Аўдыя & Відэа-17

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Ліпеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар гурта “Стары Ольса” Зміцер САСНОЎСКІ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/547/11920/8-2.jpgАўдыя

Гурт “Кашлаты Вох”, сінгл “Цябе/Падарунак”

А.: Калісці даўно стаялі мы з Уладзем Наважылавым (гурт “Gods Tower”) і мірна размаўлялі на адной з вуліц Гомеля. Па-беларуску. Наводдаль мясцовыя хлопцы пілі і гучна лаяліся. Чарговыя мінакі звярталі ўвагу на нас беларускамоўных, а потым на іх, “хуліганамоўных”. Уладзь тады выказаў думку, якая не выходзіць у мяне з галавы ўжо гадоў дваццаць: “Для паўнаты жыцця нам вельмі патрэбны беларускамоўныя хуліганы! Давай пахуліганім!..”

Нібыта і ёсць рацыя ў тым, што панкі спяваюць па-беларуску, але ў музычным плане мяне зацікавіла хіба партыя дуды (беларускай валынкі). Астатняе выклікала бадай здзіўленне. Самі ўдзельнiкi гурта называюць сваю музыку “амаральнай”, але — “пра сапраўднае каханне”. Гэта даўно заезджаная тэма пра панка, які шчыра закахаўся ў высокамаральную выдатніцу. Беларускамоўная калярокавая варыяцыя пра Жыгана і “Дзевачку-пай”. “Інтымная споведзь”, як кажуць самі музыканты. А па-сапраўднаму музыку ўсе любяць якраз за тое, што яна дае найлепшы сродак выяўлення сябе непадобнага. Вось такія ў нас ёсць музыканты, якія хочуць па-свойму ствараць! Павар’яцеем на канцэртах!

В.: Прыпанкаваны рок для тынэйджараў. Для слэму самае тое. У якасці разыначкі — фрагментарныя гукі дуды, што рэзануюць з лідар-орам. Наогул, вось такой абсалютна вызваленай музыкі ў нашай альтэрнатыве не занадта шмат, калі граецца па меры магчымасцей, спяваецца, як умеецца, як галасавыя звязкі дазваляюць. Але адсутнасць майстэрства, прафесіяналізму кампенсуецца драйвам, адрывам, азартам, свабодай. Цікава было б зірнуць на вялікае “жывое” выступленне каманды хаця б на гадзінку: наколькі яе хопіць, ці здолее ўтрымаць публіку, ці ёсць канцэртны рэпертуар, ці ёсць зачэпкі?

Гурт “Shuma”, альбом “Zhnivo”

A.: Я не здольны аб’ектыўна ацэньваць тое, што робіць Руся. Яе голас — гэта залежнасць... Гэта невытлумачальная мегасімпатыя! Я не аб’ектыўны яшчэ і таму, што люблю беларускі фальклор. Шмат гадоў зайздросціў многім краінам, якія дараслі да электроннага прачытання свайго фальклору. Зараз маем такое і мы! Бясконца радуе густоўная “ўрбанізаваная” падкладка пад народнымі спевамі. Руся — ліпка, вакол якой, нібы пчолкі, раяцца таленты. Вочы яе мне заўжды нагадвалі вочы старога прафесара — упэўненыя, удумлівыя, з нейкімі нахабнымі чорцікамі, яны нібыта носьбіты вялізарнай колькасці думак. Яны паказваюць, што ведаюць шмат, але ці варта прамаўляць. Яе спеў — адлюстраванне яе вачэй і свету. Не дзіва, што добрыя журналісты ў інфармацыі пра альбом “Zhnivo” змяшчаюць здымкі Русі, дзе выразна праглядаюцца вочы.

“Zhnivo” — моцнае і шчырае музычнае “чытво”. “Смычком па каменні”! Непераадольная сімпатыя!

B.: І так можна адаптаваць народную музыку да рэалій сённяшняга песеннага мастацтва: з дапамогай укіду яе ў электроншчыну. Глабальных адкрыццяў калектыў не зрабіў, перавароту ў культурнай прасторы не зрабіў, а бярэ ён якасцю, прафесіяналізмам і, натуральна, густам. Як сказала аднаму са СМІ Руся — ідэолаг праекта і яго вядучы голас: “Наша задача — стаць класным папулярным гуртом”. Пытанняў да гэтай сентэнцыі ў мяне ўзнікла адразу два: што значыць папулярным і дзе стаць? Адказваць за ўдзельнікаў ансамбля пачну з пытання другога. Стаць на радзіме і ў постсавецкіх краінах? Не стане, бо гэта — не “7.40”, скажам. Удзел — нячастыя непапсовыя фэсты і нерэгулярная клубная дзейнасць. Папулярным — каб бясконца круцілі па ТБ і на радыё (у тых жа прасторавых межах)? Не будзе: зноў жа — не тая папулярнасць зыходнага матэрыялу. А таму адносную папулярнасць (у сілу канкрэтнай фальклорнай экзотыкі ды ў электроннай абгортцы) “Shuma” можа займець там, дзе ідэя такога аб’яднання і падалася вартай увагі, — “за бугром”.

Гурт “Pawa”, альбом “Zyta”

A.: У адрозненне ад гурта “Shuma”, які пераасэнсоўвае фальклор, гурт “Pawa”, на маю думку, застаецца фальклорным гуртом, дзе электронныя інструменты выконваюць хіба ролю дадатку і насычэння гуку, але ніяк не самастойнай творчай адзінкі. Вядома, гэты погляд музыкантаў варты павагі. Вось так яны бачаць сучаснае жыццё беларускіх народных спеваў.

Чамусьці не пакідае ўражанне, нібыта ў аранжыроўках праглядаецца навязлівае жаданне спадабацца слухачу. Варта, вядома, прымаць да ўвагі густы публікі, але такім чынам можна патрапіць у балота — у залежнасць ад чужых сімпатый. Усе гэтыя “хоп-хоп-хоп!”, “хэй-хэй-хэй!” цягнуць на прыпеўкі з гармонікам. Ды і электронныя падкладкі мала таго, што адносяцца да 1970-х, дык яны ў “Pawa” вандруюць з рэлiзу ў рэлiз. А вось карыстанне з гармоніі “Rammstein” (кампазіцыя “Zastukacieli, Zahrukacieli”) мне здалося зусім бяздумным.

Магчыма памыляюся: “Pawa” мне падабаецца, але ў альбоме “Zyta” мала смелых эксперыментаў. А менавіта правакацыі і “выхадкі” рухаюць музыкантаў наперад. Асабіста для мяне, гэта музыка не для праслухоўвання. Пад “Pawa” патрэбна танчыць, слухаць іх са сцэны, глядзець на іхныя артыстычныя паводзіны! Гэта і раблю з задавальненнем шмат гадоў. І ўсім раю!

B.: Гурт выдаў роднасны “Shuma” па жанры альбом (звярніце, дарэчы, увагу на назвы абедзвюх работ!) — восем кампазіцый, вытрыманых у фолктронiк-стылістыцы. Капала каманда таксама глыбока, прадставіўшы ў рэлізе першааснову розных беларускіх рэгіёнаў у сучаснай апрацоўцы, выкарыстаўшы магчымасці электронікі і “жывых” інструментаў. Але ў адрозненне ад калектыву Русі, гэтая каманда мае больш шанцаў стаць папулярнай, па меншай меры, у нашай краіне, па меншай меры, тымі сваімі трэкамі, якія збольшага адпавядаюць радыйнаму масаваму фармату і вячэрняму фестывальнаму угару (ва ўсякім выпадку, рэчаў пяць можна смела нон-стопам уключаць у сэт-ліст любога этна-мерапрыемства (нават з цяжкай музыкай!) на адкрытым паветры, якое мае на ўвазе танцы). Што зусім не кажа аб іх прымітыўнасці, легкаважнасці... папсовасці: усё зроблена (спета, згуляна, саранжыравана, сабрана) дыхтоўна, удумліва, акуратна, проста цікава.

Відэа

Гурт “Play4May”, кліп на песню “Запалi”

А.: Пафас. І ў музыцы, і ў тэкстах, і ў відэа, і ў сюжэце. Так усюды! Ненавіджу пафас і закаханасць “у сябе таленавітых”. Калі хлопцы разумеюць, што толькі вучацца і што гэта толькі першыя прыступкі росту, — можа быць. А калі яны шчыра прамаўляюць гучна: “альтэрнатыўная каманда”, “падтрымка свайго другога альбома” — я супраць. Якая альтэрнатыва?!. Альтэрнатыва чаму? Звычайны набор інструментаў, стандартныя аранжыроўкі, звычайны вакал, прасценькая мелодыя, пачатковыя артыстычныя здольнасці, сюжэт кліпа... Хлопцы, рок-музыка — гэта кацёл! Згодны ў ім варыцца, шалець і “грабаць” клюшнямі — скачыце! А калі хочаце адразу хадзіць паверсе і ўзбіваць пену — тупік.

“У кожнага героя існуе свой ілюзорны свет, дзе ён спрабуе разабрацца з думкамі, якія яго грызуць, каб нарэшце адпусціць іх і спаліць цяжкія ўспаміны назаўжды”, — з інтэрв’ю вакаліста “Play4May”. Гэта вельмі нагадала незабыўнага Курта Кабэйна! “Касіць” пад куміра, вядома, можна, але творча!

А наогул, радуе, што хлопцы не сядзяць перад кампом, ня ціснуць крэсла, а тузацца, носяцца, скідаюцца грашыма, наймаюць, здымаюць, ствараюць! У дарогу! Калі без пантоў і пафасу — я за вас!

В.: Героі кліпа — музыканты гэтага баранавіцкага калектыву, якія ў розных інтэр’ерах пра нешта думаюць, чагосьці чакаюць, кудысьці ідуць і на штосьці глядзяць. Мабыць, знаходзяцца ў чарговых пошуках уласных “я”, калі да здзяйснення ўчынку, вядома, лёсавызначальнага застаюцца лічаныя хвіліны. Але што будзе далей, калі яны зробяць крок у невядомае? І ці трэба яго рабіць, калі за дзвярыма — граблі, напрыклад? Зрэшты, партал той знаходзіцца ў чыстым полі, і няма чаго сумнявацца і прыдумляць сабе адгаворкі, калі рубеж гэты — ілюзорны, хоць і цалкам рэчыўны. І вось ужо дзверы гараць, масты спалены. Да наступнай мяжы. (Напрошваецца, каб на рэальных дзвярах, тых, што ў кліпе, камера буйна ўзяла лагатып іх вытворцы. Але спонсары ў вырабе роліка ўдзелу не прымалі.) Якаснае відэа, без асаблівай “завумi”, якраз прыдатнае для падтрымкі трэка. У самім жа ім прыкметны ўплыў “хрыпуноў” з канадскай брыгады “Nickelback”, якая праславілася выкананнем рэзкіх і меладычных 
песень.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"