У чашы замка

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

У старадаўнім Навагрудку немагчыма не спалучыць у рабоце публічных бібліятэк гісторыю і краязнаўства, сучаснасць і традыцыі, патрыятызм і культуру. Выставачная дзейнасць, літаратурныя імпрэзы, прэзентацыі і іншыя шматлікія мерапрыемствы адлюстроўваюць векавую славу нашага краю.

Само месцазнаходжанне Навагрудскай раённай бібліятэкі падказвае тэматыку нашай дзейнасці. Будынку ўжо больш за стагоддзе, побач — былая гандлёвая плошча, а ў ста метрах — муры старажытнага замка, курган бесмяроцця Адама Міцкевіча.

Апошнія тры гады ладзіліся адкрытыя літаратурна-бібліятэчныя пляцоўкі — ствараўся станоўчы імідж кнігі і бібліятэкі. І гэтым летам мы скарысталі магчымасць распавесці турыстам, гасцям горада ды і самі навагрудчанам аб унікальнасці нашай мясцовасці. Тым самым падтрымалі ініцыятыву начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марыны Шабановіч па арганізацыі чарговай інтэрактыўнай кропкі ў чашы Навагрудскага замка. Так нарадзілася бібліяпляцоўка “ЧытайГорад”.

Наведвальнікаў гістарычнага месца прываблівае экспрэс-выстаўка “Кніжная планета”. Тут дэманструюцца кнігі з ілюстрацыямі рэканструяванага Навагрудскага замка. Гэта рэпрадукцыі карцін Віктара Сташчанюка, Паўла Татарнікава, якія даюць магчымасць на месцы ўявіць, як выглядаў замак, колькі тут было вежаў, дзе месцілася замкавая царква. Аматарам інтэлектуальных гульняў мы прапануем паўдзельнічаць у гульні-віктарыне на розыгрыш бібліятэчных флаераў “Навагрудскімі сцежкамі”. А па завяршэнні агульнай тэматычнай кампазіцыі кожны можа прыняць удзел у фотапраекце “Літаратурны персанаж”: сфатаграфавацца з роставымі фігурамі князя і князёўны.

Летнія чытальныя залы працуюць на пляцоўках Навагрудка ўжо не першы год. Чытальні прадстаўляюць свае паслугі бясплатна і без абмежаванняў па ўзросце, таму наведаць іх можа кожны ахвотны. Тут прадстаўлены мастацкая і перыядычная літаратура для самых маленькіх, для дзяцей старэйшага ўзросту і для дарослага чытача. Ёсць і класічныя творы, і творы сучасных аўтараў.

На пачатку лета на возеры Свіцязь адкрыўся эколага-забаўляльны цэнтр “У гасцях у 12 месяцаў”. Тут працуюць казачна-гульнёвая пляцоўка, гарадок майстроў-рамеснікаў. Да ўвагі наведальнікаў — выстаўка-продаж вырабаў народнай творчасці, майстар-класы, пачастунак гарбатай на зёлках... А бібліятэкары запрашаюць наведаць “Літаратурную пляцоўку”, на якой артысты ў вобразах Адама Міцкевіча і Марысі дазваляюць дакрануцца да мінуўшчыны. Даспадобны наведальнікам і інтэрактыўная праграма “Свіцязянскі вянок”.

Святлана ІВАШКЕВІЧ, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі