.

У той дзень каля сямідзесяці вялікіх палотнаў распавядалі пра гісторыю славутага роду, пра гераічны ўчынак самога пана Тадэвуша, які паспрабаваў не даць падпісаць дакумент аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. За няпоўны месяц экспазіцыі тысячы людзей агледзелі яе, паслухалі навукоўцаў, музыкантаў і мастацкія калектывы, якія ахвотна ўзялі ўдзел у патрыятычнай акцыі.

У гэтыя паўгады ладзіліся сходы, канферэнцыі, ствараліся даследаванні на “рэйтанаўскую” тэму. У рэдакцыі “К”, якая сочыць за гэтай тэмай, зладзілі “круглы стол” з удзелам мастакоў, навукоўцаў, прадстаўнікоў Ляхавіцкага райвыканкама. Але гэта ўсё можна лічыць “арт-падрыхтоўкай”, “разагрэвам” перад мерапрыемствам, якое адбылося 22 жніўня ў Грушаўцы.

Бадай ніхто такога нідзе і ніколі не бачыў: вялікі сядзібны дом увесь, з усіх чатырох бакоў, быў абвешаны халстамі Аляксандра Родзіна. Усім працам не хапіла на сценах сядзібы месца, дык развесіў іх мастак і на сараях, лядоўнях фальварка.

Адказныя за культуру ў раёне, мастакі, навукоўцы распавядалі землякам, сярод якіх было шмат моладзі і дзяцей, пра Тадэвуша і ўвогуле пра род Рэйтанаў з Грушаўкі.

Канешне, адбылося ўсё, пра што сведчыла запрашэнне: і пыл стаяў на пляцоўцы, дзе біўся з партнёрам на мячах “ваяр” —мастак Зміцер Шапавалаў, і чэргі ля шашлычніц і латкоў з беларускімі стравамі назіраліся, і дзеці гайдаліся на батутах, і балетмайстар проста на прасёлку вучыла падлеткаў паланэзу, і мастакі Яўген Шунейка ды Уладзімір Сайко тут жа малявалі экспрэс-партрэты ахвотным, і, канешне, бясконца гучалі беларускія песні з эстрады!

/i/content/pi/cult/549/11971/6-1.jpg

Падчас імпрэзы. / Фота аўтара

Раённыя ўлады пастараліся: усё было дакладна арганізавана: і прыбіральні, і радыёўзмацняльнікі, і, на ўсялякі выпадак, машына “хуткай дапамогі”, і аўтастаянка, куды скіроўвалі машыны гасцей супрацоўнікі ДАІ.

Але ж ніяк не вырашаецца галоўная праблема: лёс фальварка, які з гадамі літаральна развальваецца. Што будзе з вялікай драўлянай сядзібай, якая стаіць з закалочанымі вокнамі, з іржавымі бляшанкамі на даху, з рэшткамі цэглы ад прыступак, з парослымі хмызняком свіранамі, з запушчаным каскадам сажалак, з разбуранай гатычнай капліцай, дзе парушаны пакой Рэйтанаў?

Ляхавічы, здаецца, — адзін з нямногіх райцэнтраў у Беларусі, які не мае краязнаўчага музея. Таму немагчыма сядзібу Рэйтанаў зрабіць філіялам апошняга, як робіцца тое ў іншых раёнах. І пытанне, вядома, не вырашыць адным раённым уладам, якія, як могуць, захоўваюць памяць пра славутага земляка.

Выстаўкі, канферэнцыі, “круглыя сталы”, артыкулы ў прэсе будуць, бы тыя кроплі-назолы, якія ўрэшце вывядуць пытанне на дзяржаўны ўзровень. І тады халсты Аляксандра Родзіна будуць красавацца не звонку, на сценах, а ў сценах адроджанай сядзібы з шыльдай “Дом-музей Тадэвуша Рэйтана”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр