Цюнінг для “хаткі Напалеона”, або Куды падзеўся эксклюзіўны абаранак?

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Смаргонь
Калі адкрыць Вікіпедыю, дык пра паходжанне назвы горада Смаргонь можна даведацца шмат цікавага. Мне бліжэй версія, згодна з якой у даўніну частка мясцовых жыхароў называлася “смарагоны” (“смургонi”), гэта значыць тыя, што гналі дзёгаць з выкарчаваных пры распрацоўцы участкаў пнёў. Да дзёгцю я стаўлюся з велізарным піетэтам, але большае захапленне выклікаюць абаранкі. З гарбатай я магу іх спажыць да 20 штук за раз — у залежнасці ад памеру. У прынцыпе, на радзіму абаранкаў, якой лічыцца Смаргонь, я і накіраваўся перш за ўсё з-за таго, каб у гэтым сакральным для ўсіх аматараў названага далікатэсу месцы аддаць належнае смакавым якасцям прадукту. Жарт. Галоўная прычына была ў тым, каб уварвацца ў святая святых шэрагу ўстаноў культуры горада разам з вядомым чалавекам, які тут нарадзіўся. Як звычайна, у рамках нашай рубрыкі мы планавалі прайсціся настальгіяй па некалькіх установах, якія наш герой наведваў у сваім дзяцінстве/юнацтве....

/i/content/pi/cult/546/11896/10-1.jpgМузыка — для душы

На жаль, у Смаргоні амаль не засталося ўстаноў культуры, у якія Уладзімір ЦЕРАБУН — скульптар, член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь — хадзіў школьнікам. Дакладней, будынкi нікуды не дзеліся, але профіль устаноў памяняўся (напрыклад, у старым будынку Дома культуры, дзе прайшлі самыя слаўныя школьныя гады Уладзіміра Васільевіча — мастацкая самадзейнасць, танцавальныя вечары, знаёмствы,— знаходзіцца... каталіцкі моладзёжны цэнтр).

Па ўспамінах Церабуна, культурнае жыццё ў Смаргоні ў гады яго маленства біла ключом у асноўным у Доме культуры і Доме піянераў. У пасляваеннага пакалення была пякучая патрэба да самавыяўлення ў самых розных галінах, уключаючы мастацтва. У яго музычнай частцы адным з лідараў для падлеткаў горада стаў у канцы 50-х-пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя Аляксандр Дзяруга (тую яго дзейнасць сёння аднеслі б да культуралогіі; яму — па ініцыятыве Уладзіміра Васільевіча — у 2007-ым у Смаргоні была ўсталявана мемарыяльная дошка), які набраў у ДК таленавітую моладзь з дзвюх школ у танцавальны ансамбль, народны і цымбальны аркестры, іншыя калектывы. Церабун і цяпер любіць нешта зымправізаваць на некаторых музычных інструментах. Вядома, усё гэта на аматарскім узроўні, але для душы. Перавагу аддае гітары, рускаму рамансу, відаць, уплыў узросту. І не без падстаў лічыць сябе канструктарам, хто ў тых жа 60-х ўдасканаліў цымбалы, прыдумаўшы да іх металічныя ножкі, а Барысаўская фабрыка музычных інструментаў узяла навінку да вытворчасці. (Аб існаванні патэнтазнаўства хлапчук у той час не падазраваў.) Але музыку ён разглядаў для сябе як захапленне, а сэрца яго заўсёды належала выяўленчаму мастацтву.

— Я ўжо тады займаўся разьбой па дрэве: адна з работ тых гадоў “Цымбалістка” да гэтага часу, на маю думку, знаходзіцца ў Музеі народнай творчасці ў Гродне, — кажа Церабун. — Вучыўся я гэтаму рамяству самастойна, бо ў Смаргоні адпаведных навучальных устаноў не было. Бацька мой працаваў на лесазаводзе і прывозіў дадому драўляныя абрэзкі. Яны былі такія прыгожыя, роўненькія, гладкія, што самі прасіліся, каб з іх што-небудзь выразаць. Тэмы браў з перакідных календароў, на старонках якіх можна было ўбачыць скульптурныя выявы. Так і ўзнікла ў мяне любоў да гэтага мастацтва. У Доме піянераў быў гурток, дзе займаліся малюнкам па клетачках, але мне гэта было не цікава, а ў школе настаўнік працы даў мне першыя асновы вырабу формаў з гіпсу. Некалькі ўрокаў вырабу каркасаў, лепкі я атрымаў у самадзейнага майстра Аляксандра Жываева.

Вось так, набіраючыся ведаў і набіваючы руку, адслужыўшы ў войску, будучы мэтр айчыннай скульптуры апынуўся ў 1968 годзе ў Мінску і пасля месяца вучобы на падрыхтоўчых курсах паступіў на аддзяленне скульптуры сталічнага Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Скончыўшы яго на год датэрмінова і з адзнакай, ён атабарыўся ў Гродне, а ў 2001-м, будучы ўжо прызнаным майстрам, пераехаў у Мінск.

Калі няма таго ДК, тады пойдзем у музей

— У Смаргоні мая першая персанальная выстаўка адбылася ў год майго 40-годдзя, у 1986-м, у гісторыка-краязнаўчым музеі: тады ён знаходзіўся ў былым касцёле Святога Міхаіла Архангела, — распавядае Уладзімір Васільевіч. — Потым ужо ў новым будынку музея прайшлі яшчэ тры мае выставы (апошняя ў гэтым годзе, сумесная з іншымі скульптарамі рэспублікі).

— Чым цяпер прыцягваеце публіку? — пытаюся я навуковага супрацоўніка ГКМ Вольгу САМАРКIНУ.

— Выстаўкай беларускіх мастакоў “Мелодыi Радзiмы”, а за год у нас праходзіць каля дзясятка зменных выставак. Карыстаюцца попытам камерцыйныя, матылькоў, напрыклад. З адносна апошніх выклікала цікавасць калекцыя прадметаў хатняга інтэр’еру сярэдзіны мінулага стагоддзя. Рэзананс мела экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне. Яна магла б заявіць пра сябе гучней, калі б мы здолелі выкарыстаць пры гэтым сучасныя тэхналогіі ды адпаведнае абсталяванне.

На гэтай тэме мы з Вольгай Іванаўнай спыніліся больш падрабязна, успамінаючы, дзе тэхналогіі сёння ўкараняюцца ў музейнай справе з не абы-якой аддачай...

— Мы ў гэтым плане выглядаем слаба з той прычыны, што з сярэдзіны 2000-х гадоў музей даафармляўся мала, — прызнаецца Вольга. — Ён выглядае як класічная ўстанова ў яе звычайным уяўленні. Толькі пазайздросціць можам, напрыклад, мінскаму музею Янкі Купалы з яго інтэрактывам. Ці ўплывае тое, што мы пакуль не ідзём у нагу з часам, на наведвальнасць? Напэўна, так. На жаль, наша ўстанова не такая папулярная ў мясцовых жыхароў, у моладзі ў першую чаргу. Былыя школьнікі рэдка зазіраюць да нас пасля таго, як іх прыводзілі сюды на экскурсіі настаўнікi. Мы, вядома, рэкламуем свае мерапрыемствы, але, як правіла, поўнымі залы бываюць толькі ў першыя дні новых выставак. Праводзім у тых жа школах выязныя дэманстрацыі нашых фондаў, распрацоўваем лекцыі, у сябе арганізуем музейныя заняткі… Але, зноў жа, як захаваць гэтую цікавасць да сваёй спадчыны ў дарослага насельніцтва?

