Класы, “лабы”, а галоўнае — аналіз

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Спецыфіка навучання музыцы за акіянам
Гэтым разам мы завяршаем знаёмства з бостанскім Музычным каледжам Бэрклі ў ЗША, які лічыцца адной з вядучых вышэйшых музычных школ свету. Дапамагае нам сваімі маналогамі наш зямляк — першы з беларусаў навучэнец гэтай установы — Андрэй КАЦІКАЎ. Як і абяцалі, у другой часцы артыкула — пра тэму матывацыі пры навучанні музыцы.

/i/content/pi/cult/547/11937/13-2.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 29.)

Быць Джонам Калтрэйнам

— Атрыманы ў Музычным каледжы Бэрклі досвед па стварэнні хітоў (так, не песень наогул, а менавіта хітоў) і рэкламных ролікаў па пэўных законах крэатыву можа быць скарыстаны і ў беларускіх рэаліях. Тую ці іншую рэч можна зрабіць такой, што яна на месяцы застанецца ў галаве ў спажыўца пэўнай прадукцыі. Якарам (па-англійску такую зачэпку прафесіяналы называюць “хук”) можа быць сугучча інструментаў, музычны фрагмент, рыфма. Падобныя веды для таго, хто працуе з гукам, — норма. Урэшце, аснова менавіта ў крэатыве, а не ва ўласна тэхналогіі.

У айчыннай музычнай прасторы такіх зачэпак не надта шмат. Таму і хітоў сапраўдных вобмаль. (Калі прыязджаю дадому пасля семестра, люблю ўключыць радыё і пасумаваць над пачутым айчынным матэрыялам: дагэтуль усё пабудавана на рок-стылістыцы, якую ўжо не аднойчы змянілі больш актуальныя плыні, канцэпцыі, жанры.) А ўсё ад таго, бадай, што творчыя людзі не спяшаюцца выходзіць з замкнутай “скрыні” стэрэатыпаў сваёй сферы дзейнасці. А зараз столькі нестандартных падыходаў у сучаснай музыцы дэманструюць не толькі амерыканцы, але і еўрапейцы, да прыкладу, аўстрыйцы. А той жа Джасцін Цімберлейк з ліку тых артыстаў, што знаходзіцца на вяршыні сусветнага шоу-бізнесу, наогул спяшаецца, спрабуючы апярэдзіць агульную плынь. Вось што варта пераймаць!

Прывяду ў якасці прыкладу аднаго з найвялікшых джазавых саксафаністаў Джона Калтрэйна. Ён аднойчы стаў граць замест стандартных гарманічных паслядоўнасцей такую музыку, што яшчэ гадоў пяць ніхто не мог зразумець, як Калтрэйн тое робіць: лепшыя музыканты свету, калі ён пачынаў граць сола, запіналіся поруч з ім. Ведеце, я нават браў клас па гармоніі, каб разабрацца ў ягоным феномене выхаду з умоўнай “скрыні”. Прафесар, які даваў тыя заняткі, паспрабаваў раскласці сакрэт саксафаніста па палічках. І сістэму, аказваецца, можна спасцігнуць: усе гралі мэйнстрым, а ў Калтрэйна раптам пайшоў жорсткі бі-боп з касмічнымі акордавымі прагрэсіямі. Прафесар паказаў нам, студэнтам, кнігу, дзе разглядаліся тонікі, гармоніі, мадальнасці ў самых розных канцэпцыях: каля 700 варыянтаў ігры таго самага акорда. Аказваецца, па падобных практыкаваннях і кшталтаваў сябе Джон Калтрэйн. Адсюль выснова: калі ты не ведаеш, куды рушыць, паспрабуй адну з гэтых канцэпцый. Па выніках класу канцэпцый сучаснай джазавай гармоніі патрабавалася сачыніць кампазіцыю ў рамках якой танальнасць зменіцца шэсць разоў. Я ніколі не мог падумаць, што такое здольны зрабіць! Але падыход у духу Калтрэйна дапамагаў. Так што найбольш важна ў навучанні атрымліваць веды ў сістэме і без прабелаў, каб усведамляць, у якім “файле” ў сваёй галаве ты знойдзеш патрэбныя звесткі.

