Як перанесці летнюю спёку

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Нямногія ведаюць, што гарачыня збірае не менш ахвяр, чым стыхійныя бедствы. Такое надвор’е — стрэс для арганізма. Яна выклікае абязвожванне, абвастрае хранічныя захворванні, вядзе да цеплавога і сонечнага ўдару.

Але калі да гарачага перыяду правільна падрыхтавацца, лета можна перажыць без страт для здароўя. Трымайцеся ў ценю. Калі ёсць магчымасць, перачакайце пік спёкі (з 12 да 16 гадзін) дома. Калі такой магчымасці няма, старайцеся рухацца па зацененых месцах і абавязкова ў галаўным уборы. Скараціце час знаходжання пад прамымі промнямі да мінімуму. Памятайце: гарачыня негатыўна ўплывае на імунную сістэму і робіць арганізм слабым. Асабліва гэта тычыцца дзяцей, якія вельмі хутка пераграваюцца на сонейку.

Апранайцеся правільна. У спёку адзенне з сінтэтыкі лепш пакінуць у шафе. Яна замінае цеплаабмену і можа выклікаць пагаршэнне самаадчування. Выбірайце свабодную і лёгкую вопратку з натуральных матэрыялаў і светлых тонаў.

Калі сіноптыкі абяцаюць днём +30, а ваш офіс знаходзіцца ў цэнтры горада, можаце смела прыплюсаваць да гэтай тэмпературы яшчэ 4-5 градусаў. Правільна спаталяйце смагу. У гарачыню ў арганізме парушаецца водны баланс. Каб не дапусціць абязвожвання, трэба часцей піць звычайную ваду (можна дадаваць у яе сок лімона), але (гэта важна!) невялікімі порцыямі. Добра спаталяюць смагу натуральныя сокі, зялёны чай (ён рэгулюе цеплаабмен), травяныя напоі, морс, мінералка са шчолачным складам, квас, кефір. А вось ад салодкай газіроўкі, кавы, алкаголю ўрачы раяць адмовіцца. Не пераедайце. Арганізм лягчэй перанясе гарачыню, калі адмовіцца ад тлустай і цяжкай ежы. Аддайце перавагу гародніне і садавіне, асабліва гуркам, памідорам, кавуну, яблыкам. Не забывайцеся на лёгкія і карысныя гароднінныя супы, асбліва на халаднік, бурачную поліўку. Каб пазбегнуць санлівасці, раніцай ужывайце бялковую ежу, увечары — вугляводную.

Асабліва асцярожнымі ў спякоту варта быць людзям, якія перанеслі інсульт, інфаркт, пакутуюць на артэрыяльную гіпертанію, стэнакардыю і ішымічнае захворванне, на хранічныя хваробы, а таксама — цяжарным, дзецям і людзям сталага веку. Зрэшты, меры перасцярогі не будуць лішнімі нікому. Нават здаровы чалавек пры перагрэве можа памерці ад цеплавога ўдару.

Каб летам не прастудзіцца, належыць асцярожна карыстацца кандыцыянерам. Ён не павінен вісець над ложкам, канапай ці рабочым сталом. Лепшае месца для кандыцыянера — сцяна насупраць за 2-3 метры ад чалавека. Аптымальная тэмпература ахалоджанага паветра — 18-20 градусаў.

Нельга рэзка даваць нырца ў вадаём. Перапад тэмператур здольны справакаваць спазм сасудаў сэрца. Менавіта ён часта становіцца прычынай трагедый на вадзе ў першыя цёплыя дні. Перад воднымі працэдурамі рэкамендуецца астыць у ценю.

Асабліва небяспечная гарачыня ў аўтамабілі. За паўгадзіны пад прамымі сонечнымі промнямі тэмпература паветра ў салоне можа перавысіць 55 градусаў. Не пакідаўце ў машыне дзяцей і хатніх жывёл.

Памяшканне лепш праветрываць не днём, калі тэмпература паветра на вуліцы вышэй, чым у доме, а ўначы. Адкрытае акно можна завесіць мокрай прасцінай.

Па дадзеных Цэнтра кліматычных даследванняў пры Дэлаварскім універсітэце, у ЗША штогод гіне ад спякоты прыкладна 1,5 тысячы гарадскіх жыхароў. У той жа час ад тарнада, землятрусаў, лясных пажараў — не больш за 200 чалавек.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска