Маларытчына, Ашмяншчына, Талачыншчына

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

На людным месцы: аглядавая пляцоўка

/i/content/pi/cult/545/11883/10-1.jpgМаларытчына / Электронны летапіс

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу (загадчыца Галіна Кучына) Маларыцкай ЦБС завяршыў работу над стварэннем электроннай краязнаўчай поўнатэкставай базы дадзеных па тэме “Вялікая Айчынная вайна ў Маларыцкім раёне”.

Гэта не першая напрацоўка па ўвекавечванні тых, хто цаной уласнага жыцця набліжаў Перамогу. Не так даўно быў створаны “Звод помнікаў і воінскіх пахаванняў” Маларыччыны. З ім цяпер можна пазнаёціцца на сайце ЦБС.

База дадзеных “Вялікая Айчынная вайна ў Маларыцкім раёне” з’яўляецца самай аб’ёмнай з тых, што існуюць у фондах Маларыцкай ЦБС. Яна складаецца з 12 электронных крыніц, большасць з якіх можна лічыць самастойнымі базамі дадзеных. Па словах Галіны Кучынай, ужо алічбавана 100 артыкулаў перыёдыкі, раздзелаў кніг, гісторыка-дакументальнай хронікі, мемуараў, успамінаў… У базе дадзеных ёсць раздзелы “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны”,” Акупацыйны рэжым на тэрыторыі краю”, “Народная барацьба на акупаванай тэрыторыі”, “Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў”, “Вызваленне Маларытчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “Маларытчына няскораная”, “Ураджэнцы краю на франтах Вялікай Айчыннай”, “Ветэраны Вялікай Айчыннай”, “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны на Маларытчыне”, “Каб памяць жыла. Вайна ў сэрцах нашчадкаў: Брадзяцін, Дарапеевічы, Замшаны, Лукава, Мельнікі, Олтуш, Арэхава, Радзеж”, “Вайна ў фотаздымках”.

Работа над папаўненнем электроннай краязнаўчай базы дадзеных “Вялікая Айчынная вайна ў Маларыцкім раёне” не спыняецца. Яна пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі.

Мікалай НАВУМЧЫК


Ашмяншчына / Нататкі з адной паездкі

Як выдатна, што ў кожнага з нас ёсць магчымасць наведаць бібліятэку, але як быць, калі ў тваім населеным пункце яе няма? У Ашмянскай раённай бібліятэцы мне падказалі, што чытачы з аддаленых вёсак абслугоўваюцца пазастацыянарна: па раёне курсіруюць не толькі аўтакрамы, але і бібліятэка на колах.

Ура! Пашанцавала: мяне ўзялі на бібліятэчны маршрут. Усяго іх трынаццаць. Бібліятэкар Галіна Аніхоўская старанна падрыхтавалася да ад’езду. Яна і на маршруце пастаянна глядзіць нейкія запісы, перыядычна з кімсьці стэлефаноўваецца.

Мяне ж цікавіць думка: а ці чакаюць кнігу так далёка? Мы праехалі амаль 30 кіламетраў, праз 4 кіламетры — мяжа з Літвой… Бібліятэкар пазірае на гадзіннік. Па дарозе мы павінны наведаць два хутары. Трэба заўважыць, што Ашмянскаму раёну ўласціва хутарская сістэма. Сам раён невялікі, а ўключае аж 336 населеных пунктаў.

Нарэшце мы дабраліся да вёскі Анжадава. Яшчэ здалёк я заўважыла, што пад дрэвам на лавачцы, ажыўлена размахваючы рукамі, нешта абмяркоўваюць мясцовыя жыхары. Насуперак маім чаканням гэта не толькі бабулі і дзядулі, але і больш маладзейшыя людзі. Усіх налічыла 14 чалавек, сярод іх — 5 дзетак. Не паспела Галіна Францаўна выйсці з аўтобуса, як яе абступілі вяскоўцы, закідалі пытаннямі, ці прывезла яна ім заказанае...

Праз нейкі час усе жадаючыя атрымалі чаканае. Бібліятэкар, згодна -асабістых запісаў, раздала заказы, сярод якіх былі ксеракопіі дакументаў і артыкулаў, зрабіла сабе пазнакі па просьбах для чарговага прыезду. Стэлефанаваўшыся з раённай бібліятэкай, удакладніла, ці ёсць у фондзе бібліятэкі кнігі па рамонце печаў. Кнігу знайшлі і наступны раз яна яе абавязкова прывязе. Адной кабеце патлумачыла, як працуе раённы цэнтр сацыяльнай абароны.

Усе засталіся задаволеныя, але ад’язджаць бібліобус чамусьці не спяшаўся. Бібліятэкар дастала свае папкі, падборку кніжак і завяла размову пра тое, як правільна пераносіць спякоту ў сталым узросце, дзецям нагадала аб правілах паводзін на вадзе, а яшчэ яна распавяла, якія жудасныя бедствы церпяць людзі ад лясных пажараў. Гутарка суправаджалася праглядам літаратуры. Ніхто з тых, хто прыйшоў да бібліятэкі на колах, не застаўся абыякавым. Чытачы актыўна ўключаліся ў дыскусію, прыводзячы прыклады з асабістага жыцця. А яшчэ з вуснаў бібліятэкара прагучалі бібліятэчныя навіны. Вяскоўцы даведаліся, што на другім канцы Ашмяскага раёна ёсць помнік прыроды “Нявесцін камень”, і што раённая бібліятэка рэалізуе краязнаўчы праект з аднайменнай назвай. Бібліятэкар нагадала, што краіна рыхтуецца да выбараў Прэзідэнта РБ і абавязак кожнага — прыняць у іх удзел. Яшчэ яна прапанавала вяскоўцам, калі ёсць магчымасць, звяртацца за інфармацыяй да сайта раённай бібліятэкі, дзе ёсць выхад і на сайт райвыканкама… Мы збіраемся ў дарогу.

Бібліятэкар зноў дастала свае запісы. Аказваецца, праца бібліобуса ў гэтай вёсцы не скончана. І бібліятэка адправілася да чытачоў, якія не змаглі прыйсці самастойна. У кожным доме нас чакалі.

Набліжаўся вечар. Па дарозе я ў думках ўяўляла, што напішу пра сваю незвычайную паездку, аб сустрэчы з людзьмі, з якімі, каб не бібліобус, я ніколі не сустрэлася б. Я зразумела, што бібліятэкар — гэта своеасаблівы псіхолаг, асабліва для адзінокіх пенсіянераў. І пра жыццё-быццё спытае, і здароўем пацікавіцца, і добрае слова скажа, якое так важна пачуць у іх шаноўным узросце. Да кожнага чытача яна знаходзіць індывідуальны падыход: трэба прачытаць услых — пачытае, а яшчэ дасць канкрэтныя адказы на ўсе запыты. Значыць патрэбныя такія бібліятэкары для нестацыянарнага абслугоўвання. А праца гэтая не такая ўжо і простая. І людзі ёсць складаныя, і ўмовы надвор’я розныя, дый дарога цяжкая, асабліва зімой. Але, калі ў дваццаць першым стагоддзі — стагоддзі ўсеагульнай камп’ютарызацыі, і чытаюць кнігу, і чакаюць бібліятэку, значыць бібліятэцы на колах быць!

Вікторыя МІНГІНОВІЧ, студэнтка кафедры журналістыкі ГРДУ імя Янкі Купалы

 

Талачыншчына / Пошук працягваецца

“Аглядавая пляцоўка” газеты “Культура” распавядае сваім чытачам аб праектах і мерапрыемствах, якія рэалізуюць бібліятэкі краіны ў гонар святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Да гэтай тэмы далучыліся і мы, бібліятэкары Талачынскай ЦБС.

Яшчэ ў пачатку бягучага года ў бібліятэках раёна была аб’яўлена акцыя-пошук “70-годдзю Вялікай Перамогі — 70 франтавых лёсаў”. Праз сайт ЦБС і мясцовай газеты бібліятэкары звярнуліся да жыхароў раёна з просьбай прыняць удзел у акцыі. Яна аб’яднала людзей розных пакаленняў, прафесій. Гэта ветэраны вайны, дзеці, ўнукі і праўнукі франтавікоў, педагогі і школьнікі, краязнаўцы і журналісты… У выніку былі сабраны ўнікальныя ўспаміны, ваенныя фотаздымкі, франтавыя пісьмы.

Звесткі аб франтавіках-земляках (па кожнаму імені) абавязкова звяраліся і пацвярджаліся архіўнымі сведкамі праз інтэрнэт-рэсурсы.

Набытыя матэрыялы былі скапіяваны і аздоблены ў выглядзе імправізаванай франтавой пошты, альбо салдацкіх трохкутнікаў. Кожны ліст — бясцэнная рэліквія, за кожным з іх — людскія лёсы.

Аб чым жа распавядаюць салдацкія трохкутнікі?

Напрыклад, кранае сваёй непасрэднасцю ліст зусім юнага байца Леаніда Зянькевіча. Колькі такіх хлапчукоў, якім толькі споўнілася 18 год, уліліся ў рады Чырвонай Арміі і апынуліся ў самай гушчы франтавых падзей.

Пералічваюцца прозвішчы землякоў, якіх Леанід сустрэў на фронце. У адным з баёў Леанід Зянькевіч загінуў. Быў пахаваны ў вёсцы Стальмахі Літоўскай ССР. Адтуль прах нашага зямляка з Азерцаў быў перанесены ў горад Алітус. На мемарыяльнай пліце значыцца: шараговы Зянькевіч Л.П. 

“…З сілкаваннем добра. Прашу аднаго — пра мяне не турбуйцеся. Пісаць больш няма чаго”. Гэта першы і апошні ліст Леаніда з фронту. Разам з бібліятэкарам з аграгарадка “Азерцы” пошук звестак пра Леаніда Зянькевіча правяла жыхарка нашага горада Ганна Маісееўна 
Зянькевіч…

Пошукава-даследніцкую дзейнасць бібліятэкі раёна працягваюць таксама ў рамках абласной экспедыцыі па ўшанаванні памяці загінулых. Удакладняюцца дадзеныя, выключаецца дубляванне прозвішчаў па розных крыніцах, усталёўваецца сапраўднае месца пахавання.

Пошукам звестак пра землякоў, якія вызвалялі Прыбалтыку і краіны Заходняй Еўропы ад фашызму, займаліся супрацоўнікі бібліятэк аграгарадкоў “Абольцы”, “Высокі Гарадзец”, “Друцк”, “Заднева” і іншых філіялаў. Супрацоўнікі Коханаўскай местачковай бібліятэкі падалі ў скарбонку акцыі звесткі аб пяцярых жанчын-франтавіках, выхадцах з нашага краю.

Ад Анатоля Шнейдэра, вядомага краязнаўцы, аўтара некалькіх кніг пра Талачыншчыну, мы даведаліся пра шасцярых нашых землякоў, удзельнікаў гістарычнага парада Перамогі, які адбыўся 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве. Пошук працягваецца.

Ірына ТРУХАНЁНАК, бібліёграф Талачынскай ЦБС