“Кроў” кепска прыжываецца. Справа ў кватэры?

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Онлайн канферэнцыя “К”: замацаванне кадраў / Вакансіі, вакансіі, вакансіі: прынада для спецыялістаў
Культура, асабліва сельская, няўхільна старэе. Перадпенсійны век — ці не норма для вясковых кадраў. Знясілены “культурны” арганізм патрабуе неадкладнага ўлівання свежай крыві. “Донараў” (ССНУ і ВНУ) хапае, а вось “кроў” прыжываецца кепска. Ва ўстановах культуры райцэнтраў кадравая сітуацыя больш-менш стабільная, а вось на вёсцы — вакансіі, вакансіі, вакансіі… Дык што рабіць? Як паказвае журналісцкая практыка, маладыя спецыялісты ад культуры, якія не вытрымалі выпрабавання сялом, наракаюць збольшага на мізэрныя заробкі. Спецыялісты з пэўным стажам хочуць працаваць, але ім для самапавагі не стае сталага жытла: не ў інтэрнаце, а ў райцэнтраўскім шматпавярховіку ці ў аграгарадоцкім катэджы. Ні першыя, ні другія патрэбы свае задаволіць не могуць. Таму асвойваюць, так бы мовіць, сумежныя спецыяльнасці. Прычыны кадравага калапсу вядомыя кожнаму: астаткавы прынцып фінансавання галіны. Але патрабаванні да яе эфектыўнасці ніхто не адмяняў. Словам, пытанне “Што рабіць?” па-ранейшаму актуальнае. Для таго, каб прасачыць, як яно вырашаецца на месцах, да удзелу ў онлайн-канферэнцыі былі запрошаны намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Сяргей КОНЧЫЦ, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: Ашмянскага раёна — Галіна БАЛІНСКАЯ, Навагрудскага — Марына ШАБАНОВІЧ, Дзяржынскага — Наталля СІНЮКОВІЧ, Бярозаўскага — Таццяна КАВАЛЁК, Дубровенскага — Людміла ДУДАРАВА, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Галіна ВАЛОЗІНА, вядучы метадыст аддзела методыкі Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына ГРАНІК.

/i/content/pi/cult/547/11922/10-1.jpgЯўген Рагін:

— Пачынаем з Ашмянскага раёна. Галіна Іванаўна, што б вы адказалі, каб да вас звярнуліся прыкладна такім чынам: “Я акампаніятар. Адукацыя — сярэднеспецыяльная. Ёсць стаж працы ў РДК. Сямейны. Хачу праехаць да вас на працу. Але ці магу я спадзявацца на добраўпарадкаваную дзяржаўную кватэру?”

Галіна Балінская:

— Адказ будзе адназначны: “Пры ўсім жаданні ніякага спадзеву на дзяржаўную бясплатную кватэру я даць вам, даражэнькі, не магу!”… У 1980-м я прыехала ў Ашмяны, пачала працаваць метадыстам, атрымала двухпакаёвую кватэру, у якой жыву і па сёння. Услед за мной на першае месца працы прыбылі яшчэ два маладыя спецыялісты, якія неўзабаве таксама сталі ўладальнікамі дзяржаўных кватэр. Гэта, бадай, апошнія выпадкі, калі хтосьці з работнікаў культуры Ашмяншчыны займеў бясплатнае дзяржаўнае жытло.

Яўген Рагін:

— У фінансавым плане бесклапотнае было жыццё!

Галіна Балінская:

— Усе мы яго з настальгіяй згадваем… Але цягам пяці апошніх гадоў нашы маладыя спецыялісты змаглі на льготных ўмовах атрымаць сабе годнае арэнднае жыллё.

Яўген Рагін:

— Ну гэта ў горадзе. А на вёсцы?

Галіна Балінская:

— Там сітуацыя больш складаная. Прыярытэт на атрыманне жылля маюць, апрача сельгасработнікаў, урачы ды настаўнікі. Але ў нас у раёне кватэрнае пытанне востра не стаіць: хто хацеў, той займеў.

Яўген Рагін:

— Але вакансіі ёсць?

Галіна Балінская:

— Ёсць.

Яўген Рагін:

— Дык мо не толькі ў кватэрах справа, але і ў недастатковай заработнай плаце?

Галіна Балінская:

— Не пагаджуся з гэтым катэгарычна! Калі малады спецыяліст хоча мець прыстойны заробак, ён яго будзе мець. Можна і на дзве стаўкі працаваць. А ёсць яшчэ праца па дамове, выкананне нейкіх разавых заданняў… Аднак гэта напружаная і адказная дзейнасць. Але калі шчыры хлеб быў лёгкім?

Яўген Рагін:

— Ну і колькі пры такой напружанасці можна зарабіць у месяц?

Галіна Балінская:

— І пяць мільёнаў рублёў рэальна. Але гаворка пра тых, хто хоча працаваць, а не лайдачыць.

Яўген Рагін:

— Няўжо гэта паказальная ды сталая сітуацыя па вобласці, калі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў не зважаюць на кватэрную нішчымніцу сельскіх работнікаў культуры?

Галіна Балінская:

— Калі была на размеркаванні выпускнікоў у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, дык па-добраму пазайздросціла аддзелам з Гродзенскага і Навагрудскага раёнаў. Яны абяцалі сваім патэнцыйным маладым спецыялістам канкрэтнае жыллё.

Яўген Рагін:

— Насамрэч, даволі дзіўная па нашым часе справа. Варта пра гэта больш падрабязней даведацца. Як сітуацыя вырашаецца, скажам, на Навагрудчыне?

Марына Шабановіч:

— Няма тут ніякіх складанасцей. Па рашэнні мясцовых уладаў у нас існуе сталая дамоўленасць з прадпрыемствамі Навагрудка на тое, каб яны выдаткоўвалі нам месцы для работнікаў культуры ў сваіх інтэрнатах. Сёлета да нас паступілі чатыры маладыя спецыялісты, два з іх мелі патрэбу ў жыллі. Яны яго атрымалі. У гэтым годзе таксама ў Дзіцячую школу мастацтваў чакаем шэсць маладых спецыялістаў. Трое ўжо пацвердзілі сваё прыбыццё на першае месца працы. Кожны з іх атрымае пры патрэбе месца ў інтэрнаце. Можа хто не ведае, а ў нас ёсць асобны гарадскі інтэрнат для маладых спецыялістаў. Дык вось летась у ім атрымалі пакоі бібліятэкар, два спецыялісты РДК, настаўнік ДШМ… Хтосьці хоча, да прыкладу, здымаць кватэру. Калі ласка, у адпаведнасці з калектыўным дагаворам і пры наяўнасці адпаведных дакументаў ад домаўладальніка мы дапамагаем з частковай аплатай такога жытла.

Яўген Рагін:

— Такі ж ажур і на сяле?

Марына Шабановіч:

— Па раёне мы стаўку робім на мэтавікаў. Пасля навучання дзве такія выпускніцы вярнуліся ў Ладзенікі і Любчу. Абедзве — клубныя работніцы. Жыць захацелі ў бацькоў. Але і той, хто не мае такой магчымасці, могуць разлічваць на пакой у інтэрнатах СВК. На стварэнне такіх інтэрнатаў таксама ёсць дамоўленасць з сельгасвытворчымі кааператывамі.

Яўген Рагін:

— Усё ж пакой у інтэрнаце — не кватэра… Цудоўна ведаю, што мінулае не вернецца, але не магу не згадаць, як у Глубокім гаспадарчая група аддзела культуры ў райцэнтры будавала для бібліятэкараў ды клубнікаў нават не дом, а дамы. Цяпер на гэта, напэўна, ніхто не адважыцца…

/i/content/pi/cult/547/11922/10-2.jpgСяргей Кончыц:

— Безумоўна, не адважыцца! Ідэалістаў, напэўна, ужо няма. А раней ніхто амаль не глядзеў, ці ёсць, скажам, належная ды ў поўным аб’ёме дакументацыя на тую ці іншую забудову. Тое ж тычыцца і зямельных участкаў, якія займалі тыя забудовы. Таму сёння, калі ў выніку аптымізацыі нам трэба прадаць праз аўкцыён, да прыкладу, старэнькі будынак сельскага клуба, узведзенага немаведама калі, узнікаюць вельмі сур’ёзныя праблемы… Вы ж цудоўна ведаеце, што перад тым як распачаць будаўніцтва жылога дома, неабходна правесці экспертызу, геадэзічныя вышукі, скласці праектна-каштарысную дакументацыю… І гэта выліваецца ў немалыя, мякка кажучы, выдаткі. А раённы бюджэт распісаны літаральна да капейкі. Так што іншым разам пэўныя святы імкнемся правесці ў раёне за кошт пазабюджэту… Словам, будаўніцтва жылля ў нас пакуль спынена.

Яўген Рагін:

— Спецыялісты аддзела паведамілі, па Веткаўшчыне — 11 вакансій работнікаў культуры. Пяць — па сельскіх і вельмі аддаленых філіялах ДШМ, два — па аддзеле (у тым ліку эканаміст у дэкрэтным адпачынку), астатнія — самыя розныя пасады і таксама па аддаленых вёсках (палова таксама ў дэкрэтах, значыць — вернуцца). Натуральна, маладых спецыялістаў туды не загнаць. Для раёна, пацярпелага ад чарнобыльскай бяды, — справа ці не натуральная.

Сяргей Кончыц:

— Нейкія стымулы тут, сапраўды, цяжка падабраць. Але як бы там ні было, кадравае пытанне вырашалі, вырашаем і будзем вырашаць.

Яўген Рагін:

— Цікава было б даведацца пра, так бы мовіць, тэхналогію выхавання маладога спецыяліста. Гэта, напэўна, будзе і алгарытм ягонага замацавання на першым месцы працы?

Наталля Сінюковіч:

— У пэўнай ступені так. Першая ўмова — прадастаўленне жылля: арэнднага — на льготных умовах, інтэрната. Другая звязана з псіхалогіяй, з выхаваўчымі, вельмі далікатнымі нюансамі. Трэба каб чалавек адчуў сябе ў калетыве камфортна, зразумеў, што ён — патрэбны. Кожнаму маладому неабходны дасведчаны куратар, бо ніводная ВНУ не дае навыкаў імгненнага творчага поспеху. А маладыя цяпер — гранічна амбіцыйныя. І гэта нас не павінна раздражняць нейкім чынам. Наадварот, амбіцыйнасць нядаўняга выпускніка пры правільным падыходзе да справы літаральна праз тры-чатыры месяцы пераўтвараецца ў канкрэтныя і вельмі цікавыя праекты. Пераконвалася ў гэтым неаднаразова… Трэцяя ўмова: да маральнага стымулявання абавязкова дадаць і стымул матэрыяльны. Маю на ўвазе прэміяванні, сумяшчэнні ставак…Толькі ў такім выпадку чалавек прырастае да справы, да калектыву, перакананы, што ў ліку іншых робіць выключна важную справу… Такія не з’язджаюць, такія цягнуць сваю ношку, не зважаючы ні на што…

Яўген Рагін:

— Цяжка не пагадзіцца. Толькі так, напэўна, з’яўляюцца сапраўдныя адмыслоўцы, на якіх і трымаецца наша нацыянальная культура… Тут да месца аказалася б меркаванне нядаўняга маладога спецыяліста, нямэтавіка, які застаўся на сваім першым рабочым месцы і пасля абавязковай адпрацоўкі…

Кацярына Гранік:

— Я культуролаг. Скончыла Універсітэт культуры і мастацтваў у 2010-м. Трапіла ў Дзяржынскі раён, спачатку кіраўніцтва аддзела хацела, каб я працавала ў Фаніпалі мастацкім кіраўніком. Але, пасля сумоўя, вырашылі пакінуць мяне ў Дзяржынску. Так я і стала метадыстам. У першы дзень працы напаткаў мяне сапраўдны шок. Ва ўніверсітэце мяне вучылі зусім іншаму. Але ж я — магістр-даследчык: хутка асвоілася. Вельмі дапамагла дырэктар метадычнага цэнтра Лідзія Драчынская. Паколькі я яшчэ пад час навучання працавала з інтэрнатаўскімі дзецьмі, была культарганізатарам, дык у сваёй метадычнай дзейнасці абрала працу з непаўнагадовымі і цяжкімі падлеткамі. Дапамагала наладжваць адпаведную работу гурткоў на раёне. Так нарадзіўся праект “Мая сям’я”, у выніку якога мы ўзялі пад кантроль лёс дзяцей. Пераважная большасць іх цяпер займаецца ў самых розных клубных фарміраваннях. Ці не з першага месяца мне пачалі даплачваць. А праз год з невялікім я атрымала першыя прэмію і грамату…

Яўген Рагін:

— А як з кватэрным пытаннем?

Кацярына Гранік:

— Спачатку далі пакой у інтэрнаце. А калі пабралася шлюбам, пачалі здымаць прыватную кватэру. Зараз штомесячны кошт такога пражывання ў Дзяржынску дасягае эквіваленту дзвюх соцень долараў. Атрымаць арэнднае жыллё, што каштуе ў месяц 600 тысяч рублёў, пакуль не ўдаецца. Але спадзеў не губляем. Думаю, усё ў нас атрымаецца.

Яўген Рагін:

— Не ўзнікае жаданне з’ехаць?

Кацярына Гранік:

— Я родам з Вілейскага раёна, муж — таксама вясковы, і калі б не ягоны заробак... Мы рабілі і робім сябе самі. Я, да прыкладу, — чалавек творчы і хачу развівацца. У мяне гэта, як кажуць, няблага атрымліваецца. Дык ці варта шукаць лепшай долі? Так што працую ў Дзяржынскім раёне і вельмі люблю сваю працу.