Я пачынаю ўслых разважаць пра тое, а ці не прыдумала наша грамадства ўсё ўзрастаючую цікавасць да мінулага краіны, да яе гісторыі, мовы, традыцый, этнікі, пра якія паведамляюць СМІ? Ну, калі, дапусцім, немалая частка музеяў пустуе? Падрыхтаваўся атрымаць адпор, але дзіўлюся, што і спадарыня Самаркiна часам задае сабе тое ж пытанне. Вольга Іванаўна наракае на тое, што пра такія нацыяўтваральныя рэчы людзі з-за занятасці уласным побытам успамінаюць нячаста. А Уладзімір Васільевіч перакананы, што вінаваты ў тым ўплыў (хай і апасродкаваны) тых, хто, жывучы на гэтай зямлі, на генным, каранёвым, духоўным узроўні не мае з ёй сувязі. Што адукацыя не з’яўляецца духоўным апірышчам для маладога чалавека і яшчэ вельмі вялікі ўплыў (розны) на чалавека аказаў Інтэрнэт. “Што тычыцца беларускай мовы, — кажа ён, — дык у школе ёй таксама мала ўвагі надаецца, а пачынаць трэба з дзіцячага саду. Англійская — неабходнасць. З беларускай мовай будзе тое ж самае, але трэба час. І тады гэта будзе брэнд нацыі”.

— Унутранаму памяшканню музея, асобным яго кампанентам патрабуецца пераробка, хоць бы частковая, — працягвае дзяліцца надзённым Самаркiна. — Значыць, патрэбен праект, праекціроўшчык, такім чынам — грошы. Або возьмем іншы аспект. У горадзе ёсць калекцыянеры, якія гатовы падзяліцца нейкім антыкварыятам, звязаным, скажам, з той жа Першай сусветнай (насамрэч у нас не так шмат артэфактаў, якія маюць да яе дачыненне). Вядома, зноў патрэбны грошы. Дзяржава, як можа, выконвае свае фінансавыя абавязацельствы перад намі, але на ўсё не хапае. Таму шукаем спонсараў.

Мара вялікая і малая

Школьнікам Уладзімір Васільевіч таксама займаўся пошукамі, наведваючы Смаргонскую раённую бібліятэку ў надзеі знайсці ў ёй кнігі, якiя яго цiкавiлi, — канкрэтна па выяўленчым мастацтве і культуры:

— А Жуль Верн мяне не прыцягваў, гэта ўжо гадоў 20 таму я прыйшоў да літаратуры наогул — да энцыклапедычнай, мастацкай. Ды і тыя сябры мае асабліва не чыталі, бацькі — людзі, што называецца, ад зямлі. Мама ў апошнія гады чытала Біблію, Евангелле. Магчыма, што савецкі народ сапраўды быў самым чытаючым у свеце, але чым больш ён аддаляўся ад інтэлігенцыі, ад вялікіх гарадоў, тым меншай станавілася цяга да чытання, трэба было ад відна да відна працаваць у полі.

І сёння ў “раёнку” Церабун заходзіць. Ёсць падстава. Нядаўна ён выдаў свой альбом “На хвалях часу”. Штосьці падорана, штосьці набыла бібліятэчная сістэма. Бібліятэк на Смаргоншчыне 20, і яны налічваюць каля 30 тысяч карыстальнікаў. 4000 — у СРБ, сярэдняе штодзённае наведванне яе дасягае 150 чалавек, большая іх частка — людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Зразумела, што найбольшым попытам карыстаецца топавае чытво. (У бібліятэцы існуе такая платная паслуга, калі, карыстаючыся так званым камерцыйным фондам, усё суперпапулярнае можна прачытаць, апярэдзіўшы ўсіх. Дарэчы, іншыя пазабюджэтныя даходы тут фармуюцца за кошт сродкаў, атрыманых за выкарыстанне ксеракса, камп’ютара, магчымасць узяць на дом перыёдыку, ды іншых).

Сучасная беларуская літаратура (і на беларускай мове, само сабой) таксама не адстае ад “палп фікшн”, сцвярджае дырэктар установы Святлана АФАНАСЬЕВА. Напрыклад, такіх аўтараў, як Валянціна Паліканіна, Міхаіл Пазнякоў, Уладзімір Ягоўдзік, Валерый Квілорыя. Праўда, не любы наш пісьменнік, якім сябе хтосьці лічыць, можа быць закуплены “публiчкамi”. У прыярытэце тое, што выпускаецца дзяржаўнымі выдавецтвамі, творы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У СРБ, між іншым, рэгулярна праходзяць сустрэчы чытачоў з айчыннымі празаікамі і паэтамі.

— Ладзім і выезды бібліятэкі, — распавядае Святлана Мікалаеўна. — Адзін з апошніх быў 3 ліпеня, калі ўпершыню на адкрытай пляцоўцы размясцілася наша чытальная зала. Людзі чыталі кнігі на свежым паветры, маглі запісацца ў бібліятэку (у выніку такіх аказалася 40 чалавек). А яшчэ мы наладзілі нешта накшталт буккросінгу.

Нібы пачуўшы слова “буккросінг”, нечакана ў нашу гутарку ўмешваецца наведвальнік: жанчына прапануе кнігі (бясплатна) са сваёй сямейнай бібліятэкі, якія ні ёй, ні яе хатнім ўжо не патрэбныя. “Прыносьце”, — адказвае дырэктар.

— І шмат аналагічных прапаноў вам паступае? — цікаўлюся я.

— Раз у тыдзень дык дакладна, — ківае Святлана Афанасьева. — Але адбіраем не ўсё. Здараецца, прыносяць кнігі, якія толькі што былі папулярныя і якія па-ранейшаму запатрабаваныя. Бярэм нешта вядомае: з таго, што на стагоддзі. Кнігі па школьнай праграме — яны ў нас пастаянна на руках, таму “лішнія” не перашкодзяць. Трапляюцца рэдкія асобнікі, як гэты…

Спадарыня Афанасьева дастае з паліцы мініяцюрную кніжыцу з вершамі Гумілёва.

Да праблем у сваёй працы дырэктар адносіць тое, што з-за абмежаванасці ў сродках зараз бібліятэкі раёна могуць дазволіць сабе набыць акрамя абавязковай толькі самую запатрабаваную ў публікі літаратуру (“Кшталту Данцовай?” — “Не, апошнія яе кнігі не можам: яны і ў кнігарнях дэфіцытныя”). Ёсць у кіраўніка гэтай установы культуры і дзве мары. Першая. У бібліятэцы няма... “санітарнага пакоя” (так карэктна Святлана Мікалаеўна пайменавала памяшканне, у якім, у прыватнасці, мыюць рукі). Другая: патрэбны новы будынак — вялікi, камфортны. І з наваротамі. Грошай пакуль няма ні на мінімум, ні на максімум.

Не ўсё вельмі проста

Знаходзячыся ў Смаргоні, мы не маглі не наведаць Мемарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяння ў Першай сусветнай вайне, у з’яўленні якога герой гэтага матэрыялу прымаў самы непасрэдны ўдзел і лічыць адным з галоўных творчых праектаў у сваім жыцці. Менавіта на месцы парку Перамогі з верасня 1915-га па люты 1918 года праходзіла мяжа руска-германскага фронту. Страшэнныя баі забралі каля 70 тысяч жыццяў. У гонар герояў ды ахвяр той вайны і быў узведзены мемарыял. Уладзімір Церабун распавёў, што ідэолагам яго з’яўляецца даследчык Уладзімір Лiгута, якi аднойчы прапанаваў такім чынам увекавечыць памяць загінулых. У 2006 годзе Смаргонскі райвыканкам абвясціў конкурс праектаў, перамог у якім аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам скульптара, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Анатоля Арцімовіча. Ён і запрасіў Церабуна увайсці ў сваю творчую групу, на што апошні пагадзіўся і стаў актыўным будаўніком і скульптарам ў адной асобе.

Меркавалася, што ў праект ўвойдуць яшчэ два яго складнікі. На тэрыторыі горада павінны былі з’явіцца 9 знакаў: камяні з памятнымі тэкстамі. А каля вёскі Ходакi, блізу трасы Мінск — Вільнюс, — скульптурная кампазіцыя “Праклён вайне”. Пляцоўку ў парку Перамогі будаўнікі пачалі расчышчаць ў 2012 годзе. У 2014-м частка мемарыяла была гатова і ўрачыста прэзентавана, аднак з канца жніўня таго ж года працы прыпыніліся: патрабавалася іх дафінансаванне. Але як ужо паабяцаў Сяргей Нарышкін — старшыня Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, старшыня Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы, — у 2016-м пытанне аб неабходных сродках будзе вырашацца, каб завяршыць будаўніцтва комплексу да канца 2018 года — да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.

15 верасня гэтага года ў Смаргоні пройдзе мітынг-рэквіем, прысвечаны пачатку абароны горада ў Першую сусветную. У ім возьме ўдзел і расійская дэлегацыя. “Наша задача яшчэ раз сказаць пра тую вялікую трагедыю, якая абрынулася на беларускую зямлю 100 гадоў таму, і наш святы абавязак — памятаць пра гэта”, — кажа Церабун.

І пра Напалеона таксама

Падарожнічаючы па Смаргоні, мы абмяняліся з Уладзімірам Васільевічам парай ідэй, якія, як нам здалося, маглі б зрабіць горад яшчэ больш прывабным для турыстаў. Я абмежаваўся той, якая ляжыць на паверхні: правядзенне штогадовага міжнароднага фестывалю абаранкаў. А для пачатку можна было б адкрыць у Смаргоні фірменную краму, якая гандлявала б гэтым ласункам. Церабун жа хоча схіліць горад да містыфікацыі сапраўды сусветнага ўзроўню. Як вядома з гісторыі, 5 снежня 1812 года менавіта з гэтага горада збег у Парыж Напалеон, кінуўшы на волю лёсу рэшткі ўласнага войска і прыгаворваючы: “Ад вялікага да смешнага — толькі адзін крок...” Скульптар прапануе адшукаць дзе-небудзь на ўскраіне старажытную хатку, “адцюнiнгаваць” яе ў духу сялянскіх халуп XIX стагоддзя, напоўніць прыдатным начыннем (як варыянт — муляжамі) і... І выдаваць хату за апошнюю мясціну знаходжання Банапарта на беларускай зямлі (гістарычныя ж байкі абвяшчаюць, што імператар у мітусні пакінуў у мясцовай карчме сваю славутую трохвуголку, дык няхай “мемарыяльнай” будзе не карчма, а хацінка)! Увогуле, гораду думаць і вырашаць, ці годныя нашы думкі для рэалізацыі на справе, бо выдаткі невялікія (?), а рэха — ого-го якое!

У наступным годзе Уладзіміру Васільевічу споўніцца 70. “Ніякіх выставак больш не будзе, — сказаў скульптар, — іх ужо прайшло 17, дастаткова, а вось запрасіць сяброў на вечар раманса — на такі нечаканы і прыемны — можна”. А бліжэйшай важнай падзеяй у асабістым жыцці Церабуна стане яго пераезд... у Смаргонь — на пастаяннае месца жыхарства:

— У такога рашэння некалькі прычын. Ужо не надта шмат здароўя ў мяне, каб матляцца туды-сюды. Другая: займацца манументальным мастацтвам сёння — справа цяжкая і вельмі адказная. Трэцяя звязаная з эканомікай — мала заказаў у нашай прафесіі. А тыя, што здараюцца, трапляюць пераважна да “сваіх”. Жывучы ў сталіцы, я наўрад ці атрымаю нейкую прапанову, а трэба плаціць за майстэрню, інтэрнат. А вось давесці мемарыял да канца — гэта мой абавязак, я ж стаяў ля яго вытокаў, а кожную пачатую справу трэба даводзіць да канца.

...Эксклюзіўных абаранкаў я так і не купіў. Вядома, у горадзе яны ёсць, і, калі б у мяне было больш часу, абавязкова б іх знайшоў і ацаніў па вартасці, а купляць немясцовай вытворчасці не стаў, але Уладзімір Васільевіч паабяцаў мне прывезці “родныя”...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"