Іўеўшчына, Мінск, Гродна, Браслаўшчына...

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г


/i/content/pi/cult/546/11897/10-2.jpgІўе — Мінск / Пра будучы Кодэкс

Днямі па ініцыятыве намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Наталлі Кучынскай ў Палаце прадстаўнікоў праведзена інфармацыйная сустрэча для спецыялістаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама і работнікаў Іўеўскай раённай бібліятэкі.

Пачалася сустрэча з інфармацыйнай гадзіны, у якой прынялі ўдзел начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народных промыслаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская, саветнікі-кансультанты аддзела па забеспячэнні дзейнасці Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Павел Бірукоў і Людміла Сарока. Наталля Кучынская, якая наведала наш раён і пасля запрасіла да сябе, распавяла пра работу над падрыхтоўкай праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. У дыялогу аб развіцці бібліятэчнай справы былі акрэслены праблемныя пытанні рэалізацыі заканадаўства ў бібліятэчнай справе, аптымізацыі сеткі ўстаноў, камплектавання фондаў.

Затым госці з Іўеўшчыны наведалі з экскурсіяй авальную залу і Музей гісторыі развіцця беларускага парламентарызму. Прэс-сакратар пазнаёміў прысутных з гісторыяй парламентарызму ў Беларусі. Вялікую цікавасць выклікалі экспанаты, якія прадстаўлены ў музеі. Гэта першыя фатаграфіі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і членаў Савета Рэспублікі Беларусь, розныя атрыбуты (мікрафон, тэлефон, пласцінка з запісам гімна) і інш. Важнае месца ў экспазіцыі займаюць пратакольныя падарункі Прэзідэнту ад дэлегацый з іншых краін.

Работа была працягнута ў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Пасля прагляду фільма пра гісторыю бібліятэкі, была праведзена экскурсія па Музеі гісторыі бібліятэкі. Яе дырэктар Сяргей Квачан прадставіў практычную дзейнасць спецыялістаў па стварэнні электроннага фонду бібліятэкі, па інфармаванні карыстальнікаў і забеспячэнні іх навінкамі спецыяльнай літаратуры. Асаблівую цікавасць выклікала ў гасцей работа аддзела старадрукаваных і рэдкіх кніг. Падводзячы вынікі сустрэчы, Наталля Кучынская падзякавала Іўеўскім спецыялістам за актыўную грамадзянскую і прафесійную пазіцыю, запрасіла да актыўнага абмеркавання нормаў праекта Кодэкса аб культуры.

Эдзіта КАЗАЧЭНКА, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

Гродна / Сябруем з усімі

У 2011 годзе супрацоўнікі аддзелаў абслугоўвання Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага сталі на Гродзеншчыне першапраходцамі ў правядзенні выязных дзён інфармацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях Гродна.

Работнікі гэтых устаноў, аднойчы скарыстаўшыся паслугамі бібліятэкі, ацанілі на практыцы выгаду і аператыўнасць новага сэрвісу. Кіраўнікі прадпрыемстваў таксама з задавальненнем выбіраюць літаратуру, знаёмяцца з навінкамі, прапануюць яе сваім падначаленым.

Як паказаў час, такія мерапрыемствы сталі запатрабаванымі, і 12 буйнейшых прадпрыемстваў горада, сярод якіх — ААТ “Радыёхваля”, ААТ “Малочны свет”, ААТ “Гранітэкс”, ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”, ААТ “БелТАПАЗ”, РУП “Гроднахлебпрам”, СП ТАА “Дынама-Програм” і інш., заключаюць дагаворы на інфармацыйнае абслугоўванне на пастаяннай аснове.

Супрацоўніцтва бібліятэкі з працоўнымі калектывамі цягам апошняга года стала набываць тэматычны характар. Напрыклад, былі арганізаваны выстаўкі — “Мама, мамачка, матуля”, “Да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Гродна ў гады вайны ў фотаздымках 1941-1945 гг.”, “16 ліпеня — Дзень вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і г.д.

Вялікую цікавасць выклікаюць прагляды літаратуры па гісторыі Гродна з паказам відэаролікаў, якія арганізуюцца сумесна з вядомымі гродзенскімі краязнаўцамі і калекцыянерамі В.Саяпіным і 
Я.Парулісам.

Акрамя выязных дзён інфармацыі бібліятэка прымае ўдзел у правядзенні адзіных дзён інфармавання. У прыватнасці, былі арганізаваны прагляды літаратуры на тэмы: “Актуальныя пытанні пенсійнага забеспячэння насельніцтва”; “Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці ў 2014 годзе”; “Саюзная дзяржава: праблемы і перспектывы”; “Пра праблемы насілля ў сям’і” (у рамках Рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля”); “Пра меры папярэджання пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у Гродзенскай вобласці” і іншыя.

Прыемна адзначыць, што работнікі прадпрыемстваў не толькі чакаюць, калі да іх прыедуць нашы супрацоўнікі, але і самі прыходзяць у бібліятэку. І хочацца спадзявацца, што выязныя дні інфармацыі дапамогуць у фарміраванні культуры чытання насельніцтва, а бібліятэка стане ключавой крыніцай атрымання інфармацыі.

Алена ПАТАПАВА, Алена СЕМЯНЮК, бібліятэкары аддзела абанемента Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага

Браслаўшчына / Свята развіваецца

На Браслаўшчыне — 600 населеных пунктаў, сярод іх ёсць і невялічкая маляўнічая вёска Вусце ля вытокаў Друйкі. Тут ужо трэці год запар ладзяцца “Вусцянскія музычныя вечары”. Іх арганізатарамі з’яўляюцца Слабодкаўскі сельскі Савет дэпутатаў і сям’я Жэрко, якія маюць у Вусці дзве аграэкасядзібы — “У Барысавіча” і “Вусце. Лайф”.

Увогуле, з мясцовых жыхароў тут жыве не больш за трыццаць чалавек. Але летам, асабліва ў той дзень, калі ладзіцца свята вёскі, сюды прыязджаюць іх дзеці, унукі, знаёмыя і сябры. Днямі так і было.

Пачалося ўрачыстае мерапрыемства з уручэння каравая і сувеніраў. Старшыня Слабодкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Станіслаў Кяпсня аддзячыў сям’і Жэрко за падтрымку ў навядзенні парадку на зямлі, бо менавіта з іх удзелам добраўпарадкаваны бераг возера Недрава.

Сцэнарый свята вёскі можна падзяліць на некалькі частак. Афіцыйная датычылася 70-годдзя Вялікай Перамогі і вызвалення вёскі Вусце ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое адбылося 13 ліпеня 1944 года. Памяць загінулых вяскоўцаў была ўшанавана хвілінай маўчання… Гаворка ішла і пра тое, што сёлета нашаму райцэнтру споўнілася 950 гадоў. Арганізатары свята прадумалі, як адзначыць і гэтую дату. Прафесійная анімацыйная група “Майстэрні ўражанняў” з Мінска паказала “Легенду пра Браслаў”.

Асобна хочацца сказаць пра шматлікіх гасцей, якія прысутнічалі на “Вусцянскіх музычных вечарах”. Сваімі песнямі радаваў прысутных кампазітар, выканаўца, паэт, музыкант, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, дыпламант Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Аляксей Скрыпнік.

Паэтэса з Мінска Наталля Ганчарова таксама прыехала на свята вёскі са сваімі творчымі падарункамі. Гэта былі яе вершы пра Вялікую Айчынную вайну, новыя лірычныя творы.

Нельга не ўзгадаць і пра вядомую ўсім групу Зюзі Паазерскага. І хоць у нас цяпер лета, Зюзя парадаваў усіх сваімі жартамі, весялосцю і шчырай адкрытасцю душы.

Вясёлы і бадзёры настрой гасцей свята падтрымліваў ансамбль народнай песні Раённага цэнтра культуры “На панадворку”.

На “Вусцянскіх музычных вечарах” працавалі гандлёвыя рады. Тут усіх частавалі духмянай юшкай, працаваў Горад рамеснікаў, дзе можна было наведаць майстар-класы па ганчарстве, ткацтве, рабоце з саломкай, вырабе кветак з паперы, дэкупажы…

Словам, сёлета свята вёскі Вусце набыло больш маштабны характар. І правільна сказаў старшыня Слабодкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Станіслаў Кяпсня, калі людзям падабаюцца такія святы, іх трэба абавязкова ладзіць.

Зіна ПАЛУЛЕХ

Фота аўтара