Піянер беларускага фарфору

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

У музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай юбілейнай выстаўкі твораў лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні Савета ветэранаў вайны пры Беларускім саюзе мастакоў, прафесара Віктара Гаўрылава пад назвай “Школа. Традыцыі”. Ён — адзін з заснавальнікаў сучаснай айчыннай школы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выдатны мастак-кераміст, дызайнер, навуковец, шматгадовы настаўнік творчай моладзі.

 /i/content/pi/cult/154/1193/Pijaner1.jpg

B.Гаўрылаў разам з першакурснікамі.

Тое, што зрабіў за сваё доўгае і багатае на падзеі жыццё гэты знешне сціплы, добразычлівы, ціхамірны (але ж такі няўрымслівы і апантаны!) 80-гадовы чалавек для культуры Беларусі цягам амаль 45-ці гадоў творчасці — з’ява унікальная!

Ён быў першым, хто, працуючы шмат гадоў галоўным мастаком Мінскага фарфоравага завода, надаў гэтаму прыгожаму тонкаму віду прыкладнога мастацтва сучаснае гучанне і адметныя рысы, распрацоўваў складаную тэхналогію.

У 60-ыя гады была адкрыта кафедра мастацкай керамікі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У якасці аўтарытэтнага спецыяліста-выкладчыка туды быў запрошаны і першы старшыня секцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Саюза мастакоў БССР Віктар Гаўрылаў. Яго кераміка — гэта, безумоўна, і наша гісторыя, і мастацкая класіка.

У ліку лепшых аўтарскіх мастацкіх работ Гаўрылава на гэтай выстаўцы нельга не адзначыць яго каліграфічна-філігранную па выкананні талерку-блюда “Чырвоны трактар” (фарфор) і надзвычай “акварэльнае” блюда “Дзяўчына” (фаянс), цудоўнае “каларыстычнае” фаянсавае блюда аб моладзі і першым каханні — “Мроі” (рэльеф, цякучая глазур), класічнае і шмат у чым “аўтабіяграфічнае” вялікае пано “Ганчар” (фарфор, роспіс, золата), а таксама серыю дэкаратыўных талерак, прысвечаную беларускаму народнаму ансамблю “Свята” (фаянс, роспіс). Нельга не згадаць і кампазіцыю “Восеньскі акорд” (шамот, абпал), керамічную пластыку — палісвечнік “Налібокі”, набор фарфоравых чайнікаў з прыгожым падглазурным кобальтавым роспісам “Слуцкія паясы”…

Творчыя дасягненні і пошукі свайго славутага настаўніка з годнасцю працягваюць, актыўна развіваюць яго вучні, творы якіх таксама прадстаўлены ў экспазіцыі: Л.Малышаў, І.Ларыёнава, В.Грыгарышына, В.Іванькова, Т.Курачыцкая, В.Калтыгін, Л.Трацэўскі.


Аляксандр РУНЕЦ