Цесная бурбалка для 20 працэнтаў

— Каля 20 працэнтаў выпускнікоў амерыканскіх музычных школ выбіраюць шлях далейшай музычнай адукацыі. У Бэрклі конкурс 12 чалавек на месца. І людзі там цудоўна разумеюць, што знаходзяцца ў адзінай, вельмі цеснай, прафесійнай бурбалцы: канкурэнцыя неверагодная! Ты паедзеш пасля сканчэння Каледжа ў Нью-Ёрк? Давай! Але там 20 тысяч музыкантаў, якія ў любую хвіліну гатовы сарвацца на запіс ці на канцэрт, калі ім толькі патэлефануюць з прапановай. Таму даводзіцца амерыканцам найперш граць для свайго задавальнення, і тое мусіць спрацаваць. Навошта быць супервядомым, калі можна быць дастаткова вядомым і мець пэўную аўдыторыю? Трэба заставацца рэалістамі.

У каледжы я абраў клас, дзе выкладчык проста распавядаў пра магчымыя далейшыя шляхі ў прафесіі. Што рабіць, калі скончыш Бэрклі, куды падацца, каму патэлефанаваць, што паспрабваць… І прыводзіліся прыклады паспяховых выпускнікоў каледжа. А ў якасці выніку класа патрабавалася стварыць уласны сайт-партфоліа (я зрабіў яго для згаданай раней рэкламнай кампаніі, што ўжо стала відавочнай перспектывай на той момант). Ну хіба ж не карысна? Вось гэта той курс псіхалагічнай прафесійнай матывацыі, які, мяркую, стаўся б запатрабаваным любым выпускніком ВНУ сферы культуры і ў Беларусі. Як не паддацца роспачы, калі твае чаканні і рэальнасць працы не супадаюць? Як спусціцца з вышыні сваіх амбіцый на зямлю (у Бэрклі — у тым ліку і са мной — гэта, не без дэпрэсій, адбываецца ў 6-7 семестрах навучання)? Пра ўсё тое семінар.

Тонкая справа матывацыі

— Калі ў Бостане ў пятніцу робіць прыпынак нейкі цікавы гурт, то ў клуб, дзе ён “прызямляецца”, не праціснуцца. Бо студэнтам цікава паслухаць актуальную музыку, атрымаць гэты досвед у форме канцэрта, калі цікавіць і крэатыўная частка, і, уласна, тэхналогія выканання. Гэта самаматывацыя, якая падмацоўваецца заахвочваннем з боку студэнцкага цэнтра каледжа. Напрыклад, білет у кіно на дваіх для навучэнцаў удвая танней, чым два білеты паасобку. А на канцэрт Бостанскага сімфанічнага аркестра па адмысловай карце студэнта Бэрклі можна хоць штодзень трапляць задарма і ўзяць траіх сяброў. Тое ж тычыцца шэрагу іншых прадстаўленняў. Чаму? Бо ты студэнт музычнага каледжа і табе трэба слухць шмат рознай музыкі. А стартавы кошт білетаў на той жа Бостанскі сімфанічны — каля 50 долараў… Ведаеце, картка тая ў мяне замусолілася ад частаты выкарыстання.

Што да матывацыі, дык нават былым навучэнцам дазволена наведваць майстар-класы для ўласканалення сваіх ведаў. Скажам, нядаўна запрасілі ў Бэрклі дзядзькаў, што рабілі… гук лазару для “Зорных воінаў”. Дык пра тое ж проста цікава паслухаць! А конкурсы з істотнымі ўзнагародамі, калі за суткі табе трэба стварыць музыку для рэкламы! Вось праз падобныя важкія аргументы хачу нават пасля заканчэння каледжа максімальна ўвабраць (пакуль яшчэ буду знаходзіцца ў ЗША) прафесійны досвед. Культура ж — акурат тая рэч, якую можна “вымераць” тым, колькі ты ведаеш. Напрыклад, я даволі хутка развітаўся з дзяўчынай, якая не ведала, хто такія “бітлы”.

Дарэчы, пра гэты славуты квартэт! Я запісваўся на клас, у рамках якога разбіраліся партытуры гурта, тое, як выбудаваны іх гармоніі і чаму яны спрацоўваюць. Паводле статыстыкі зусім не скажаш, што “бітлы” проста ваялі хіты: зазірніце ў ноты і пераканайцеся ў адваротным! Але я пра тое, як адбыліся апошнія заняткі, што прыпалі на той час, калі справаздача па “Бітлз” у выглядзе музычнай працы з выкарыстаннем тэхналогій 1960-х была здадзена, а курс яшчэ не скончыўся. Прафесар, вялікая фанатка “бітлоў”, прыносіць сапраўды рэдкія фільмы, інтэрв’ю і здымкі каманды, многія з якіх яна сама набывала за шалёныя грошы. А яшчэ выкладчыца прыезла з Лондана нам улюбёныя снэкі “Бітлз”, якімі яны хрумсцелі ў час запісу альбомаў! Ну гэта проста суперматывацыя! Хіба ж не?

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах