Школа інфармацыйнасці

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Сучасны бібліятэкар — гэта перш за ўсё інфармацыйны спецыяліст, які валодае сучаснай тэхнікай. Таму з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню бібліятэкараў раёна 24 чэрвеня 2015 года на базе Іўеўскай раённай бібліятэкі прайшла школа прафесійнага майстэрства “Новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў бібліятэчнай дзейнасці”.

Са з’яўленнем новых тэхналогій само паняцце чытання кардынальна мяняецца і ўключае не толькі чытанне кніг, але і працу з шырокім колам інфармацыйных крыніц, у тым ліку электронных. Але вельмі важна не супрацьпастаўляць, а спалучаць кніжную культуру і магчымасці электроннай. Такія паняцці як “Інтэрнэт”, “web-сайт”, “e-mail”, “лакальная сетка” — проста чарговы інструмент, які дапамагае вырашыць праблему папулярызацыі чытання новымі і сучаснымі метадамі.

Прымяненне новых інфармацыйных тэхналогій у бібліятэках цяпер як ніколі актуальна, паколькі час патрабуе аператыўнага атрымання патрэбнай інфармацыі. Мерапрыемствы, якія праходзяць у бібліятэцы, па максімуму павінны выкарыстоўваць увесь арсенал інфармацыйных і тэхнічных навінак. Літаратурна-музычныя і творчыя вечары, медыя-лекцыі, прэзентацыі кніг суправаджаюцца мультымедыйным паказам, відэапраглядам, электроннай дэманстрацыяй фрагментаў кніг, ілюстрацый.

У рабоце іўеўскай школы прынялі ўдзел спецыялісты Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага: загадчык аддзела аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў Данута Міхальчык, загадчык аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы Людміла Здрадоўская, загадчык аддзела арганізацыі адзінага фонду Таццяна Кумпель.

Падчас работы былі разгледжаны пытанні: “Інфармацыйныя тэхналогіі ў арганізацыі работы бібліятэк”, “Новыя бібліятэчныя інфармацыйныя сістэмы: ад праграмна-тэхнічнага забеспячэння — да практычных навыкаў працы”, “Электронны каталог як крыніца інфармацыйнага пошуку”, “Бібліятэчны фонд сёння: папяровыя і электронныя носьбіты інфармацыі”.

Найбольш важным для бібліятэк цяпер з’яўляецца іх паскораная камп’ютарызацыя, перавод інфармацыйных рэсурсаў з папяровых носьбітаў у электронную форму, доступ да любых электронных рэсурсаў, развіццё сістэмы абмену інфармацыяй з дапамогай Інтэрнэту. Шмат што ў бібліятэчнай інфарматызацыі ўжо зроблена, перш за ўсё ў аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў і аперацый, звязаных з фарміраваннем і каталагізацыяй фондаў, а таксама навуковым і метадычным забеспячэннем гэтых работ.

Школа вучобы дала магчымасць паказаць бібліятэкарам, якія працуюць у сельскай мясцовасці, што дзякуючы ўкараненню АБІС і наяўнасці доступу да інфармацыйнай сеткі любая бібліятэка можа стаць віртуальнай. Гэта значыць, яна зможа не толькі даць інфармацыю аб дакументах, але і тэксты саміх дакументаў у машыначытальным выглядзе. Віртуальныя бібліятэкі, аб’ядноўваючыся ў адзіную глабальную структуру — электронную бібліятэку, будуць забяспечваць інтэрактыўны доступ любому спажыўцу да інфармацыйнага рэсурсу ў любой форме і ў любым месцы. Для гэтага патрэбны новыя і сучасныя формы работы. А новыя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць знайсці новыя падыходы да праблемы павышэння цікавасці і любові да чытання.

Майстар-клас “Ад мультымедыйнай прэзентацыі — да буктрэйлера” паказала Янушэўская, бібліятэкар юнацкага філіяла Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі. Стварэнне буктрэйлераў асабліва зацікавіла работнікаў бібліятэк. Буктрэйлер — гэта ролік-мініяцюра, цізер, які ўключае ў сябе самыя яркія і вядомыя моманты кнігі. Мэтай такіх ролікаў з’яўляецца прыцягненне ўвагі да кніг пры дапамозе візуальных сродкаў. Большасць буктрэйлераў знаходзіцца на папулярных відэахостынгах, што спрыяе іх актыўнаму распаўсюджванню ў Інтэрнэце. Правядзенне школы з’яўляецца важным момантам для павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства бібліятэкараў як вырашальнага фактару паляпшэння бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва і ўмацавання прэстыжу бібліятэкі як інфармацыйнага, адукацыйнага і культурнага цэнтра.

Ірына НЕХВЯДОВІЧ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Іўеўскай раённай бібліятэкі