Гаспода. Суб’ектыўная рэчаіснасць

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Пад такой назвай у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстаўка вядомага беларускага графіка Рыгора Сітніцы.

 /i/content/pi/cult/154/1194/Gaspoda1.jpg

Р.Сітніца. “Матэрыялізацыя субектыўнага погляду І”.

Экспазіцыя прымеркавана да 50-годдзя з дня нараджэння мастака. Майстра ўпершыню паказаў свае работы ў такім вялікім аб’ёме (60 графічных аркушаў, 15 з якіх датаваны 2008-ым годам) ды ажно ў дзвюх музейных залах. Выстаўку можна параўнаць з допінгам, што актывізуе цікавасць да некаторых надзённых праблем сучаснай выяўленчай культуры.

Інтрыгуе назва “Гаспода”. Само слова мае складанае сэнсавае напаўненне. Сам аўтар тлумачыць яго так: “…Слова ўзята з творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яно старасвецкае, старадаўняе, беларускае, абазначае тое месца, дзе жыве чалавек са сваёй сям’ёй і разам з Госпадам Богам. У слове “гаспода” чуецца і “гаспадарка”, і “Гасподзь”. Гасподай можна назваць і дзяржаву, у якой нацыя клапоціцца пра свой дабрабыт у гармоніі са светам, Богам і сабой. Гэтак жа можна назваць і Зямлю, калі людзі дбаюць пра захаванне сваёй планеты, — вось тады Зямная гаспода. Гэтак жа і Космас, дзе жыве Бог, — тады гэта гаспода Госпада…”

Р.Сітніцу прыцягвае найперш нацыянальны матэрыял: фундаментам вядучых тэм і вобразаў яго твораў з’яўляюцца гісторыя, этнаграфія і фальклор Беларусі. У аснове мастацкага метаду ляжыць маляванне з натуры. Для графічных лістоў асабліва характэрна ювелірная дакладнасць пластычнай апрацоўкі. З дапамогаю алоўка вырашаюцца ўсе асноўныя праблемы, датычныя ператварэння рэальнасці ў яе мастацкі вобраз. Праз метафарычную мову малюнка ўзнікаюць ідэальныя вобразы, пра што сведчыць, напрыклад, серыя “Шпацыр уздоўж паркана”.

Мастак выкарыстоўвае і магчымасці выяўлення колеру, якія зыходзяць з суб’ектыўнага бачання палітры. Аднак шматфарбнасць яго малюнкаў зусім не жывапісная — характар выкарыстання колеру
 /i/content/pi/cult/154/1194/Gaspoda2.jpg

Р.Сітніца. “Шпацыр уздоўж паркана”. Аркуш І.

тут адпавядае размеранай, спакойнай і цэласнай падачы: “Касцёл у Ішкальдзі”, серыя “Гаспода”.

Рыгор Сямёнавіч не толькі таленавіты графік, але і паэт, аднак сінтэзу тут бадай няма. Па сцвярджэнні самога майстра, гэта дзве паралельнасці. Пагаджацца з гэтым ці не — пытанне дастаткова спрэчнае. Праз цесны кантакт з творамі ў той ці іншайгаліне можна зрабіць некалькі іншы вынік, таму што мінулае, цяпершчына і будучыня беларускай культуры, увасобленыя ў выяўленчым мастацтве, паэзіі, музыцы, архітэктуры, народнай творчасці, непарыўныя, бы адвечны рух самога жыцця.

Выстаўка адкрыла нам выдатнага графіка ва ўсёй паўнаце яго творчага дару. Бесперапынна адчуваецца ў работах каштоўнасць маральных катэгорый, духоўная і філасофска-эстэтычная сутнасць яго вобразаў робяць сапраўды цікавым і каштоўным мастацтва Рыгора Сітніцы.

 

Марына МАЛЬГІНА,
навуковы супрацоўнік Нацыянальнага
мастацкага музея Рэспублікі Беларусь