“Разгарнуць гранат” у лімонны свет

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Код жыцця і энергія колераў
Пачатак жніўня ўзрадаваў аматараў мастацтва адкрыццём адразу дзвюх выставак — “Неба” Аляксандра Сільвановіча з Гродна і “Свет. Прастора. Час” віцебскага мастака Аляксея Пшанко. Мастакі маюць магчымасць сваімі ўласнымі сродкамі завуалявана ці наўпрост паказваць рэальнасць. Альбо ствараць свой свет — фантазійны ці, абапіраючыся на гісторыі і легенды, “рэканструяваны”. У любым выпадку твор будзе з’яўляцца своеасаблівым кодам з сімвалаў і вобразаў.

/i/content/pi/cult/547/11921/8-3.jpgУ сталічным

Палацы мастацтва экспануюцца работы Аляксандра Сільвановіча, ідэйнай канцэпцыяй якіх з’яўляецца аддзяленне зямлі з яе паслядоўнасцю жыцця ад неба — той сферы, куды скіраваны нашы надзеі і мары. Праз устойлівыя, вытрыманыя стагоддзямі сімвалы, міфалагічныя і казачныя вобразы Аляксандр Сільвановіч перадае прысмак мінулага. Ён быццам бы аднаўляе міфы, гісторыі, легенды, знакі, усё тое, што людзі ведаюць на падсвядомым узроўні, і з дапамогай тэхнікі, асабістага яркага стылю надае гісторыі новае гучанне. Ягоныя работы — гэта сінтэз гісторыі, фальклору, жывапісу і скульптуры. Аляксандр Сільвановіч зачапіўся за самае ўстойлівае ў культуры, за тое, што захоўвае сваю непаўторнасць, за тое, што можа толькі пераходзіць у іншыя формы выказвання, але не растае ў іх.

Хочацца вылучыць тыя работы, якія ўразілі не столькі тэхнікай (а працуе мастак, у асноўным, у змяшанай тэхніцы, а таксама з дрэвам), колькі зместам і формай. Трэба яшчэ адзначыць, што ў творах гэтага члена Беларускага саюза мастакоў больш дызайнерскага, чым жывапіснага, прызначанага, на маю думку, для вялікіх сонечных памяшканняў. Работа “Лесвіца”, як падаецца, сімвалізуе жыццё першабытных людзей. Самае цікавае, што новы дзень на гэтай “лесвіцы жыцця” пачынаецца з росквіту — адноўлены дзень пераходзіць у новы стан. Хочацца верыць, што лесвіца паказвае праўду, і заўтра будзе лепей, чым сёння!

У творах мастака з Гродна шмат цеплыні і адкрытасці. Скажам, серыя “Гульні з гранатам” уразіла сваёй прастатой і нестандартнасцю. Аляксандр Сільвановіч адмыслова “разгарнуўшы” гранат, пераўтварыў яго ў матылька, крыж, гадзіннік і зорку.

Мастацкая ж галерэя “Беларт” прадставіла работы мастака з Лепеля Аляксея Пшанко — “Свет. Прастора. Час”. Кожная работа — лімонны, салатавы, апельсінавы свет, у якім казка і рэальнасць пераплятаюцца ў адно. Яркія, выразныя творы, крыху з іроніяй, паглынаюць гледача. На карцінах Аляксея Пшанко — і любімы горад з закаханымі па яго вуліцах, і вобразы, быццам узятыя з твораў Босха… Ёсць свая філасофія ў карціне “Прастора і час”, дзе прастора — матэрыяльнае, выяўленае ў кубах, а час — светлы, неадчувальны шлях. Гэта работа прымала ўдзел у мінскім мастацкім біенале ў 2014-м.

Творы Пшанко яднаюць яркія фарбы, а значыць, мастак хоча ўздзейнічаць на эмоцыі гледача. Але не ўсё так проста, як здаецца на першы погляд. Варта “аддзяліць” колеры ад сэнсу жывапісных работ, як разумееш, што закладзеныя вобразы і думкі мастак “прыкрывае” фарбамі… І як бы ярка яны не “гучалі”, ад іх усё роўна выходзіць неспакой і трывога, бо Аляксей Пшанко падымае “нерухомыя” тэмы.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