Былое і думы купалаўцаў

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

15 сакавіка Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паказаў гледачам сваю найновую прэм’еру — спектакль “Дзеці Ванюшына” ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева. Спектакль, які, па прызнанні яго пастановачнай групы і па меркаваннях гледачоў, паспрабаваў вярнуцца да традыцый сапраўднага рэалістычнага тэатра.

 /i/content/pi/cult/154/1190/Dzeci.jpg
А на гэтым тыдні кіраўніцтва купалаўцаў наладзіла шырокую прэс-канферэнцыю, на якой агучыла журналістам свае перспектыўныя планы ажно да 2010 года.

Бліжэйшай прэм’ерай стане “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, прымеркаваная да 200-гадовага юбілею пісьменніка. Як зазначыў мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Раеўскі, у Пінігіна ў Купалаўскім ёсць своеасаблівая “манаполія” на гэтага драматурга: “Ідылія”, пастаўленая ім тут у свой час, і сёння не страціла глядацкага інтарэсу да сябе.

А бліжэй да адкрыцця новага тэатральнага сезона гледачам будзе паказаны спектакль самога Валерыя Раеўскага — гістарычны дэтэктыў “Плач Любаславы” па новай п’есе Аляксея Дударава.

Надалей планы купалаўцаў яшчэ больш грандыёзныя. З тэатральнага партфеля мяркуюць з’явіцца на свет “Фауст” Гётэ і “Раскіданае гняздо” Я.Купалы — у рэжысуры Уладзіміра Савіцкага, “Хам” Э.Ажэшка — у рэжысуры Аляксандра Гарцуева, Валерый Раеўскі возьмецца за пастаноўку “На дне” М.Горкага і да 65-годдзя Вялікай Перамогі — біяграфічнай п’есы “Вайна Быкава”, прысвечанай асобе знанага пісьменніка. Дарэчы, імя драматурга тэатр не раскрывае — п’еса бярэ ўдзел у драматургічным конкурсе, абвешчаным Міністэрствам культуры, а таму мусіць пакуль што заставацца “ананімнай”.

Акрамя гэтага, вядуцца перамовы з такімі знанымі расійскімі рэжысёрамі, як Сяргей Жэнавач і Адольф Шапіра, — ім прапанавана паставіць на Купалаўскай сцэне творы расійскага класіка Аляксандра Астроўскага.

Значна актывізуецца Малая сцэна тэатра. Тут прадоўжыцца пастаноўка маладымі рэжысёрамі сваіх дэбютных работ — пераможцаў конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый. Першым перад гледачамі паўстане ўжо сёлета малады дыпломнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Дзмітрый Красоўскі. А Уладзімір Савіцкі распачне тут цыкл паэтычныхпраграм, падчас якіх купалаўскія майстры слова прадставяць гледачам найлепшыя ўзоры айчыннай і сусветнай літаратуры.

Але бадай самым цікавым купалаўскім праектам мае стаць сумесная беларуска-расійская праца над чэхаўскім “Вяселлем”, прэм’ера якога запланавана на канец гэтага года. “Вяселле” стане плёнам работы расійскай пастановачнай групы на чале з маладым рэжысёрам Уладзімірам Панковым і беларускіх акцёраў-купалаўцаў. Ініцыятыва з’яўлення “сумеснага” праекта ўзнікла ў сувязі з падрыхтоўкай да святкаванняў 150-годдзя з дня нараджэння Антона Чэхава, якое будзе адзначацца ў 2010 годзе. Адмыслова да гэтай даты “пад дахам” Міжнароднага тэатральнага чэхаўскага фестывалю быў створаны адпаведны фонд, што, дарэчы, бярэ на сябе фінансаванне пастановачных выдаткаў “Вяселля”, так што беларускі бок будзе “адказны” толькі за сцэнаграфію і касцюмы. Думаецца, што такі падыход да сумеснай работы з запрошанымі рэжысёрамі станецца для беларускага тэатра спробай якасна новых крокаў у гэтым накірунку: раней, калі працу “варагаў” аплачваў сам тэатр, такія рэжысёры адчувалі сябе ў значнай ступені “запрошанымі зоркамі”, асноўная задача якіх — дарыць сваё святло людзям. А той факт, што сур’ёзныя міжнародныя партнёры не баяцца ўкладваць грошы ў беларускі тэатр, сведчыць пра якасна іншы, раўнавартасны ўзровень супрацоўніцтва. Тым больш, што менавіта з гэтым спектаклем купалаўцы плануюць паехаць на Чэхаўскі фестываль у 2010 годзе.


Таццяна КОМАНАВА
На здымку: сцэна са спектакля “Дзеці Ванюшына”.