Яўген Рагін:

— Аказваецца, у горадзе атрымаць арэндны прытулак няпроста. Але больш непакоіць жыллёвая сітуацыя на сяле.

Галіна Валозіна:

— Ніхто ў нас на вуліцы не жыве. На сёння нават пакой ў гарадскім інтэрнаце ёсць. Натуральна, пуставаць не будзе… Прыблізна такая ж сітуацыя і па вёсках. З дадатнага боку магу адзначыць, да прыкладу, аграгарадок “Ордаць”, дзе нават домік пад інтэрнат адведзены. Жывуць там настаўніцы і наш работнік культуры. Мы яго мэбляй забяспечылі.

Яўген Рагін:

— Ну гэта значыць, што кіраўнік тамтэйшай сельскагаспадарчай арганізацыі ў перспектыву глядзіць і працуе на будучыню вёскі…

Галіна Валозіна:

— Можна і так сказаць. Ніколі не было праблем з жыллём для нашых работнікаў у аграгарадках “Гавяды-Агра”, “Заходы”.

Яўген Рагін:

— Практыка паказвае, што выйграе ўрэшце той кіраўнік, які стаўку робіць на мэтавае навучанне. Свае, дамарослыя, і з людзьмі кантакт наладжваюць хутка, і не маюць, як правіла, патрэбы ў жыцці.

Таццяна Кавалёк:

— Гэтак мы, у прынцыпе, і робім. У выніку і горад Белаазёрск кадрамі ўкамплектаваны, і па раёне асаблівых праблем няма. Хіба што хто ў дэкрэт выйшаў. Затрымліваюцца і тыя маладыя спецыялісты, якія нарадзіліся не ў Бярозаўскім раёне. Прычына тут простая: ставімся да іх як да родных… Паспрыяла і тое, што два гады таму ў Бярозе здалі сацыяльны пяціпавярховы дом на чатыры пад’езды: усе ахвотныя работнікі культуры атрымалі ў ім жыллё з аднапрацэнтным крэдытам. Але і такая тэндэнцыя ёсць: людзі імкнуцца будаваць уласныя дамы.

Яўген Рагін:

— За савецкім часам, памятаю, былі моднымі Клубы маладых спецыялістаў. І мода ішла ад карысці падобных фарміраванняў. Маладыя людзі з усяго раёна збіраліся і разам з кіраўніцтвам спрабавалі вырашаць свае праблемы, у тым ліку і кватэрныя…

Таццяна Кавалёк:

— У нас кожны кастрычнік збіраецца Маладзёжны форум. Прысутнічаюць на ім маладыя спецыялісты ад культуры, адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, а таксама — кіраўніцтва раёна, юрысты, прадстаўнікі жылкамунгаса, банкаўскай сферы… Пры гэтым дзейнічае “свабодны мікрафон”. І такі канструктыўны дыялог моладзі вельмі падабаецца.

Яўген Рагін:

— Кадравае пытанне, напэўна, крыху вырашыла і скарачэнне ўстаноў ды работнікаў, праведзенае ў выніку аптымізацыі?

Людміла Дударава:

— Гэта так. У Дубровенскім раёне вясковыя спецыялісты на сёння маюць спецыяльную адукацыю. Вакансій сёлета няма. Але матэрыяльна падтрымаць маладых, якія здымаюць жыллё, наша бюджэтная арганізацыя, на жаль, не можа.

Яўген Рагін

— А ў горадзе маладыя спецыялісты ёсць?

Людміла Дударава:

— У бягучым годзе чакалі чатырох. Прыехалі і працуюць фалькларыст і дырэктар рабочай групы па стварэнні музея. А два астатнія — бібліятэкар і спецыяліст Дома рамёстваў — паступілі ў ВНУ.

Яўген Рагін

— Для тых, хто даехаў, жыллё ёсць?

Людміла Дударава:

— Пакоі ў інтэрнаце ліцэя. Жылы дом ў горадзе толькі закладваецца… Мяне ж іншая праблема хвалюе. У нас ёсць былыя мэтавікі родам з раёна. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты, набыўшы адукацыю, змаглі сябе станоўча зарэкамендаваць. Мы забралі іх у райцэнтр. Адзін працуе кіраўніком Цэнтра народнай творчасці, іншыя — бібліятэкары. Дык вось, бацькі іхнія жывуць у вёсках раёна. Дзеці, натуральна, прапісаны ў бацькоў. А вось прапісацца ў райцэнтры ім нельга, бо ў бацькоў хапае квадратных метраў для пражывання. Не вельмі справядліва, пагадзіцеся, калі спецыяліст працуе ў райцэнтры, а жыць змушаны ў вёсцы. Думаю, казус гэты мы вырашым на мясцовым, райвыканкамаўскім, узроўні.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"