Будоўля пад кантролем

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Прадстаўнікі Міністэрства культуры распавялі пра тэндэнцыі ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны
13 жніўня ў Нацыянальным прэс-цэнтры прайшла прэс- канферэнцыя “Аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. На пытанні журналістаў рэспубліканскіх і замежных СМІ адказвалі намеснік Міністра культуры нашай краіны Аляксандр Яцко і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

/i/content/pi/cult/547/11917/6-2.jpg“Хваля” ў інтэрнэце

Адным з найбольш актуальных пытанняў, якое прагучала на прэс-канферэнцыі, стаўся запыт журналістаў пра лёс старадаўняй царквы XVIII стагоддзя ў вёсцы Малыя Мурыны Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Нагадаю, што днямі ў Інтэрнэце былі апублікаваны фотаздымкі гэтай, нібыта “разбуранай”, царквы. Да таго ж, як высветлілася, яна занесеная ў Дзяржаўны спіс як гісторыка-культурная каштоўнасць другой катэгорыі і таму, натуральна, ахоўваецца законам.

— Пытанне з царквой у Камянецкім раёне нам вядомае, — адзначыў Ігар Чарняўскі. — У інтэрнэце, у СМІ, на мой погляд, паднялася сёння сапраўдная “хваля” з гэтай нагоды, і многія гавораць, што, як быццам, царкву ў вёсцы Малыя Мурыны знішчылі. Але таму, хто пра гэта пачаў казаць, варта было б спачатку пазнаёміцца з праектнай дакументацыяй, якой прадугледжаны ўсе неабходныя мерапрыемствы па правядзенні работ на гэтым аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны.

Па словах Ігара Чарняўскага, рэстаўрацыйная праца з драўлянай архітэктурай адрозніваецца тым, што канструкцыі дазваляецца разбіраць, каб замяніць сапсаваныя дэталі на новыя. Таму ў гэтым плане ўсё адпавядае праектнай дакументацыі.

— Тэхнічны стан царквы далёка не лепшы, да таго ж яна была ў свой час перабудавана, — адзначыў Ігар Чарняўскі. — Хто бачыў гістарычныя здымкі і сучасныя фатаграфіі, той разумее, што гэта абсалютна розныя рэчы. Паводле праекта прадугледжана аднаўленне гістарычнага аблічча помніка спадчыны. Больш за тое, падчас папярэдняй перабудовы кроквы царквы былі зроблены не самым належным чынам, і таму цяпер іх трэба перарабляць. Так што сёння ў Камянецкім раёне адбылася адно толькі стадыя разборкі канструкцый царквы. Наступная стадыя — аднаўленне помніка спадчыны.

Але, як адзначыў начальнік упраўлення, пры правядзенні работ сапраўды дапушчаны парушэнні. Справа ў тым, што адказнымі асобамі не быў атрыманы дазвол Міністэрства культуры. Таму сёння падрыхтавана прадпісанне, якое павінна быць выканана, а работы мусяць прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам.

Ігар Чарняўскі таксама не выключыў, што ў сувязі з дадзеным парушэннем заканадаўства мясцовыя органы ўлады могуць прыняць рашэнне аб прыцягненні вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці ў залежнасці ад ступені нанесенай шкоды. “Але я спадзяюся, што паступова сітуацыя ўвойдзе ў прававое рэчышча і царква будзе адноўлена згодна з праектнай дакументацыяй”, — зазначыў начальнік упраўлення.

Ад Свержаня да Курапатаў

Журналістаў цікавілі і іншыя праблемы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, згодна з інфармацыяй аднаго з калег, сёння жыхары вёскі Новы Свержань, што ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, хвалююцца наконт рэканструкцыі мясцовай былой уніяцкай царквы і жадаюць, каб рамонт быў у ёй праведзены ў адпаведнасці з гістарычнымі і архіўнымі данымі.

— Агучанае пытанне знаходзіцца пад пастаянным кантролем, — адзначыў начальнік упраўлення. — Замена наверша вежы мясцовай царквы ўзгоднена менавіта ў той форме, якая там павінна быць згодна з гістарычнымі звесткамі, а не ў той, якую там камусьці хацелася б бачыць. Да слова, гэтым пытаннем займаемся не толькі мы, але таксама і Стаўбцоўскі райвыканкам. Адзначу, што я вельмі пазітыўна ацэньваю той факт, што грамадзяне праявілі цікавасць да перабудовы царквы і ўзнялі гэтую праблему.

Таксама было зададзена пытанне і пра стварэнне ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці на месцы гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты. На думку Ігара Чарняўскага, існуючы праект цалкам здольны забяспечыць захаванасць гэтага месца.

— Сённяшні праект ахоўнай зоны рыхтаваўся на навуковай аснове і з дакладнымі замерамі, — адзначыў начальнік упраўлення. — Думаю, што ўсталяваная ахоўная зона і зона рэгуляванай забудовы ды аховы ландшафту дастатковыя для таго, каб абараніць і захаваць Курапаты ды тыя гістарычныя элементы, якія там былі.

Журналісты запыталіся і пра лёс Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” на 2012-2018 гады. Як падкрэсліў Аляксандр Яцко, названая Дзяржпраграма з’яўляецца прыярытэтнай для нашай краіны. Але, на жаль, сёння існуюць пэўныя пытанні як наконт выканання, так і наконт фінансавання дадзенай праграмы.

— У сувязі з тым, што ў Беларусі плануецца ўвесці ў 2016 годзе некалькі іншыя падыходы да фарміравання дзяржаўных праграм, дык можа быць і так, што дадзеная праграма зведае некаторыя змены, — адзначыў Аляксандр Яцко. — Хаця на дадзеным этапе я гэта не стаў бы адназначна сцвярджаць. Падвядзём вынікі, збяром усе матэрыялы за мінулы перыяд і ў верасні, на калегіі Міністэрства культуры, прымем узгодненае рашэнне па гэтым пытанні”.

Фота radzima.org

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"