Лічбавыя копіі дзяржаўнага значэння

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Жыццё кароткае, а вось сапраўднае мастацтва — вечнае. Матэрыялізацыяй гэтага выслоўя з’яўляецца Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Унікальнасць установы ў тым, што тут комплексна ўтрымліваюцца такія разнапрофільныя адзінкі захоўвання, як кінастужкі, аўдыёзапісы, фота- і папяровыя дакументы... Створаны ў сакавіку 1941-га, ён перажыў вайну, пазней змяшчаўся ў будынку царквы Марыі Магдаліны ў Мінску, а з 1987 года перабраўся са сталіцы ў Дзяржынск, дзе працуе і сёння. Якія дакументы карыстаюцца попытам? Ці можа “просты смяротны” дакрануцца да таго самага “вечнага”? Ды і якім чынам забяспечыць яго захаванне для нашчадкаў? Што, як, для каго захоўваем, разбіраецца “К”.

 /i/content/pi/cult/154/1192/Kopii.jpg
Архіў з’яўляецца камплектуемым — гэта значыць, яго фонды пастаянна папаўняюцца новымі паступленнямі амаль з 250-ці крыніц. Сярод асноўных — Белтэлерадыёкампанія, БелТА, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, вядучыя рэспубліканскія СМІ. Але ж папаўненне фондаў не абмяжоўваецца сталічным рэгіёнам: згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах Рэспублікі Беларусь” у архіў прадстаўляюцца ўсе ствараемыя на тэрыторыі нашай краіны аудыёвізуальныя дакументы, у тым ліку і рэгіянальныя.
Так, спецыфіка архіўнай дзейнасці будуецца вакол асноўнай задачы — захоўвання фондавых дакументаў. Але ж нават такія ўстановы не могуць быць “адарванымі” ад сучаснага культурнага жыцця краіны, што натуральна, адзначае дырэктар архіва Віктар Баландзін. Адным з ключавых момантаў у запатрабаванасці архіўных паслуг, зазначыў Віктар Васільевіч, з’яўляецца той факт, што сёння наша краіна даволі хуткімі тэмпамі развіваецца ва ўсіх галінах: культуры, эканоміцы, палітыцы... А для таго, каб асвятляць увесь комплекс як гэтых пытанняў, так і будзённыя клопаты кожнага чалавека, неабходна ўлічваць не толькі дзень сённяшні, але і мінулае.
І тут, як кажуць, лепш адзін раз убачыць: ці не самымі актыўнымі карыстальнікамі на сённяшні дзень з’яўляюцца беларускія тэлевізійшчыкі, якія старанна вывучаюць фонды архіва, уключаючы тыя ці іншыя фрагменты дакументальнай хронікі ў свае тэлеперадачы, а таксама “Беларусьфільм”аўскія дакументалісты. Надзвычай запатрабаваныя матэрыялы гісторыка-патрыятычнай скіраванасці. Ды і ў фондах архіва маюцца насамрэч унікальныя дакументы, напрыклад, “трафейныя” нямецкія кінахронікі часоў Вялікай Айчыннай. А калі ўзяць цыкл перадач “Савецкі Саюз”, што не так даўно прайшоў на Беларускім тэлебачанні, — кажа Віктар Васільевіч, — то працэнтаў на сорак ён створаны на аснове дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Дарэчы, апошнім часам да паслуг архіва звяртаецца шмат рэгіянальных “спажыўцоў” у сувязі са стварэннем мясцовых музеяў, развіццём гісторыка-культурнай інфраструктуры ў рэгіёнах. Як правіла, у мясцовыхкраязнаўчых музеях не заўсёды можна знайсці дастаткова сур’ёзных дакументаў, якія б адлюстроўвалі тое ці іншае гістарычнае пытанне, — вось і звяртаюцца ў архіў па дапамогу пры стварэнні гістарычных фотавыставак ці музейнай экспазіцыі...
Архіўныя матэрыялы могуць быць цікавыя не толькі навукоўцам-даследчыкам, але і “практыкам” мастацтва: тыя ж тэатральныя рэжысёры, узнаўляючы старыя спектаклі, могуць звярнуцца да іх архіўных запісаў.І ўсё ж, калі само мастацтва — вечнае, то носьбіты, на якіх яно захоўваецца, маюць свой пэўны “тэрмін жыцця”. Часам ён не такі доўгатэрміновы, як нам таго хацелася б, і развіццё найновых тэхналогій не забяспечвае яго большай працягласці. Што і казаць, калі нават якасць сучаснай паперы пры ўсёй яе знешняй прывабнасці менш прыдатная для доўгатэрміновага захоўвання, чым тая, якая была раней!
Асобная “гісторыя” і з кінаплёнкай, якая першапачаткова была проста
/i/content/pi/cult/154/1192/Kopii2.jpg 
выбухованебяспечнай, бо аснову яе складала нітрацэлюлоза. Толькі пасля таго, як паўстагоддзя таму на Магілёўшчыне адбылася сапраўдная трагедыя — падчас прагляду фільма згарэў клуб, і ў агні загінула каля 60 чалавек, — па ўсім Савецкім Саюзе было прынята рашэнне пра абсалютную замену гэтых носьбітаў на плёнкі з трыацэтатнай асновай. Усе страшэнна ўзрадаваліся: новая плёнка практычна не гарэла. Але праз пэўны час пачалі з’яўляцца “сігналы” аб... паху воцату ў сховішчах. Аказалася, што ў новых плёнках адбываецца незваротны працэс гідролізу: аснова раскладаецца на ваду і воцатную кіслату. Працэс гэты, прымяняючы спецыяльныя сарбенты, можна запаволіць, але канчаткова спыніць немагчыма...
Зрэшты, пытанне захавальнасці дакументаў “цягне” за сабою і іншае — аб мадэрнізацыі самой сістэмы захоўвання, абнаўленні носьбітаў. Не сакрэт, што сёння ў гэтым плане маецца шмат новых тэхналогій. Ці варта за імі паспяваць, і як гэта рабіць?
— Адзіная ўмова, — адказвае Віктар Баландзін, — наяўнасць грошай. Да прыкладу, сканер для перагонкі кінафільмаў у лічбавы фармат (не найновы, але здольны забяспечыць неабходны ўзровень якасці канчатковага прадукту) каштуе сёння паўтара мільярда беларускіх рублёў. Безумоўна, знайсці ў адзін момант грошы на набыццё такога апарата вельмі складана, асабліва з улікам таго, што прамой эканамічнай аддачы ад гэтага чакаць не даводзіцца.
Між іншым, пераход на лічбу сёння, відавочна, найбольш перспектыўны. Практыка стварэння так званых страхавых кінакопій паказала, што пры кожным перазапісе таго ці іншага фільма губляецца прыкладна пяць працэнтаў якасці выявы, колераперадачы, а таму ўвесь свет сёння адмаўляецца ад падобнай практыкі. Безумоўна, існуюць тэхналогіі аднаўлення якасці кінаплёнкі, але яны надта дарагія, да таго ж, для іх патрэбны адпаведнае абсталяванне, спецыялісты... А чым жа можна заахвоціць сёння такіх спецыялістаў, калі тарыфныя стаўкі ў архіве настолькі нізкія, што зарплата ў дырэктара меней, чым у дырэктара сярэдняй школы ў Мінску?..
Яшчэ адзін аргумент на карысць лічбы — пераход да работы ў гэтым фармаце не толькі тэлебачання, але і кіно. Зрэшты, нараканняў ад гэтай катэгорыі “спажыўцоў” няма — якасць атрыманых матэрыялаў іх цалкам задавальняе. Але ж адна справа — лічбавая апрацоўка матэрыялаў для таго ж тэлебачання, і зусім іншая — для архіўнага захоўвання. Калі для першага якасць, з якой капіруецца сёння хроніка — 600 тэлевізійных ліній, — цалкам задавальняючая, то для доўгатэрміновага архіўнага захоўвання і далейшага выкарыстання гэтая лічба павінна быць большай як мінімум удвая.
 /i/content/pi/cult/154/1192/Kopii3.jpg
“Вось ужо два гады мы звяртаемся ў адпаведныя інстанцыі для таго, каб набыць такі тэлекінадатчык, але пакуль што справа з месца не рухаецца, — са скрухай кажа Віктар Баландзін. — І таму, выступаючы, я канстатую: сёння на Беларусі пераведзеных у лічбавы фармат кінаархіваў няма, бо тыя карыстальніцкія копіі, якія мы робім, прыдатныя выключна для працы, а не для сур’ёзнага захавання на дзяржаўным узроўні”.
У адносінах фона- і фотадакументаў працэс захавання ў лепшым становішчы. У архіве маецца цудоўная апаратура для пераводу на дыскі фонадакументаў з вельмі высокім узроўнем якасці апрацоўкі. Што ж да фота, дык сёння пераважная большасць СМІ перайшла на працу ў лічбавым фармаце, таму ўсе дакументы трапляюць у архіў на CD-дысках. Іншая справа, што аб’ёмы ранейшых “запасаў” дакументаў вялікія, а супрацоўнікаў для іх апрацоўкі — адзінкі... Так, сёння да паслуг карыстальнікаў у архіве маецца і традыцыйная даведачная сістэма, і электроны каталог дакументаў, але ж апошні ўтрымлівае ў сабе толькі каля 5 — 7 працэнтаў ад таго, што ёсць у фондах...
І ўсё ж, само сабою напрошваецца пытанне пра больш актыўнае “ўвядзенне ва ўжытак” таго скарбу, што захоўваецца сёння ў архіве. Не аднойчы і мы на старонках “К”, і нашы чытачы ўзнімалі пытанне пра тое, каб зрабіць даступнымі для звычайнага спажыўца найлепшыя здабыткі нашага мастацтва савецкай эпохі. Чаму ў нас фактычна няма практыкі выдання тых жа фотаальбомаў з архіўнымі здымкамі, падборак на CD ці DVD старога дакументальнага кіно, знятага ў свой час на “Беларусьфільме”, запісаў вядомых і любімых і да сёння калектываў і выканаўцаў?..
— Падобная ідэя пры ўсёй яе слушнасці, — адказвае Віктар Баландзін, — неадназначная. Немалая частка тых матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве, з’яўляецца аб’ектам аўтарскага нагляду, адпаведна, прытрымліваючыся Закону “Аб аўтарскіх і сумежных правах”, такія матэрыялы нельга тыражаваць самастойна. І потым, для падобнай дзейнасці неабходна адпаведная ліцэнзія, якой архіў не мае. Падобная няпрофільная дзейнасць прадугледжвае закупку і ўстаноўку адпаведнага абсталявання, бо мы ж не “піраты”, каб выпускаць усё “падпольна” невялічкімі партыямі. І хаця я не сумняваюся, што знойдзецца шмат ахвотных набыць тую ж савецкую дакументалістыку, гэтае кола ўсё ж не настолькі шырокае, каб ад падобнай рэалізацыі можна было б мець рэальныя прыбыткі. Эканамічны складнік у дадзенай сітуацыі з’яўляецца вызначальным: таму і камерсанты пакуль што не праяўляюць зацікаўленасці ў гэтым накірунку. Але ж задача архіва заключаецца не ў “гандлі” дакументамі, а — у іх прапагандзе. І потым, як вызначыць, што канкрэтна з тых жа 24 тысяч дакументальных фільмаў “аддаць у продаж”?..
Ёсць і яшчэ адна прыкрая акалічнасць, якую мы сёння не можам абысці: як вядома, да 1992 года Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў меў саюзнае падпарадкаванне, у сувязі з чым практычна ўсе арыгіналы мастацкіх фільмаў, знятых на Беларусі на працягу не аднаго дзесяцігоддзя, паступаліна захаванне ў расійскія Белыя Сталбы, дзе знаходзіўся знакаміты Дзяржфільмафонд. Там яны пасля распаду Савецкага Саюза і засталіся. І цяпер айчынныя кінематаграфісты для таго, каб скарыстаць іх, мусяць ехаць у іншую дзяржаву і плаціць за гэта немалыя грошы.
Калі гаварыць пра будзённыя клопаты, сёння архіў уступае ў працэс рэканструкцыі будынка. Завершаны праектныя работы і распачынаецца этап “канкрэтных дзеянняў”: замест старых вокнаў устаноўлены шклопакеты, праведзена ўцяпленне аканіц, старыя масіўныя жырандолі заменены на энергазберагаючыя, замест старых і грувасткіх лямпавых прыбораў набыты новыя, больш эканамічныя і менш шкодныя для здароўя, — усё гэта дало сур’ёзны эканамічны эфект. Ды і “твар” архіва — фасад будынка — у хуткім часе будзе закрыты пліткай. А пра яго “ўнутраны змест” паклапоцяцца супрацоўнікі. 

Таццяна КОМАНАВА