Унікальнае… гумно

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Шыфер “б/у” для інжынернага цуду: ураган пакінуў без даху помнік драўлянага дойлідства
Навальніца, якая пракацілася па Беларусі некалькі тыдняў таму, нарабіла шкоды і ў знакамітай сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы. Паваленыя дрэвы і вецце ўжо прыбралі валанцёры з розных куткоў краіны пры непасрэдным і самым актыўным удзеле старшыні Начаўскага сельвыканкама Вячаслава Новіка. Значную падтрымку аказалі і раённыя ўлады Ляхавіччыны. Прадастаўлены імі трактар для вывазу ламачча толькі за адзін дзень зрабіў дзесяць рэйсаў з прычэпам, поўным да бартоў. Але ці не самы згубны вынік стыхіі пакуль не ліквідаваны. Адна з сядзібных пабудоваў — старое драўлянае гумно — сёння, лічы, пазбаўлена даху.

/i/content/pi/cult/547/11918/6-3.jpgНа фоне іншых адметнасцей Грушаўкі тое гумно не асабліва прыцягвае да сябе ўвагу. Пагатоў, не кожны з наведвальнікаў да яго дабіраецца — яно месціцца на гаспадарчым двары, куды вядзе разбітая сельгастэхнікай дарога. Тым больш, з гэтай някідкай з выгляду пабудовай не звязана ніякіх захапляльных гісторый. Але навукоўцы лічаць яе сапраўдным цудам інжынернай думкі нашых продкаў і падрабязна апісваюць у сваіх даследаваннях.

— Гумно ў Грушаўцы вылучаецца сваімі вялікімі памерамі, але гэта, вядома, не самае галоўнае, — распавядае адзін з найбольш аўтарытэтных знаўцаў сядзібна-паркавага мастацтва нашай краіны, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Анатоль Федарук. — Важна тое, што гэтыя памеры забяспечваюцца асаблівымі канструкцыямі. Прыкладам, кожны вонкавы слуп мае ля сваёй асновы нешта кшталту кантрафорса з бруса моцнага сячэння. Да таго ж, ніжнія часткі ўнутраных слупоў абапіраюцца на крыжападобную падкладку, дзякуючы чаму тыя слупы самі не судакранаюцца з зямлёй і, адпаведна, не гніюць. Гэта вынаходка спрашчае і правядзенне рамонту.

Пэўна, менавіта дзякуючы абачлівасці невядомых народных дойлідаў драўляны будынак паспяхова перасягнуў стогадовы век і дайшоў да нас у нядрэнным стане. Хаця яшчэ некалькі гадоў таму можна было заўважыць немалыя прарэхі ў сучасным шыферным даху. Гэта тым больш здзіўляла з той прычыны, што гумно выкарыстоўвалася мясцовай гаспадаркай амаль па першапачатковым прызначэнні.

І вось, нядаўні ўраган давяршыў справу, і лядашчы дах абрынуўся. Пра тое, што гэта азначае для драўлянага будынка, не варта і казаць.

— Літаральна год-два — і такі помнік архітэктуры можна лічыць страчаным, — з веданнем справы кажа Анатоль Федарук. — Драўляныя гумны ў нас мала дзе захаваліся, і ў пераважнай большасці выпадкаў іх лёс маглі змяніць пару лістоў шыфера, своечасова пакладзеныя на дах нечай руплівай рукой. Каштоўнасць будынка ў Грушаўцы вельмі вялікая, і трэба неадкладна прыняць меры па яго ратаванні.

На сённяшні дзень рабочы летнік у сядзібе ідзе поўным ходам. Але ў цэнтры ўвагі пакуль знакаміты флігель “Мураванка”, дзе, як мяркуецца, прайшлі апошнія дні жыцця Тадэвуша Рэйтана. Па сканчэнні прац будынак з трохсотгадовай гісторыяй займее часовы дах, а яго дзвярныя і ваконныя праёмы па рашэнні мясцовых уладаў закладзены цэглай. А затым валанцёры мяркуюць узяцца за гумно.

— Перад тым як пачаць працы, мы хацелі б пачуць парады спецыялістаў, — кажа адзін з арганізатараў летніка Зміцер Юркевіч. — Далей — падабраць матэрыялы, прычым для часовых супрацьаварыйных мер пасуе нават “бэушны” шыфер. Няма сумневу, што да пачатку “мокрага сезону” хоць нейкі дах мы павінны зрабіць. Ратаваць гэта ўнікальнае гумно трэба, як кажуць, усім светам!

Валанцёры спадзяюцца на дапамогу мясцовых уладаў, а таксама і мясцовых гаспадарак — хаця б тымі ж матэрыяламі альбо не надта мудрагелістай тэхнікай. У адрозненне ад некаторых мясцовых жыхароў, “прышлыя” энтузіясты бачаць вялікую перспектыву гэтай “састарэлай” драўлянай пабудовы.

— Спадзяемся, сядзіба некалі стане сапраўднай перлінай беларускага турызму, і тады можна стварыць у тым гумне экспазіцыю сельскагаспадарчых прылад, ладзіць там майстар-класы для дзятвы, — марыць Зміцер Юркевіч. — Ды і для дарослых таксама, бо які гарадскі жыхар сёння ўмее абыходзіцца з плугам?

Пакуль такія мары выглядаюць адарванымі ад рэаліяў жыцця, але ж пэўны прагрэс у справе рэвіталізацыі котлішча Рэйтанаў — відавочны. Прыкладам, 22 жніўня на тле занядбанага палаца пройдзе ўжо трэці па ліку фэст. Пачнецца ён з раённага свята традыцыйнай культуры “З крыніц спрадвечных”, а затым плаўна перацячэ ў “Дах-29” (назва, пагадзіцеся, у дадзеным выпадку асабліва злабадзённая). Як і амаль усе пачыны, датычныя сядзібы, імпрэза стала добрым прыкладам супрацоўніцтва паміж энтузіястамі ды мясцовымі ўладамі.

Фота Арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана