“Крыніца…” — у падарунак

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Яўген Бусел — чалавек не толькі таленавіты, але і надзвычай мужнага лёсу. У Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава адбылася чарговая экспазіцыя яго твораў.

/i/content/pi/cult/545/11870/9-1.jpgЯшчэ ў пасляваенным дзяцінстве Яўген хацеў дастаць з-пад нямецкай гранаты нейкія паперкі, каб на іх штосьці намаляваць, як грымнуў выбух… Хлопчык застаўся без абедзвюх рук. Толькі, мабыць, ён ведае, чаго каштавала яму вернасць свайму таленту. Былі ў яго жыцці і Рэчыцкі дзіцячы дом, і вучоба ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце, і шматгадовая праца ў часопісе “Вожык”, дзякуючы якой мастак мае тры кніжкі карыкатур (яны, дарэчы, вымагаюць асобнай удзячнай размовы). Больш за 30 гадоў свайго творчага жыцця Яўген Сямёнавіч аддаў “Вожыку”. Стаў членам Беларускага саюза мастакоў, заслужаным дзеячам культуры, удзельнічаў у многіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках…

Назва новай экспазіцыі — “Лепшая вадзіца — з роднай крыніцы”. Гэтая назва не выпадковая, бо Яўген Бусел — мастак, які малюе і прымаўкі. А намаляваць прымаўку — амаль тое ж самае, што намаляваць думку. Ды такую, што вызначаецца мастацкай эмацыйнасцю і народнай мудрасцю, выпрабаванай у стагоддзях. Да таго ж, прымаўкі, у адрозненне ад прыказак, набываюць сваю цэласную завершанасць толькі ў моўным кантэксце. Вось такім “кантэкстам” і павінен стаць мастак. Ды і наогул, адлюстроўваць тое, што бачыш, куды прасцей, чым тое, што думаеш. Аўтар экспазіцыі — наш зямляк з вёскі Міхайлаўка — пераканаўча думае фарбамі. Здаецца, упершыню мы не чуем, а… бачым вядомыя прымаўкі, прыказкі: “Пчолка рада квету, а чалавек — лету”, “Навошта той клад, калі ў хаце лад”, “Зяць любіць узяць”, “Хто скуль, а мы тутэйшыя”, “Увосень — у госці просім”, “Добрым людзям рады будзем”… А які дыяпазон удумлівага народнага настрою! Ад разважлівага назірання — да жартоўнага, нават сатырычнага. Жанры плаката, шаўкаграфіі, лінагравюры, акварэлі, сяброўскіх шаржаў дазваляюць многае ўвасобіць у лаканічныя, таксама народныя, цудоўна стылізаваныя пад лубок графічныя творы.

Мудрая прастата фальклору патрабуе такога ж мастацкага ўвасаблення. А гэта і выразнасць малюнку, і адчувальная дэкаратыўнасць, і тое, што называецца лапідарнасцю выяўленчай формы. Народнасць нельга ўявіць без спадчыннага адчування традыцый беларускага выяўленчага мастацтва, якія бяруць свой пачатак ці не з сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Можна прыгадаць віленскія выданні Францыска Скарыны і пазнейшыя лубачныя творы, прысвечаныя рэлігійным сюжэтам. Калісьці ў сваіх нататках аб творчасці Яўгена Бусла я ўжо адзначаў, што ён робіць тое, чаго не здолелі ці пабаяліся многія іншыя. Не сакрэт, што і зараз бытуе думка, быццам лубачнымі размалёўкамі звычайна займаюцца непрафесійныя мастакі. Але справа не ў жанры, а ў таленце. Ён жа ў Яўгена Бусла адметны і пераканаўчы. Мастак — народны па ўсёй сваёй сутнасці. Гэта адчуваецца ў яго акварэльных, а таксама напісаных алейнымі фарбамі карцінах, у графічных партрэтах Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа або ў творах паводле іх вершаў (“Будзе навальніца”, “Толькі ў сэрцы трывожным пачую”).

А ўвогуле Яўген Сямёнавіч стварае свае карціны розных жанраў тэматычнымі цыкламі. Гэта не толькі прыказкі і прымаўкі, але і мастацкія асацыяцыі паводле партызанскіх песень, пор года, вясёлага або нават саркастычнага стаўлення да нашага штодзённага жыцця. Апошняе найбольш характэрна для яго сатырычных плакатаў, якіх нямала прадстаўлена і на цяперашняй выстаўцы. Вось толькі некаторыя назвы, якія, што называецца, гавораць самі за сябе: “Пастаноў тых больш чым трэба…”, “Слімак у людзі выбіраўся”, “Дзяржаўным ён не даражыць”, “Бацькі сыночка пеставалі”, “Як ні ўшчувай — ён піць не кіне…”, “Акты і факты”… Многія з іх актуальныя і зараз, бо хабарніцтва, п’янства, бюракратызм, гультайства, праблемы экалогіі, маралі, этыкі — тэмы, на жаль, у пэўнай ступені спрадвечныя.

Калісьці вядомы мастацтвазнаўца Віктар Шматаў выказаў надзею, што менавіта Яўген Бусел стане класікам беларускай карыкатуры, бо яго працы прывабліваюць прастатой вырашэння тэмы і адметным лаканізмам. У іх надзвычай натуральна спалучаюцца рэалізм і ўмоўная форма выяўлення. Малюнак лёгкі і ў той жа час змястоўны. Колер дапамагае выказацца зместу. Сёння, знаёмячыся з рэтраспектыўнай экспазіцыяй Яўгена Бусла, мы можам з упэўненасцю сказаць, што пажаданне мастацтвазнаўцы спраўдзілася. Класічнасць многіх сатырычных (і не толькі!) твораў, якія мы бачым, бясспрэчная. І сілкуецца яна з родных, невычэрпных крыніц.

Застаецца толькі дадаць, што ўсю сваю выстаўку наш слынны зямляк падараваў Светлагорскай карціннай галерэі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск