“Кармэн”. Версія нумар...

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

У канцы сезона на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатры оперы і балета Беларусі з’явілася новая пастаноўка “Кармэн” Жоржа Бізэ. Ці пераўзышла яна ранейшыя сем? І ў чым яе адметнасць?

/i/content/pi/cult/547/11919/8-1.jpg

Сцэна з оперы "Кармэн". / Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

“Кармэн” як карма

Прэм’ера не магла не прыцягнуць увагу музычнай грамадскасці не толькі з-за папулярнасці твора. Гэта опера папраўдзе знакавая для развіцця нашага мастацтва і практычна не сыходзіла з рэпертуару: сучасныя гледачы, у залежнасці ад узросту, могуць прыгадаць ад адной да пяці мінулых беларускіх версій. Парадокс, але менавіта ёй адкрыўся ў 1933-м наш Вялікі тэатр. Заўважым, не беларускай операй, хаця на той час ужо прагучала ў радыёэфіры камічная аднаактоўка “Тарас на Парнасе” Мікалая Аладава, і не рускай класікай, хаця менавіта на яе ў першую чаргу арыентаваліся ўсе савецкія тэатры. Але неабходныя ўмоўнасці, каб опера стала больш беларускай і рэвалюцыйнай, тады былі вытрыманы: яна ішла ў перакладзе, “на мове” (“Бык ідзе, раззявіў зяпу ён”), а галоўная гераіня і яе паплечнікі-кантрабандысты трактаваліся як барацьбіты за свабоду. З далейшых увасабленняў самай нечаканай была рэжысура Вячаслава Цюпы ў 1990-м: усе героі знаходзіліся ў клетках, а забівала Кармэнсіту — быццам бы ціхая Мікаэла, падманутая нявеста Хазэ.

У свеце было нямала спроб зрабіць Кармэн адмоўным персанажам. Але пры любых варыянтах яна застаецца прывабнай — ці, пры падкрэсліванні ў ёй д’ябальскага пачатку, чартоўску прыцягальнай. І ўсё з-за музыкі, якая ўшчэнт разбіла змрочнасць навэлы Праспэра Мэрымэ.

Наша цяперашняя гераіня (дый сам спектакль) асацыююцца ў мяне з “Кармэн” Сальвадора Далі. Патлумачу, чаму ўзніклі такія паралелі.

Рэакцыя на рэдакцыю

Па-першае, з-за выбару рэдакцыі. На гэты раз спыніліся на першым аўтарскім варыянце з размоўнымі дыялогамі. Нагадаю, калі два дзесяцігоддзі таму наш тэатр ужо звяртаўся да гэтай рэдакцыі, дык пастаноўка была прызначана найперш для замежных гастролей з запрошанымі заходнімі салістамі, для якіх размовы па-французску не былі перашкодай. Цяпер тыя дыялогі дзе значна, а дзе крыху скарацілі, але яны не напоўнены энергетыкай, як гэта ўмеюць рабіць драматычныя артысты, і драматургічная тканіна засталася рванай.

Яшчэ больш ірвецца яна з-за ўвядзення ў спектакль устаўнога нумара — фламэнка, пастаўленага Аленай Аліпчанка (астатняя харэаграфія — Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова). Гэта не было прадугледжана ні першай аўтарскай рэдакцыяй, ні другой — Эрнэста Гіро, які замяніў размоўныя дыялогі музычнымі рэчытатывамі і дабавіў крыху іншай музыкі Жоржа Бізэ. Можна, канешне, радавацца, што нашы артысты хору вывучылі і спраўна паўтараюць неабходныя рухі, што аркестр можа адпачыць, пакуль пануе стыхія рытму. Але ў тым і розніца, што ў Іспаніі фламэнка — у крыві і паветры, а ў нас — у кшталтаванні рэпетыцыямі, дзе яшчэ не дасягнута тая свабода выканання, што здараецца на дыскатэках (для іспанцаў і дагэтуль фламэнка — што вальс для венцаў: “абавязковы” побытавы танец, якому ў сем’ях навучаюць дзяцей, ледзь тыя ўсталі на ножкі). Дый “дзірка” ў партытуры атрымліваецца — драматургічна не абаснаваная: дзеля відовішча.

На цыганаў і вайскоўцаў разлічыся

Па-другое, паралелі з Далі ўзнікаюць з-за вобразу самой Кармэн, якой не стае чагосьці вельмі істотнага. Звычайна гэту гераіню немагчыма ні з кім пераблытаць. Яна настолькі рэзка вылучаецца сярод астатніх працаўніц цыгарэтнай фабрыкі, што адразу, ледзь толькі з’яўляецца на сцэне, не пакідае ніякіх сумневаў, чаму ўсе мужчыны глядзяць на яе, а не на іншых. Таму і адзенне ў яе часцей чырвонае, каб ажно рэзала вока. У новай пастаноўцы нічога гэтага няма. З’яўляецца яна ў чорным — на фоне астатніх у шэрым, і нічым асаблівым (найперш, шалёнай унутранай энергетыкай, экстравагантнасцю ці, наадварот, сэксапільнай вытанчанасцю) не прыцягвае. Можа, так адбываецца яшчэ і таму, што Аксана Волкава, наша сусветна прызнаная выканаўца гэтай партыі, у пастаноўцы пакуль не ўдзельнічала: у чарговы раз была на замежных гастролях, таму рэпетыцыі і прэм’ера прайшлі без яе. Рэжысёр Галіна Галкоўская ўвогуле прызналася на прэс-канферэнцыі, што нават не ведае, як паставіцца прымадонна да новай версіі.

Аксана Якушэвіч, якая спявала абодва прэм’ерныя спектаклі, і Крыскенція Стасенка, якую давялося пачуць на генеральным прагоне, стараюцца з усіх сіл: спяваюць, іграюць, танчаць — здараецца, усё адначасова. Але менавіта з-за той стараннасці ў пэўных месцах узнікае адчуванне ненатуральнасці. Можа, нязмушанасць выканання, адчуванне асалоды ад яго з’явяцца пазней?

Сярод плюсаў трэба адзначыць выкананне Эдуарда Мартынюка — адзінага пакуль у партыі Хазэ, Таццяны Гаўрылавай і асабліва Настассі Масквіной, якая акцэнтуе развіццё характару Мікаэлы (Алена Бундзелева, на жаль, малюе гэтую гераіню звычайнай “шэрай мышкай” — і знешне і вакальна), а таксама ўсіх трох цудоўных Тарэадораў: Уладзіміра Громава, Уладзіміра Пятрова, Станіслава Трыфанава. Незалежна ад розных складаў, вельмі добра гучыць найскладаны квінтэт кантрабандыстаў, хаця самі іх вобразы не такія каларытныя, як гэта часцяком бывае.

Дзе ў канцэпцыі канцы?

Па-трэцяе, ідэя спектакля. Безумоўна, пастаноўка мае сваю канцэпцыю, неаднаразова выкладзеную рэжысёрам на паперы і ў вусных прамовах: маўляў, гэта не жыццёвы шлях гераіні, а этапы шляху яе смерці, дзе вельмі важнай аказваецца тэма веры ў Бога. Вось толькі “не чытаецца” гэта ў самой пастаноўцы! Так, у час тэмы лёсу ва ўверцюры па сцэне праходзяць манашкі, Мікаэла ўпершыню з’яўляецца, выходзячы з касцёла. Але ж як развіваць гэту тэму далей, калі музыка для яе не была прызначана?

Нявызначанасць, супярэчлівасць жанравай асновы не прыводзіць да магчымай ідэі сінтэзу. Майстар тонкага псіхалагізму, Галіна Галкоўская не заўжды ўпэўнена пачувае сябе ў масавых сцэнах. Разгублены і артысты хору з мімансам, часам бессэнсоўна рухаючыся па сцэне, не ўкладаючы ў сваіх персанажаў чалавечыя лёсы і характары. І хаця хор, як заўжды, спявае добра (хормайстар Ніна Ламановіч), паводле “карцінкі” атрымліваецца звыклая масоўка, а дзе і статычнасць. Асабліва гэта тычыцца апошняй карціны, дзе хор, быццам у старажытнагрэчаскай трагедыі, застаецца знешнім сузіральнікам дзеі, ніяк не рэагуючы на канфлікт паміж былымі палюбоўнікамі.

Затое чытаецца іншая ідэя — усюдыіснасці паказанай гісторыі, ледзь не блукання па стагоддзях. У першы момант уражвае сцэнаграфія, вырашаная з улікам модных тэндэнцый сучаснага напрамку гіперрэалізму (мастак-пастаноўшчык — Ганна Контэк з Фінляндыі). Маленькая па памерах плошча, ад якой разыходзяцца вузенькія касыя вулкі. Двухпавярховыя дамы, касцёл. Сапраўдная Іспанія! Тыповая, абагульненая, без канкрэтнай прывязкі да рэальнай цыгарэтнай фабрыкі ў Севільі, у памяшканні якой цяпер знаходзіцца навучальная ўстанова. Раптам пачынаеш разумець, што ж вымушае “не верыць” усёй гэтай пазнавальнасці іспанскіх гарадскіх відарысаў, успрымаць іх не больш чым “лялечнымі” дэкарацыямі з эстэтыкай галівудскіх мультфільмаў. Усе збудаванні залішне прыгожанькія, быццам намаляваныя ці пасля грандыёзнага рамонту — новенькія, як з іголкі зняты. Іспанцы ж не надаюць асаблівай увагі знешняму антуражу, спрадвеку жывуць у старых будынках, для іх галоўнае — унутранае начынне жытла, утульнае, зручнае, функцыянальнае, без пылу ў вочы, як здараецца ў нас.

Нейкай адметнай канцэпцыі не адчуваецца пакуль уласна ў музычнай інтэрпрэтацыі. Усё гучыць, збольшага, зладжана, з добрым балансам галасоў і інструментаў. Але… не больш за гэта. Нават з мінімумам кантрастаў, якія так і просяцца на паверхню. А між тым, некалькі гадоў таму дырыжор Андрэй Галанаў казаў мне, што ўспрымае “Кармэн” не столькі операй, колькі прадвесніцай мюзікла. На гэта, маўляў, указвае нумарная структура з размоўнымі дыялогамі, амаль эстрадная “хітовасць” абсалютна ўсіх нумароў, сярод якіх папросту няма непапулярных. Адсутнасць жа невядомых у 1870-я джазавых павеваў з ліхвой кампенсуецца іспанскім каларытам, які ўтрымлівае не менш унутранага нерва, энергетыкі і нават “харызмы”. Чым не цікавая ідэя? Зноў-такі, рэалізаваная пакуль на словах, а не ў музычным выкананні, дзе, як адзначалася вышэй, не адбудавана адзіная драматургічная лінія, якую не змогуць парушыць ніякія сцэнічныя размовы. Асабіста ў мяне ёсць некаторыя сумневы і ў сапраўдным, а не ўяўным паразуменні між рэжысёрам і дырыжорам. Бо тая ж змена дэкарацый не паміж першай і другой дзеямі, а ў пачатку другой відавочна замінае музыцы скрыпам-грукатам.

У цэлым, пастаноўка ўспрымаецца як традыцыйная. Героі не кранаюць настолькі, каб ім суперажываць. І не ўзрушваюць нечаканасцю, якая вымусіла б пераасэнсоўваць вядомую гісторыю. Але спектакль, безумоўна, будзе карыстацца вялікім попытам гледачоў, а таксама шматлікіх запрошаных салістаў. Бо яго традыцыйнасць не будзе вымушаць ні тых ні гэтых асабліва задумвацца ні пра выкладзеныя ў оперы калізіі, ні пра супярэчлівасць характараў яе герояў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"