Кніжнае лета

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Лета для бібліятэкі — заўсёды доўгачаканае свята. Гэта час збіраць "кніжны букет", гэта і пачатак традыцыйных летніх чытанняў, якія штогод ладзяцца ў бібліятэцы № 6 Кастрычніцкага мікрараёна горада Светлагорска.

Звычайна яны пачынаюцца з адкрыцця летняй чытальнай залы на пляцоўцы каля будынку філіяла. Больш за 50 школьнікаў удзельнічалі ў адкрыцці летняй чытальнай залы “Чытай-дворык”. На працягу гадзіны дзеці змагаліся ў розных конкурсах (“Загадкавы”, “На ўвагу”, “Выпраў памылку”), бралі ўдзел у пазнавальных гульнях (“Рэха”, “Гэта — усе мае сябры”), адказвалі на пытанні віктарыны “Перавёртышы”. А яшчэ — абыгралі казку “Рэпка”, пазнаёміліся з новымі кнігамі на кніжнай выстаўцы “Канікулы з любімай кнігай” і з дапамогай падручных сродкаў бесперашкодна “перабраліся” праз “топкае балота” і знайшлі сімвалічны ключ ад летняй чытальнай залы.

На працягу трох месяцаў чытальная зала пад адкрытым небам, якая ўжо стала адметнай асаблівасцю летняй пары, дапамагае наведвальнікам далучыцца да чытання на свежым паветры. Праграмы летніх чытанняў — досыць насычаныя ды цікавыя — разлічаны перш за ўсё на дашкольнікаў і навучэнцаў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. “Летні” бібліятэкар заўсёды гатовы адказаць на шматлікія пытанні дзятвы, параіць кнігу, зацікавіць ёю.

Бібліятэка арганізавала цыкл мерапрыемстваў “Нас усіх аб'ядноўвае кніга”, у які ўвайшлі экалагічныя ўрокі “У зялёным царстве — у зялёным валадарстве”, “Пярнатыя суседзі” (“Птушка 2015 года”), пазнавальная гадзіна “Ёсць у нас краіна “МЯЎ”, гадзіна чытацкага густу “Літаратурнае лета — 2015”, кніжныя агледзіны “Дзядзя Сцёпа — Міхалкоў”, падарожжа па кніжнай прасторы “Нет границ и нет преград для дружбы книжек и ребят”, конкурс малюнкаў на асфальце “Сем колераў дзяцінства”. Весела, узрушана і нефармальна прайшлі літаратурная вандроўка па нечытаным старонкам “Мы чытаем кнігі разам”, сустрэчы з кніжнымі сябрамі “Запрашаем вас чытать, фантазіраваць, гуляць”, пазнавальна-гульнёвая праграма “Дзіцячым смехам хлыне лета”, кніжная дэгустацыя ”Кошык літаратурных прысмакаў” і іншыя мерапрыемствы.

З ахвотай чытачы ўдзельнічаюць у літаратурных падарожжах, экалагічных вандроўках, прэзентацыях новых кніжных выставак, кніжных пяціхвілінках, рэкламных гадзінах, "кніжным асарці", якія дапаўняюцца шматлікімі гульнёвымі праграмамі. А галоўнае — можна правесці вольны час на свежым паветры ў кампаніі з цікавай кнігай і пазнавальнай перыёдыкай. Да паслуг чытачоў — буккросінг, які заснаваны на прынцыпе: “Прачытаў — перадай іншаму”. А самыя актыўныя чытачы ў межах праекта “Бібліятэкі і школы: партнёры ў галіне адукацыі” атрымалі клубныя чытацкія карты і сталі ўдзельнікамі Летняга клуба чытання, які працуе ва ўсіх бібліятэках РЦБС. Удзельнікі клуба, што прачыталі на працягу лета найбольшую колькасць праграмнай літаратуры, атрымаюць сертыфікат, які дае права на атрыманне лепшай адзнакі па рускай і беларускай літаратуры, а таксама чытанню, і на ўдзел у кніжнай вечарыне “Кніга, чытанне і добры настрой”.

Не засталіся ўбаку і выхаванцы дашкольных устаноў. У межах Летніх чытанняў і рэалізацыі бібліятэчнага займальнага турыстычнага праекта “Тэрыторыя непасед” прадоўжана работа праекта “Літаратурная пясочніца”, які стартаваў у 2014 годзе. Удзел у праекце прымаюць усе дзіцячыя садкі Кастрычніцкага мікрараёна. Супрацоўнікі бібліятэкі на гульнёвых пляцоўках садкоў арганізавалі чытальныя залы пад адкрытым небам, у якіх праводзяцца гучныя чытанні казак, гульнёвыя праграмы “А ў нас у двары…”. Імкнучыся з маленства далучыць дзіця да бібліятэк, установа адкрыла ў дзіцячым садку № 7 пункт выдачы кніг, якія скарыстоўваюцца выхавацелямі для гучных чытанняў і кніжных святаў.

Летнія канікулы ў дзіцячай бібліятэцы № 6 горада Светлагорска абяцаюць быць цікавымі, займальнымі і дадуць старт новым ведам і адкрыццям, расхінуць дзверы ў цікавы свет самых лепшых кніг і літаратурных герояў.

Вольга КЛІМЯНОК, арганізатар Летніх чытанняў