Працуюць на сябе

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Латгальцы на свяце “Еўрапейскія прысмакі” ў Мёрах уразілі стрыманым балтыйскім стылем ва ўсім: у рэканструяваных строях, у афармленні прылаўкаў з ежай і рамеснымі вырабамі, у пляцоўцы для кулінарных майстар-класаў. У праграме было заяўлена, што майстар-класы праводзіць Цэнтр рамёстваў горада Лудза, але мае суразмоўцы засведчылі, што працуюць самі на сябе, а Цэнтр толькі арганізоўвае для іх выезды на фестывалі.

Загадчык Лудзенскага цэнтра рамёстваў Ліга Кондрат, яна ж адначасова кіраўніца Лудзенскага турыстычнага цэнтра і Латгальскай турыстычнай асацыяцыі, распавяла, што пасля атрымання Латвіяй незалежнасці там адбыўся свайго роду рамесны рэнесанс. Людзі зразумелі, што рамёствы могуць прыносіць прыбытак. Эканамічныя крызісы, як ні дзіўна, таксама станоўча адбіліся на развіцці латышскіх рамёстваў: людзі гублялі працу і распачыналі ўласную справу на аснове хобі.

Лудзенскі цэнтр рамёстваў быў створаны 10 гадоў таму, аналагічныя ўстановы ёсць амаль у кожным латвійскім горадзе. Першасная іх мэта — менавіта зберажэнне традыцый. “Захоўваючы рамёствы, мы захоўваем сябе, сваю ідэнтычнасць, разам з мовай, песнямі, ладам жыцця, захоўваем Латгалію”, — кажа Ліга Кондрат. У Цэнтр рамёстваў могуць прыходзіць працаваць майстры, кожны ахвотны можа вучыцца на майстар-класах. Бадай, вырабы выглядаюць ужо не так, як даўней, бо сучасныя тэндэнцыі бяруць сваё ў дызайне, але тэхналогія захавалася традыцыйная!

Мне згадаліся беларускія посцілкі, сатканыя з фабрычных нітак, а часам з распушчаных і перапрадзеных… парашутаў, яркія колеры, якія былі атрыманы з дапамогай анілінавых фарбавальнікаў. Але ўзоры і ткацкія тэхнікі засталіся традыцыйнымі. І кроснам, на якіх ткалі гэтыя посцілкі пасля Другой сусветнай вайны, магло быць больш за сто гадоў.

Некаторыя цэнтры рамёстваў у Латвіі фінансуюць органы мясцовага самакіравання, а лудзенская ўстанова жыве з замоў на выраб традыцыйных касцюмаў ад ХІІ да ХХ стагоддзя. Дарэчы, Ліга Кондрат апранутая ў строй ХІІ стагоддзя ўласнага вырабу. Бачна няўзброеным вокам, што ўзровень рэканструкцыі вельмі высокі. Працуюць у Цэнтры яшчэ ганчары, кавалі. На “Еўрапейскіх прысмаках” можна было пабачыць знакамітую чорнаглянцаваную латгальскую кераміку.

Цэнтр рамёстваў яднае 80 майстроў Лудзенскага краю, штодня ў яго памяшканні працуюць каля 10 чалавек. Яны шмат ездзяць па фестывалях, у Лудзе далучаюцца да агульналатышскіх акцый: у красавіку ва ўсіх установах культуры краіны праходзіць тыдзень майстар-класаў “Знайдзі свайго майстра”. Напярэдадні мерапрыемства робіцца агульная афіша, якая публікуецца ў тыражных газетах. Ахвотныя могуць загадзя распланаваць свой час і з’ездзіць у іншы рэгіён, каб засвоіць мясцовае рамяство, павучыць песні ці танцы.

Цягам пяці гадоў у Лудзенскім краі працаваў “Шлях залатых рук”: была складзена карта, па якой кожны зацікаўлены мог знайсці “свайго” майстра. І некаторыя аматары распачыналі пасля гэтага ўласную справу, таксама станавіліся майстрамі. Мяркую, гэта — найлепшы вынік навучання.

Зараз у модзе “латгальскасць” — мова, культура. Латгальская мова — не адзіная рэгіянальная ў Латвіі: ёсць свая мова ў Курземэ і Земгале. Сваёй дзейнасцю Цэнтр рамёстваў спрыяе захаванню латгальскай ідэнтычнасці: праводзіць экскурсіі па-латгальску — нават для жыхароў Рыгі. Можа, і не ўсё яны разумеюць гэту гаворку, але імкнуцца зразумець. Такім чынам захоўваецца латгальскі культурны асяродак, багацце нацыі ў яе рэгіянальнай шматстайнасці.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"