Прыйсці да беларускага

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Цягам чатырох субот доўжыўся цыкл канцэртаў “Класіка ля Ратушы”. Праект сабраў сотню ўдзельнікаў-музыкантаў і 40 тысяч прысутных. Канцэрты ішлі ўсяго па дзве гадзіны, але плошча пачынала віраваць задоўга да іх пачатку. А галоўнае, ярка заявіла пра сябе нацыянальная тэма. Толькі што далей (пасля жнівеньскага цыклу канцэртаў “на біс”) — чакаць наступных вулічных праектаў?

/i/content/pi/cult/547/11925/2-1.jpgМузыка ля сталічнай Ратушы гучала не ўпершыню. Тры гады запар тут праходзілі бясплатныя джазавыя вечары (па тры на ўсё лета). Мінулы філарманічны сезон адкрываўся онлайн-трансляцыяй на відэаэкран. Не абыходзіліся без музыкантаў і штогадовыя вясновыя фестывалі вулічных тэатраў. Адным словам, зрухі ёсць — у развіцці вулічных мастацтваў, дэмакратызацыі акадэмічнай музыкі, “абжыванні” плошчы гандлярамі сувеніраў. Нарэшце, у вулічных прэзентацыях менавіта нацыянальнага мастацтва.

Тая ж “Класіка ля Ратушы” была пабудавана на паступовым падыходзе да “свайго, беларускага” — праз еўрапейскае і сусветнае. У першую суботу гучала музыка Моцартаў, Штраусаў (у абодвух выпадках, бацькі і сына) і іншых венскіх класікаў (зварот да Вены сыходзіў ад кампаніі-партнёра, асноўныя акцыянеры якой маюць аўстрыйскую “прапіску”). У другую суботу ўсе слухалі і, пры жаданні, танчылі аргенцінскае танга. У трэцюю — станавіліся сведкамі спалучэння барока з… саксафонамі. Нарэшце, у чацвёртую — спрычыньваліся да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

Тое, што беларускі вечар стаў фінальным, ды яшчэ абяцаў (і спраўдзіў чаканні) тэатралізавана-касцюміраваную танцавальную праграму, прыцягнула да яго большую, чым калі, колькасць наведвальнікаў, якія прагнулі “культурнай забаўляльнасці”. Людзі ж прыходзілі не ў філарманічную залу, якая патрабуе строгай цішыні, а на плошчу, дзе можна стаяць, хадзіць, сядзець на траўцы, размаўляць, фатаграфавацца. Разам з тым, прысутнічала і асветніцкая лінія. Вядучым усіх вечароў выступіў кіраўнік Музычнага Дома “Класіка” Аляксандр Чахоўскі. Ён не проста аб’яўляў нумары ці весяліў публіку, падобнага колішнім канферансье на паркавых пляцоўках, а вёў нязмушаны аповед пра самае цікавае. Без гламуру, таннага заігрывання з публікай, без залішніх захапленняў і ўзнёсласці, што вылучаюць лектараў мінулых дзесяцігоддзяў. А галоўнае, з добрым веданнем беларускай мовы, папросту неабходнай у апошні вечар.

Праект прыцягнуў і вольных музыкантаў. Адрэагавалі і мастакі. Як заўжды, працавалі не ўсе змешчаныя на плошчы сувенірныя кіёскі, але далучылася “выязная крама” ГУМа, багата было індывідуальных гандляроў. На прэс-канферэнцыі, што папярэднічала праекту, выказвалася прапанова распрацоўваць адпаведныя сувеніры. Але і без таго на плошчы можна было знайсці не толькі магніты на бяросце, няроўнасці якой ператвараліся ў беларускія краявіды, але і, да прыкладу, адметныя “музычныя” кубкі — з размешачаным на іх нотным запісам “Развітання з Радзімай”.

І ўсё б добра, ды толькі… У фінальны вечар было вельмі халодна. Па каву, зусім не танную, стаяла чарга больш як на 20 чалавек. З іншага “пажывіцца” не было чым. Бо рэстаранныя кошты на пару кубкаў кавы складалі без малога пад паўтары сотні рублёў. А між тым, “на ўра!” пайшлі б нават чыпсы з сухарыкамі ды арэшкамі.

Надта малой уяўляецца і цяперашняя “дазіроўка” — па дзве гадзіны далёка не на кожны летні тыдзень. Для больш шырокага прыцягнення турыстаў на гэтай пляцоўцы ў летні сезон штосьці павінна адбывацца ў рэжыме нон-стоп. Ці хаця б — штовыхадныя ў пэўны час. Пажадана — з нацыянальнай тэматыкай (памятаеце, спрабавалі рабіць такую тэатралізацыю?). І з прыцягненнем беларускай кулінарыі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"