Часам спонсары проста ігнаравалі...

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Нататкі менеджара дзяржаўнага фольк-фэсту
Неяк у адным з артыкулаў я аналізавала сучасны стан фальклору на Міншчыне і асноўныя чыннікі яго выраджэння. Адным з такіх чыннікаў была названа “непрыстыжнасць” фальклорнага мастацтва: адсутнасць значных “статусных” мерапрыемстваў, дзе аматары роднай культуры маглі б праявіць сябе і набрацца вопыту ў аднадумцаў. Але разважаць і крытыкаваць сітуацыю лёгка, а вось што-небудзь зрабіць для яе паляпшэння… І таму, ад словаў — да справы! Было вырашана ладзіць абласное свята-конкурс па фальклоры.

/i/content/pi/cult/549/11970/4-1.jpg

Падчас сёлетняй "Мінскай кадрылі". / Фота аўтара

На працягу многіх гадоў існавання Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці склалася цікавая традыцыя ў сферы фальклора: кожны год прысвячаць пэўнай з’яве народнай культуры. Так, тэматыкай 2014 года на Міншчыне стаў побытавы танец. На працягу года раённыя метадычныя арганізацыі збіралі звесткі пра традыцыйныя побытавыя танцы сваіх рэгіёнаў, ладзілі разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай з’яве.

Каб падвесці вынік складанай (бо носьбітаў амаль не засталося, а тыя, хто яшчэ нешта памятае, не заўжды здольныя паказаць, як танчылі продкі), было вырашана прысвяціць абласное свята па фальклоры народнай харэаграфіі. Арыенцірам па змесце для яго стала канцэпцыя Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Увогуле, па задумцы арганізатара гэтага фестывалю, Мікалая Козенкі, для падрыхтоўкі калектываў да ўдзелу ў “Берагіні” кожная вобласць павінна праводзіць адборачны тур. На Міншчыне ў 2013 годзе спроба такога тура была: у межах свята-конкурсу дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” у Клецку быў праведзены Першы Абласны конкурс-адбор па традыцыйным танцы сярод дзіцячых фальклорных калектываў “Мінская кадрыля”.

Кадрыля — шматкалены парны танец, які зарадзіўся ў асяродку англійскіх сялян, потым “перайшоў” у салоны Францыі, з якіх распаўсюдзіўся па розных краінах свету, захаваўшы гістарычныя рысы і набыўшы рэгіянальныя адметнасці. Кожная фігура складалася з сольных выступленняў пар і заканчвалася агульнымі па. Такім чынам атрымліваўся складаны, разнастайны і прыгожы танец, у якім кожная пара магла праявіць сваю індывідуальнасць і адначасова адчуць сябе часцінкай агульнага кола танцораў.

Таму вырашылі назву пакінуць, змяніўшы фармат мерапрыемства. Па-першае, зрабіць яго не “ў межах” іншага свята, а самастойным. Гэта (разам са статусам “абласное”) прыдало вагі і прэстыжу як фестывалю, так і калектывам-удзельнікам. Па-другое, па прыкладзе “Берагіні” да ўдзелу запрашаліся калектывы не толькі ад устаноў культуры, але і ад устаноў адукацыі. Як ужо пісалася ў адным з артыкулаў, у нас існуе шмат людзей і арганізацый, якія намагаюцца захаваць творчую спадчыну продкаў, але робяць гэта паасобку, часам ледзь не варагуючы адно з адным. А, як паказвае практыка, толькі аб’яднаўшы намаганні, можна дасягнуць станоўчага выніку. Таму, запрасіўшы на “Мінскую кадрылю” людзей з блізкай да культуры сферы, я спадзявалася зрабіць першы крок у накірунку такога збліжэння.

І вось першы этап — распрацавана праграма конкурсу, разасланы запрашэнні, складзены прыкладны спіс удзельнікаў. На фестывалі сваё майстэрства паказвалі 17 калектываў, а за права называцца лепшымі танцорамі Міншчыны змагалася 68 пар у чатырох катэгорыях.

Пакуль калектывы рыхтуюцца, вучаць танцы і карагоды свайго рэгіёна, удасканальваюць манеру выканання, думаюць над касцюмамі, у арганізатара шмат праблем.

Адна з іх — кансультацыйныя паслугі. Каб свята было вартым, патрэбен прафесійны падыход: музыка (на фальклорным свяце яна мае быць толькі ў жывым гучанні), журы, сцэнарый... І тут я ўпэўнілася: на свеце шмат добрых людзей. Абсалютна бясплатна, у свой вольны час яны пагадзіліся дапамагаць, ня гледзячы на статусы і тытулы.

Вялікую дапамогу аказаў Мікалай Козенка: не аднойчы мы з ім сустракаліся, а па электроннай пошце і мабільным тэлефоне кантактавалі ледзь не штодзень, удакладняючы, абмяркоўваючы, выпраўляючы. Ніколі не забуду я, як гэты цудоўны чалавек стаяў ля майго працоўнага стала і, прытанцоўваючы, адбіваў у далоні такты полькі, лявоніхі і іншых рэчаў, а я з гадзіннікам засякала час, каб скласці праграму для музыкантаў на турнір танцавальных пар.

Таксама шчырай удзячнасці заслугоўваюць выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: загадчык кафедры этналогіі і фальклору Вячаслаў Калацэй, яе старшы выкладчык Таццяна Пладунова і старшы выкладчык кафедры харэаграфіі Ірына Бадунова. Яны адразу адгукнуліся на запрашэнне ў якасці членаў журы і напружана працавалі цэлы дзень, ацэньваючы калектывы і танцавальныя пары (для даведкі: агулам канкурсантаў было 313 чалавек), даючы прафесійныя каментарыі і парады. І таксама — бясплатна.

Але асноўным галаўным болем стаў прызавы фонд. Удзельнікі гатовы былі харчавацца за свой кошт, а некаторыя нават дабіраліся да месца правядзення на грамадскім транспарце, але, канешне, ім хацелася атрымаць у дадатак да дыплома што-небудзь на памяць. Ды зноў жа гэта было пытанне прэстыжу: вельмі часта, выступаючы на якіх-небудзь мерапрыемствах, фальклорныя гурты прывозяць дадому толькі дыпломы (па словах удзельнікаў гуртоў, ім ужо абрыдла, уклаўшы столькі сіл і працы ў падрыхтоўку, атрымліваць “гэтыя паперкі”). І, хаця свята насіла статус “абласное”, але складанае фінансавае становішча, крызіс, эканомія… Абласны бюджэт, на жаль, не змог выдзеліць грошы на правядзенне фестывалю. Давялося зноў звяртацца да “добрых людзей”: шукаць спонсараў.

У час майго навучання ва ўніверсітэце на кафедры менеджменту нас вучылі, “як правільна” шукаць спонсараў, што ім абяцаць, як распавядаць пра свой праект. Але, занатоўваючы словы выкладчыкаў у канспект, я вельмі прыблізна ўяўляла, з чым давядзецца сутыкнуцца, калі будзеш шукаць спонсара на дзяржаўнае мерапрыемства.

Часта было поўнае ігнараванне, нежаданне сустрэцца і выслухаць. Было і такое, што, паабяцаўшы грошы, у апошні момант мне адмовілі. Але, нягледзячы на гэта, я працягвала пошукі. І невялікі, але такі жаданы, прызавы фонд стварыць усё ж такі ўдалося! Не магу не падзяліцца той радасцю, якую я адчула, калі дырэктар гасцінічнага комплекса “У фонтана” Ігар Лапшын, выслухаўшы мяне, усміхнуўся і сказаў: “Не хвалюйся, усё атрымаецца”. А на наступны дзень мы сустрэліся ў краме, і гэты цудоўны чалавек аплаціў усё, што я набыла для прызоў.

Вялікі ўнёсак у арганізацыю свята зрабіла грамадская культурная кампанія “Будзьма беларусамі!”. Акрамя інфармацыйнай падтрымкі, “будзьмаўцы” папоўнілі прызавы фонд “Мінскай кадрылі” торбамі, цішоткамі, цікавымі кнігамі, нататнікамі. Дапамаглі прызамі і арганізатар серыі выстаў “Рамзэс-экспа”, творчая майстэрня “V-arta”, ганчар Вольга Жарнасек. З чаго можна зрабіць выснову, што знайсці прызы магчыма. Галоўнае: час, жаданне і ўпартасць.

Але акрамя кансультацый і фінансаў патрэбны былі і “чалавечыя рэсурсы”, іншымі словамі — валанцёры. З гэтай роляй выдатна справіліся мае родныя і сябры. З чаго выснова: быць родзічам ці сябрам работніка культуры небяспечна. Давядзецца бясплатна працаваць на карысць грамадства.

Вялікую цяжкасць выклікала рэклама. Зразумела, пра платныя паслугі не было нават гаворкі. Электронную афішу размяшчалі ў сацыяльных сетках, на сайтах сяброў і спонсараў. Дапамаглі і супрацоўнікі радыё “Мінская хваля”, зрабіўшы анонс. Канешне, гэтага мала. Гасцей на фестывалі аказалася няшмат (яшчэ і надвор’е стаяла шалёнае: то сонца, то дождж). Але ўсё ж такі і такая рэклама прынесла станоўчыя вынікі. На свяце былі не толькі жыхары Барысава, якія “праходзілі міма”, але і госці з іншых гарадоў (у тым ліку і з Мінску), якія прыехалі спецыяльна на свята!

І вось яно — свята. Прыязджаюць ўдзельнікі. Шмат з якімі мы завочна знаёмыя, бо арганізацыйныя пытанні патрабавалі пастаяннага кантакту па тэлефоне ці па электроннай пошце. І, гледзячы на народныя строі, святочны ўздым, хваляванні калектываў, на кранальна сур’ёзных дзетак, якія паўтараюць рухі парных скокаў, я зразумела: усе намаганні былі недарэмнымі, такія святы варта і патрэбна праводзіць, нават калі няма дзяржаўнага фінансавання. А ззянне ўсмешак пераможцаў, удзячныя словы экспертам з журы ад кіраўнікоў калектываў, задавальненне гледачоў напрыканцы конкурсу яшчэ раз пацвердзілі гэта.

Са свайго вопыту я зрабіла некалькі важных высноў. Першая: тэарэтычныя развагі павінны прыводзіць да практычных дзеянняў, інакш яны ператвараюцца ў нішто. Другая: вызначыўшы мэту, трэба ісці да яе, выкарыстоўваючы ўсе свае рэсурсы. Трэцяя: вакол ёсць шмат людзей, гатовых дапамагчы бясплатна — варта толькі пачаць іх шукаць і не спыняцца, калі не атрымаецца з першага разу.

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці