Хто па што ў Шчучын едзе?

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Як зрабіць шоу не на пустым месцы для гасцей і мясцовых жыхароў
Ці не кожны раённы цэнтр нашай краіны мае сваю арыгінальную архітэктурную і культуратворчую парадыгму. Шчучын не з’яўляецца выключэннем — невялікі ўтульны горад, куды хочацца прыехаць не толькі, каб пакаштаваць смачнага мясцовага сыру, але і пазнаёміцца з культурным жыццём. На што здольны ў гэтым плане горад мы даведаемся ў поўнай меры ўжо менш чым праз месяц, калі тут адбудзецца Дзень беларускага пісьменства. Пакуль жа гутарым пра дасягненні і клопаты сферы з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандрам АМШЭЕМ.

/i/content/pi/cult/547/11916/6-1.jpg— Шчучын неўзабаве стане сталіцай Дня беларускага пісьменства. Ці варта гасцям чакаць нейкіх арыгінальных хадоў ад арганізатараў, або ўсё пройдзе па ўжо “накатаным” сцэнарыі?

— Каб разважаць пра пэўную традыцыйнасць, трэба параўнаць некалькі аналагічных святаў. Я дагэтуль пабываў толькі на адным свяце беларускага пісьменства — у мінулым годзе ў Заслаўі. Штосьці спадабалася, ну а штосьці не вельмі. А таму заўважаныя недахопы ў арганізацыі папярэдняга свята будзем імкнуцца не паўтараць. У прыватнасці, улічым той момант, што частка гледачоў прыедзе не столькі па літаратурнае слова, колькі па шашлык ды баўленне вольнага часу. Таму размяшчаць сцэнічныя пляцоўкі, дзе выступяць пісьменнікі побач з намётамі аб'ектаў грамадскага харчавання не плануем.

Перакананы, сёлета свята пройдзе на высокім узроўні. Так сцвярждаю, бо ўжо маем сцэнарый. Ён быў распрацаваны з удзелам Нацыянальнага арганізацыйнага камітэту, які ўзначальвае віцэ-прэм’ер Наталля Качанава. Так, галоўная сцэна размесціцца каля РДК, дзе пройдзе афіцыйная частка свята. Не менш цікавымі будуць і дадатковыя пляцоўкі, якія вырашылі зрабіць больш разнастайнымі. Да прыкладу, на цэнтральнай плошчы размесціцца выстаўка сродкаў масавай інфармацыі, маладзёжная пляцоўка з адпаведнай праграмай будзе дзейнічаць каля адрамантаванага кінатэатра. Каля адноўленага намаганнямі рэстаўратараў палаца Друцкіх-Любецкіх перад гасцямі свята разгорнуцца старонкі нашай гісторыі з удзелам рыцарскіх клубаў. На стадыёне зладзім спартыўнае свята з удзелам юных футбалістаў, якія пазмагаюцца ў фінале абласной спартакіяды. У скверы ля плошчы Свабоды будуць размешчаны дзіцячая пляцоўка і горад майстроў, дзе кожны зможа не толькі набыць вырабы рамеснікаў, але і ў час майстар-класаў паспрабаваць уласнымі рукамі зрабіць што-небудзь з гліны, скуры, дрэва ці жалеза. Гасцей свята пазнаёмяць з фестывальнымі праектамі Гродзеншчыны, а таксама з турыстычным патэнцыялам Прынямоння. Наша задача не толькі паказаць адметнасці свайго раёна, але і культурнае багацце вобласці. Дарэчы, на ўездзе ў Шчучын з боку трасы М6 побач з усталяваным на пастаменце самалётам МіГ-25 — сімвалам авіяцыйнай славы горада — мяркуем размясціць вялікі білборд з картай раёна і інфармацыяй пра найбольш цікавыя для наведвання аб'екты. Прызнаюся, не ўсё, што было запланавана першапачаткова, атрымаецца рэалізаваць. З-за пэўных арганізацыйных пытанняў, на жаль, не атрымаецца правесці плэнер скульптараў.

— Склалася традыцыя ў сталіцы Дня беларускага пісьменства адкрываць памятны знак. Чым здзівіць сёлета Шчучын?

— На гэты конт у нас было шмат разваг. Самы вядомы шчучынскі літаратар — Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. А таму на будынку раённай бібліятэкі, які будзе капітальна адрамантаваны і адкрыты пад час святкавання, вырашылі размясціць мемарыяльную шыльду з барэльефам літаратаркі. Яшчэ адзін памятны знак ўсталюем ля Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Сімвалічна, што ў Год моладзі юныя таленты адсвяткуюць наваселле ў сценах колішняга княскага палаца, чые дзверы гасцінна расчыняцца 6 верасня.

— Ці будуць у святкаванні задзейнічаны сілы раёна?

— Сельскія пляцоўкі вырашылі шырока не выкарыстоўваць, бо паўстала пытанне з транспартам. Выводзіць жа мерапрыемствы Дня пісьменства за межы горада бачыцца не зусім апраўданым. У якасці выключэння варта адзначыць традыцыйную экспедыцыю "Дарога да святыняў", якая завітае ў раён 5 верасня. Яе ўдзельнікі, акрамя Шчучына, наведаюць Астрыну (там у мясцовай школе — Музей Алаізы Пашкевіч). З іншага боку, у свяце будуць задзейнічаны ўсе музычныя калектывы, народныя майстры з раёна і часткова з вобласці. Словам, працы хопіць усім, бо фэст прадоўжыцца два дні. Такім чынам, перад намі паўстаў яшчэ адзін клопат — рассяленне гасцей свята. Але ад Шчучына не так далёка Масты, Ваўкавыск, Ліда і Гродна. Спадзяёмся, што на свята ў наш горад збярэцца не менш гасцей, чым летась у Заслаўе.

— І ўсё ж брэндаў, якія варта паказаць гасцям свята, на Шчучыншчыне багата. Варта згадаць хаця б рок-спевака Чэслава Нэмэна…

— Шчыра кажучы, цяжкавата для нас звязаць гэтага выдатнага музыканта з беларускай мовай і пісьменствам. Аднак пастараемся, па меры магчымасці, паказаць усе цікавосткі сферы культуры раёна: будзем прапаноўваць гасцям буклеты з інфармацыяй пра культурныя аб’екты. Думаецца, набярэцца нямала ахвочых выбрацца на пару гадзін у Старыя Васілішкі, Ражанку, Жалудок, Астрыну, Мураванку... Разлічваем, што такой магчымасцю скарыстаюцца нашы госці, якія прыедуць на ўласным аўтатранспарце. Да Дня пісьменства распрацавалі адмысловы турмаршрут.

— Ці зарабляе зараз раён на гісторыка-культурнай спадчыне? Недалёкі Зэльвенскі раён, да прыкладу, зарабляе дзякуючы наяўнасці старажытнай царквы ў Сынкавічах. Побач з ёй пабудавалі сувенірны павільён.

— Гэта магчыма зрабіць і ў нас. Але ж перш чым зарабляць, трэба ўкласці інвестыцыі. Калі казаць пра царкву ў шчучынскай Мураванцы — сувенірныя вырабы нашых майстроў можна купіць у самім храме. Што да разнастайнасці прадукцыі, арыентаванай на турыстаў, то пакуль чымсьці адметным пахваліцца не можам. Каб змяніць сітуацыю, плануем звяртацца да прыватнікаў з іншых раёнаў і браць на рэалізацыю іх прадукцыю. Ды і наш РЦР увесь час пашырае асартымент, вядзе пошук новых відаў сувенірнай прадукцыі.

— Ужо не адзін раён нашай краіны паспяхова выкарыстоўвае магчымасці трансгранічнага супрацоўніцтва. Ці працаваў Шчучын з грантамі Еўрасаюза?

— Маецца станоўчы досвед гарпасёлка Жалудок. Дзякуючы ўдзелу ў праектнай дзейнасці там створаны інфацэнтр па ўстойлівым развіцці, сельскім прадпрымальніцтве і аграэкатурызме, рэалізаваны шэраг цікавых ініцыятыў. Зараз рыхтуем дакументацыю на трансгранічны праект па развіцці музея Чэслава Нэмэна. Актыўна працуем з літоўскімі партнёрамі — нядаўна з выкарыстаннем гранта (а гэта каля 800 тысяч еўра) у райцэнтры падбудаваны сучасны спартыўны комплекс. Зараз ёсць зацікаўленасць у распрацоўцы праектаў у галіне культуры. А неўзабаве наша дэлегацыя плануе наведаць Варэну, каб вызначыцца з кірункам далейшай дзейнасці.

Калі казаць пра іншыя перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва, то зараз рыхтуецца дакументацыя для надання цэрквам у вёсках Мураванка і Сынкавічы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці UNESCO. З гэтай нагоды маецца зацікаўленасць у бургамістра польскага Супрасля, дзе таксама ёсць помнік абарончага хрысціянскага дойлідства, наконт распрацоўкі трансгранічнага маршрута, які звяжа тры праваслаўныя святыні. Пакуль у планах за кошт грантаў распрацаваць і размясціць побач з аб’ектамі інфармацыйныя ўказальнікі і стэнды, а таксама запусціць паўнавартасны сайт.

— Якімі яшчэ клопатамі жыве раён?

— Да нашага жалю, з года ў год назіраецца змяншэнне колькасці моладзі ў раёне. Яскравы прыклад сітуацыі: дыскатэкі ў РДК. Яшчэ з дзясятак гадоў таму кожную суботу быў аншлаг. Апошнім жа часам у горадзе ўвогуле перасталі праводзіцца дыскатэкі. Нічога не дапамагае, нават запрошаныя дзі-джэі з Гродна. Але, калі казаць шчыра, прычына не толькі ў адсутнасці моладзі, але, найперш, у пытанні рэгламенту наведвання дыскатэк моладдзю да 18 гадоў. У выніку сярод насельніцтва расце папулярнасць кавярняў і бараў, якія множацца як грыбы пасля дажджу.

— Як тады бавяць вольны час падлеткі і моладзь?

— Казаць, што маладому пакаленню няма чым заняцца, нельга. У горадзе дзейнічае багата клубных фарміраванняў пры Раённым доме культуры на любы густ. Зараз з’явілася магчымасць стварэння маладзёжнага вакальна-інструментальнага калектыву — дапамог "Шчучынскі масласырзавод", за кошт якога былі набыты неабходныя музычныя інструменты. Дзейнічае цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, база юных тэхнікаў, цэнтр турызму і краязнаўства. Пры жаданні і цікавасці з боку дзяцей магчымасці развіваць свае творчыя здольнасці ў горадзе маюцца. Гэта, можна сказаць, той традыцыйны мінімум.

— А нетрадыцыйны?

— У найбліжэйшых планах — пераабсталяванне кінатэатра пад культурна-забаўляльны цэнтр, арыентаваны на моладзь. Першая чарга будаўнічых работ завершыцца да Дня пісьменства. Пад адным дахам размесцяцца спартыўна-забаўляльная дзіцячая пляцоўка, зала для правядзення інтэлектуальных гульняў, дзіцячае кафэ. Захаваецца і ўласна кіназала, якая апошнім часам рэдка прымала гледачоў. Памеры новай кіназалы зменшацца да 112 месцаў, але затое яна будзе абсталявана сучаснай сістэмай “3-D”. Аднак, нават адкрыццё такога шматпрофільнага комплекса наўрад ці зможа кардынальна змяніць сітуацыю, тым больш што для завяршэння праекта спатрэбяцца значныя фінансы.

— Тады за кошт чаго рэгіянальная культура можа папаўняць свой пазабюджэт?

— Будзем шчырымі — цяжка ўявіць, што ў нейкай краіне свету рэгіянальная культура з’яўляецца самаакупнай, ужо не кажучы пра яе прыбытковасць. Вядома, задача зарабляць ставіцца перад усімі ўстановамі культуры раёна. Але трэба ўлічваць прыбыткі, якія маюць жыхары Шчучыншчыны. Тым не менш, мы не сядзім склаўшы рукі. Яскравы прыклад — вялікая колькасць канцэртаў штогод як у Шчучыне,так і на пляцоўках сельскіх дамоў культуры. Не першы год працягваецца супрацоўніцтва з Гродзенскай абласной філармоніяй. Апроч таго, выканаўцы самастойна дамаўляюцца з нашымі ўстановамі культуры праз сваіх прадзюсараў. Але і тут хапае клопатаў: сёння запоўніць залу РДК вельмі цяжка. А таму радуе, што знайшлося паразуменне з прафсаюзнымі структурамі на прадпрыемствах і арганізацыях, якія дапамагаюць з набыццём білетаў на канцэрты.

— Ізноў пра аптымізацыю. Ці не абдзелена насельніцтва ў вёсках у плане культурных паслуг пасля скарачэння ўстаноў?

— Стараемся, каб жыхары раёна не адчувалі дыскамфорту ад аптымізацыі. Мы ідзём па шляху закрыцця клубных і бібліятэчных устаноў у маланаселеных вёсках з колькасцю насельніцтва менш за 100 чалавек. Утрымліваць там паўнавартасную ўстанову культуры на сённяшні дзень накладна. А таму пераходзім на абслугоўванне бібліобусам, які не радзей чым раз на месяц прыязджае ў вёску. Прынцып яго работы наступны: калі ў населеным пункце ёсць хаця б адзін чалавек, прагны да чытання, то мы абавязаны да яго прыехаць. Акрамя таго летам кожны тыдзень абіраюцца па два населеныя пункты, дзе праводзяцца свята вёскі...

— Але часам даводзіцца чуць папрокі, маўляў, святы вёсак вызначаюцца сваёй аднастайнасцю.

— Пры падрыхтоўцы мерапрыемства мы абапіраемся на гісторыю і традыцыі той вёскі, у якую прыязджаем. У некаторых вёсках яшчэ маюцца свае самабытныя народныя калектывы, выступленні якіх таксама ўключаюцца ў праграму свята, гэтаксама ў межах мерапрыемства мясцовыя майстры робяць паказы сваіх работ. Але пагаджуся, у арганізацыі такіх святаў насамрэч ёсць пэўны шаблон — выступленне мясцовых улад, самадзейных калектываў, віншаванні сяльчан. Рабіць шоу на пустым месцы цяжкавата. А таму вельмі добра, калі да святкавання далучаюцца прыватнікі. Прыгадваецца свята вёскі ў Бярозаўцы. Было цікава, бо да святкавання далучылася аграсядзіба-конны двор.

Яшчэ адзін цікавы прыклад дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва — свята кветак, што традыцыйна штогод праводзіцца ў Жалудку. А зусім нядаўна там прайшоў і міжнародны конкурс-агляд розных парод сабак, які сабраў вельмі шмат аматараў хатніх жывёл. У Старых Васілішках традыцыйным стала правядзення свята музыкі Чэслава Немэна. Раз у два гады Шчучын прымае абласны фестываль эстрадных выканаўцаў і вядучых “І вечная вясна…”. Ёсць задумка арганізаваць фестываль арганнай музыкі ў каталіцкіх храмах раёна, дзе захаваліся арганы. Словам, стараемся зрабіць культурнае жыццё нашага раёна цікавым і разнастайным.

Фота аўтара

(Фотарэпартаж са Шчучына, які рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства, "К" публікавала ў № 29. Можна яго пабачыць і на сайце газеты www.kimpress.by.)

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"