Карэліччына, Гродзеншчына, Століншчына

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г


/i/content/pi/cult/547/11923/10-3.jpgМір — Мінск / Калі сябруюць музеі

8 жніўня Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведалі супрацоўнікі музея “Замкавы комплекс “Мір”. Дэлегацыю ўзначаліла старшыня прафкама комплекса Таццяна Галавач.

Вольга Каласоўская,Таццяна Сілко, Вольга Варанко і іншыя распавялі мінскім калегам пра тое, што цяпер Замкавы комплекс з’яўляецца гісторыка-культурным помнікам, асветніцкай і адукацыйна-выхаваўчай установай. Тут створаны сучасны турыстычны цэнтр. Адначасова музей ажыццяўляе навукова-даследчую і выдавецкую дзейнасць, аказвае комплекс платных паслуг.

Госці з Гродзеншчыны падзяліліся вопытам работы па традыцыйным правядзенні на канцэртных пляцоўках Замкавага комплексу музычных і рыцарскіх фестываляў, святаў мастацтваў і расмесніцкай творчасці, лекцый, музейных заняткаў…

Супрацоўнікаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зацікавіла і работа па выкарыстанні найноўшых тэхнічных дасягненняў пры рэалізацыі маштабнага праекта “Музычныя вечары ў Мірскім замку”.

У сваю чаргу нашы навуковыя работнікі Наталля Юрасёва (дарэчы, працавала яна раней у Замкавым комплесе “Мір”), Уладзімір Касцюковіч, наглядчыкі Аляксандра Саннікава, Антаніна Гашэўская распавялі пра сваю навукова-асветніцкую дзейнасць, пра выкарыстанне ў мэтах патрыятычнага выхавання магчымасцей Залы Перамогі, выставачных плошчаў, канферэнц-залы, а таксама ролю ў названым працэсе Драматычнага тэатра Беларускай арміі, Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброепных сіл Рэспублікі Беларусь, Студыі ваенных мастакоў, дзіцячых студый выяўленчага мастацтва, калектываў мастацкай самадзейнасці сталіцы.

Супрацоўнікі Замкавага комплексу “Мір” пазнаёміліся з экспазіцыяй Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пакінулі ў кнізе наведвальнікаў удзячны запіс.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, памочнік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны


Гродзеншчына / Сэлфі з кнігай

У Гродзенскім раёне стартаваў Бібліякараван-2015 па тэме “Лета. Кніга. Моладзь”. Праект разлічаны на абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, прафесійных зносін, укараненне нетрадыцыйных форм працы з дзецьмі і моладдзю.

Шлях пачаўся з наведвання Луцкаўлянскай сельскай бібліятэкі — інфармацыйна-экалагічнага цэнтра. Юныя чытачы сустрэлі гасцей флэшмобам “Чытаем кнігі аб прыродзе”, запрасілі прыняць удзел у акцыі, падчас якой прапаноўвалася ўпрыгожыць “Цуда-дрэва” рознакаляровымі стужкамі, колер якіх пазначае тэматыку кніг і часопісаў аб прыродзе. Пад адкрытым небам працавала “Бібліячыталачка”.

У Індурскай сельскай бібліятэцы ўсіх запрасілі ў фотатэатр “Усміхніцеся! Вы — у бібліятэцы”, самыя актыўныя прынялі ўдзел у акцыі “Сэлфі з новай кнігай”, у флэшмобе “Чытаць — гэта модна!”. Бібліятэкар Адэльскай сельскай бібліятэкі арганізавала для сваіх калег і юных чытачоў краязнаўчую экскурсію, правяла агляд выданняў аб Адэльску. Акрамя таго, бібліятэкары раёна наведалі музей драўляных музычных інструментаў народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча.

Караван наведаў бібліятэкі Гродзенскага раена, каб у фармаце свабоднай дыскусіі абмеркаваць актуальныя праблемы бібліятэчнай справы, абмяняцца вопытам.

Усе мерапрыемствы былі арганізаваны ў супрацоўніцтве з работнікамі мясцовых цэнтраў культуры. Завяршыўся праект дыскусіяй “Бібліятэка — тэрыторыя творчасці”, падчас якой удзельнікі прыйшлі да высновы, што лета — не “мёртвы” сезон у працы з чытачамі, а час творчасці, фантазіі, актывізацыі ўсіх форм работы. Новыя веды і вопыт калег дапамогуць у далейшай творчай працы і стануць стымулам у рэалізацыі інавацыйных ідэй.

Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раеннага культурна-інфармацыйнага цэнтра

 

Століншчына / “Ярок” ды “Верасень”

На Століншчыне гэта ўжо традыцыя: як толькі пачынаецца жніво, аўтаклуб спяшаецца ў поле, на збожжатакі з канцэртна-інфармацыйнымі праграмамі і абрадам Зажынак.

Сёлета перад хлебаробамі раёна выступалі народны клуб аматараў песні “Ярок” Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра і народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Верасень” Рэчыцкага ГДК. З канцэртнымі праграмамі яны пабывалі ў дзевяці гаспадарках. Часам у адной гаспадарцы прапаноўвалі некалькі міні-канцэртаў.

Разам з музычнымі падарункамі ўдзельнікі аматарскай творчасці ўручалі кіраўніцтву гаспадарак першы сноп як знак удзячнасці за вырашчаны ўраджай, даносілі да працаўнікоў лічбы аб засеяных збажыной гектарах, намалоце, ураджайнасці, выніках уборачнай кампаніі па раёне.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

На людным месцы: аглядавая пляцоўка